Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Рэспубліканскі рэферэндум 1995 года
 
Апытанне
Не знойдзена запісаў
Вынiкi
КІРАЎНІК ДЗЯРЖАВЫ ВЫКАРЫСТАЎ ДЛЯ ЎМАЦАВАННЯ СВАІХ ПАЗІЦЫЙ
ХВАЛЮ МАСАВАЙ НАСТАЛЬГІІ ПА "СВЕТЛЫМ МІНУЛЫМ"



Рэспубліканскі рэферэндум, які адбыўся 14 мая 1995 года, праводзіўся ў адпаведнасці з пастановай Вярхоўнага Савета ад 13 красавіка 1995 года.

Рэферэндум праходзіў ва ўмовах сацыяльна-эканамічнага крызісу, які разам з дзікай інфляцыяй і падзеннем узроўню жыцця парадзіў масавую настальгію па адносна паспяховых часах "развітага сацыялізму". Гэтыя настроі былі выкарыстаныя прэзідэнтам Лукашэнкам для ўмацавання сваёй улады.

На абавязковы рэферэндум ён вынес наступныя пытанні:

Ці згодныя вы з наданнем рускай мове роўнага статусу з беларускай?

Ці падтрымліваеце вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?

Ці падтрымліваеце вы дзеянні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй?

Для прыняцця кансультацыйнага рашэння кіраўнік дзяржавы вынес на плебісцыт наступнае пытанне:

Ці згодныя вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у дзейную Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі?

Згодна са звесткамі Цэнтрвыбаркама, у галасаванні ўзялі ўдзел 64,8% выбаршчыкаў ад спісачнага складу.

За ўхвалу пытання "Ці згодныя вы з наданнем рускай мове роўнага статусу з беларускай?" прагаласавалі 4 017 273 чалавекі (83,3% выбаршчыкаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні).

За ўхвалу пытання "Ці падтрымліваеце вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?" прагаласаваў 3 622 851 чалавек (75,1%).

За ўхвалу пытання "Ці падтрымліваеце вы дзеянні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй?" прагаласаваў 4 020 001 чалавек (83,3%).

За ўхвалу пытання "Ці згодныя вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у дзейную Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі?" прагаласавалі 3 749 266 чалавек (77,7%).

Такім чынам, кіраўнік дзяржавы быў падтрыманы па ўсіх пытаннях, вынесеных на плебісцыт.

На думку незалежных назіральнікаў, вынікі гэтага рэферэндуму ўзмацнілі раскол у беларускім грамадстве. У прыватнасці, пад выглядам надання рускай мове роўнага статусу з беларускай фактычна пачалося выцісканне мовы тытульнай нацыі з шэрагу важнейшых сфер дзяржаўнага і грамадскага жыцця, рэзка знізілася яе прэстыжнасць. Апазіцыйна настроеная частка грамадзян таксама балюча ўспрыняла вяртанне да прасавецкай дзяржаўнай сімволікі. А падтрымка на плебісцыце курсу на эканамічную інтэграцыю з Расіяй, на думку апанентаў, была выкарыстаная для прасоўвання ідэі палітычнага яднання, якая паставіла пад пагрозу суверэнітэт Беларусі.



 
Рубрыкi