|
Рэспубліканскі рэферэндум 1996 года
|
|
Пошук
Аб выбарах
Усе кампаніі
|
Вынiкi
ПРЭЗІДЭНТ НАЗВАЎ РЭФЕРЭНДУМ БЕЗДАКОРНЫМ,
ЯГО ЎНУТРАНЫЯ АПАНЕНТЫ — СФАЛЬСІФІКАВАНЫМ, ЗАХАД — АНТЫДЭМАКРАТЫЧНЫМ 24 лістапада 1996 года ва ўмовах канфрантацыі паміж прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і Вярхоўным Саветам у Беларусі адбыўся рэспубліканскі рэферэндум. Каменем сутыкнення стала ініцыяванае кіраўніком дзяржавы пытанне аб дапаўненнях і змяненнях Канстытуцыі, скіраваных на пераразмеркаванне ўладных паўнамоцтваў на яго карысць. Агульным лікам на галасаванне вынеслі сем пытанняў: чатыры былі ініцыяваныя прэзідэнтам, тры — Вярхоўным Саветам. Адначасова ў 60 выбарчых акругах адбыліся паўторныя выбары ў Вярхоўны Савет Беларусі. Напярэдадні, 23 лістапада, Аляксандр Лукашэнка выдаў указ аб тым, што пытанні аб святкаванні Дня незалежнасці 3 ліпеня і аб змяненнях і дапаўненнях Канстытуцыі, прапанаваных прэзідэнтам, выносяцца на абавязковы рэферэндум і маюць абавязковую сілу (пры тым што раней пагадненнем паміж кіраўніком дзяржавы і Вярхоўным Саветам быў вызначаны кансультатыўны характар галасавання па канстытуцыйным пытанні). Паводле даных Цэнтрвыбаркама, у галасаванні на рэферэндуме ўзялі ўдзел 84,14% выбаршчыкаў, уключаных у спісы для галасавання. Афіцыйныя вынікі галасавання па пытаннях, што вынес прэзідэнт, наступныя (па пытаннях прыняцця Канстытуцыі вынікі дадзены зыходзячы з колькасці грамадзян, унесеных у спісы для галасавання, а па астатніх пытаннях — зыходзячы з колькасці грамадзян, якія ўзялі ўдзел у галасаванні): — за перанос Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дня Рэспублікі) на 3 ліпеня — дзень вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне прагаласавалі 5 450 830 чалавек, або 88,18%; — за прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі (новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), прапанаванымі прэзідэнтам, прагаласавалі 5 175 664 чалавекі, або 70,45%; — за ўхваленне пытання "Ці выступаеце Вы за свабодную, без абмежаванняў, куплю і продаж зямлі?" прагаласавалі 948 756 чалавек, або 15,35%, супраць — 5 123 386 чалавек, або 82,88%; — за ўхваленне пытання "Ці падтрымліваеце Вы адмену пакарання смерцю ў Рэспубліцы Беларусь?" прагаласавалі 1 108 226 чалавек, або 17,93%, супраць — 4 972 535 чалавек, або 80,44%. Вынікі галасавання па пытаннях, вынесеных дэпутатамі Вярхоўнага Савета, наступныя: — за прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі, прапанаванымі дэпутатамі фракцый камуністаў і аграрыяў, прагаласавалі 582 437 чалавек, або 7,93%, супраць — 5 230 763 чалавекі, або 71,2%; — за ўхваленне пытання "Ці выступаеце вы за тое, каб кіраўнікі мясцовых органаў выканаўчай улады выбіраліся непасрэдна жыхарамі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі?" прагаласавалі 1 739 178 чалавек, або 28,14%, супраць — 4 421 866 чалавек, або 69,92%; — за ўхваленне пытання "Ці згодны вы, што фінансаванне ўсіх галін улады павінна ажыццяўляцца публічна і толькі з дзяржаўнага бюджэту?" прагаласавалі 1 989 252 чалавекі, або 32,18%, супраць — 4 070 261 чалавек, або 65,85%. Назіральнікі ад партый і грамадскіх арганізацый зафіксавалі ў ходзе плебісцыту (папярэдняе галасаванне на якім працягвалася беспрэцэдэнтна доўга — з 9 па 23 лістапада) вялікую колькасць парушэнняў. Палітычныя апаненты кіраўніка дзяржавы заявілі аб фальсіфікацыі вынікаў рэферэндуму. Тым не менш, з дня публікацыі — 27 лістапада 1996 года — прапанаваная кіраўніком дзяржавы новая рэдакцыя Канстытуцыі набыла моц. Прэзідэнт падпісаў закон "Аб спыненні паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання". Таксама кіраўнік дзяржавы сваім указам ухваліў спіс дэпутатаў Вярхоўнага Савета, уключаных у склад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Згодна з указам, у склад Палаты прадстаўнікоў увайшло 110 былых дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Краіны Захаду і шраг міжнародных арганізацый негатыўна ацанілі ход і вынікі рэферэндуму. Так, 26 лістапада 1996 года прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Нікалас Бернс заявіў, што, мяркуючы па ўсіх ацэнках, рэферэндум, праведзены Аляксандрам Лукашэнкам, стаў "падманам беларускага народа". Паводле слоў Бернса, Злучаныя Штаты не змогуць мець "нармальныя пазітыўныя адносіны з урадам, які з'яўляецца антыдэмакратычным па сваёй сутнасці". Менавіта пасля гэтага рэферэндуму пачалося рэзкае пагаршэнне адносін паміж афіцыйным Мінскам і міжнароднай дэмакратычнай супольнасцю. |
Кандыдаты
|
|
|
|