Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Рэспубліканскі рэферэндум 1996 года
 
Хронiка

121 ДЭПУТАТ ВЯРXОЎНАГА САВЕТА ЗАЯВIЎ АБ СВАЁЙ ГАТОЎНАСЦI ПРАЦАВАЦЬ У НIЖНЯЙ ПАЛАЦЕ НОВАГА ПАРЛАМЕНТА

Аўтар: Уладзiмiр ГЛОД, БелаПАН.

Мiнск, 27 лiстапада. У другой палове дня дэмакратычная меншасць дэпутатаў Вярхоўнага Савета зноў сабралася ў Авальнай зале парламента, каб заслухаць iнфармацыю члена Прэзiдыума Вярхоўнага Савета Сямёна Домаша. Ён быў накiраваны ў будынак былога ЦК ЛКСМБ, дзе засядае большая частка дэпутатаў Вярхоўнага Савета, якiя падтрымлiваюць прэзiдэнта. Па словах, С.Домаша, у "новым" парламенце, дзе зарэгiстраваны 121 дэпутат, ён атрымаў слова i зачытаў зварот Прэзiдыума Вярхоўнага Савета. Ён, у прыватнасцi, прапанаваў сваiм калегам вярнуцца ў Авальную залу. Ад iмя накiраваўшых яго парламентарыяў Домаш гарантаваў дэпутацкай большасцi, што ў выпадку iх удзелу ў агульным парламенцкiм пасяджэннi яны не будуць падвяргацца асобасным выпадам. Акрамя таго, ён нагадаў аб тым, што па Законе аб Вярхоўным Савеце пасяджэннi павiнны праходзiць у Авальнай зале. Калегi Домаша, па яго словах, прынялi да ведама яго паведамленне. Аднак, у сваю чаргу, запрасiлi ў залу, дзе яны засядаюць, дэпутатаў, якiя знаходзяца ў Авальнай зале. Як лiчаць юрысты, прыняць пастанову аб спыненнi паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета 13-га склiкання можна толькi дзвюма трэцiмi галасоў ад iх агульнай колькасцi.
Парламенцкая большасць прыняла сёння зварот да прэзiдэнта з просьбай вырашыць пытанне з працаўладкаваннем тых дэпутатаў, хто не трапiць у нiжнюю палату. Прыкметна, што, па словах Сямёна Домаша, кожны са 121 дэпутата падпiсаў заяву аб сваiм жаданнi ўвайсцi ў Палату прадстаўнiкоў.
Станiслаў Шушкевiч заклiкаў сваiх калег, якiя прытрымлiваюцца законаў i Канстытуцыi, 28 лiстапада а 10-й гадзiне ранiцы зноў сабрацца ў Авальнай зале.