Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Рэспубліканскі рэферэндум 1996 года
 
Хронiка

У СВАIМ СТАЎЛЕННI ДА ВЫНIКАЎ БЕЛАРУСКАГА РЭФЕРЭНДУМУ ПРАДСТАЎНIКI САВЕТА ЕЎРОПЫ ЗЫXОДЗЯЦЬ З ТАГО, ШТО ЯГО РАШЭННI НОСЯЦЬ КАНСУЛЬТАТЫЎНЫ XАРАКТАР


1996-11-27 15:00

Аўтар: Уладзiмiр ГЛОД, БелаПАН.

Мiнск, 27 лiстапада. Ранiцай 27 лiстапада Старшыня Вярхоўнага Савета Беларусi Сямён Шарэцкi сустрэўся з дэлегацыяй Савета Еўропы, якая завяршае сваё знаходжанне ў Мiнску. Паводле звестак БелаПАН, падчас сустрэчы С.Шарэцкi заявiў, што Рэспублiка Беларусь перажывае трагiчныя днi. Ён расказаў членам дэлегацыi аб тым становiшчы, у якiм праходзiў рэферэндум, i, у прыватнасцi, аб шматлiкiх выпадках парушэння заканадаўства як падчас падрыхтоўкi, так i пры правядзеннi плебiсцыту. Спiкер адзначыў, што "беларускае грамадства знаходзiцца ў здранцвеннi i толькi-толькi пачынае выходзiць з шоку", а таксама выказаў спадзяванне на тое, што хутка сiтуацыя ў Беларусi зменiцца. Па словах С.Шарэцкага, беларускае грамадства раскалолася па розных накiрунках - на прыхiльнiкаў i працiўнiкаў прэзiдэнта; па веравызнаннi, паколькi Лукашэнка пастаянна дэманструе падтрымку толькi праваслаўя; па ўзросту, бо прэзiдэнт абяцае даброты моладзi за кошт ветэранаў, а ветэранам - за кошт моладзi i гэтак далей.
Старшыня Вярхоўнага Савета звярнуўся за дапамогай да аўтарытэтнай мiжнароднай арганiзацыi, заўважыўшы, што наўрад цi сусветнай супольнасцi патрэбна "такая чорная дзiрка ў цэнтры Еўропы". Тое, што, знаходзячыся ў Еўропе, Беларусь не стала паўнапраўным членам еўрапейскай сям'i, гэта, на думку спiкера, "i наша бяда, i наша вiна".
Кiраўнiк дэлегацыi Савета Еўропы Тадэвуш Iвiньскi заявiў, што, на думку ўсiх членаў дэлегацыi, вынiкi рэферэндуму павiнны несцi не абавязковы, а кансультатыўны характар. "Беларусi будзе закрыты шлях у Савет Еўропы да тае пары, пакуль яна не будзе адпавядаць звычайным стандартам для членства ў нашай арганiзацыi", - сказаў ён. Т.Iвiньскi таксама адзначыў, што калi ў складзе пастаяннай дэлегацыi Рэспублiкi Беларусь у Савеце Еўропы адбудуцца персанальныя змяненнi, то Савет Еўропы, хутчэй за ўсё, зробiць з Беларуссю так, як гэта было зроблена у 1992 годзе з Югаславiяй, - пазбавiць яе статусу спецыяльна запрошанага члена.
Пасля сустрэчы С.Шарэцкага з прадстаўнiкамi Савета Еўропы адбылася кароткая прэс-канферэнцыя, падчас якой члены дэлегацыi звярнулi ўвагу на тое, што парушэнне правоў i свабод у Беларусi праяўляецца перш за ўсё ў сферы раздзялення ўладаў i сродках масавай iнфармацыi.