Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Вынiкi
 
Хронiка

ПА СЛОВАX ВАЛЕРЫЯ ЦIXIНI, НIXТО НЕ ДАВАЎ ПРЭЗIДЭНТУ ПРАВА АДМЯНЯЦЬ ЦI ПРЫПЫНЯЦЬ РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА


1996-11-9 14:00

Аўтар: Уладзiмiр ТРАЦЦЯКОЎ, БелаПАН.

Мiнск, 9 лiстапада. Сваiм указам ад 7 лiстапада "Аб забеспячэннi канстытуцыйнага права грамадзян на ўдзел у рэферэндуме" прэзiдэнт А.Лукашэнка, па сутнасцi, адмянiў заключэнне Канстытуцыйнага суда, згодна з якiм праекты змяненняў i дапаўненняў, прадстаўленыя кiраўнiком дзяржавы i групай дэпутатаў, могуць быць вынесены толькi на неабавязковы, кансультацыйны, рэспублiканскi рэферэндум.
Кадэкс гонару канстытуцыйнага суддзi не дазволiў Валерыю Цiхiню даваць нейкiя ацэнкi прэзiдэнцкаму ўказу, - менавiта таму, што апошнi таксама можа стаць прадметам разгляду ў Канстытуцыйным судзе. У той жа час у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН кiраўнiк КС заявiў наступнае: "Нiхто не даваў права прэзiдэнту адмяняць цi прыпыняць рашэнне Канстытуцыйнага суда. Згодна з артыкулам 129 Канстытуцыi, яны з'яўляюцца канчатковымi, абскарджанню i апратэставанню не падлягаюць. Не выпадкова гэтая канстытуцыйная норма выносiцца намi ў кожнае заключэнне Канстытуцыйнага суда". На пытанне аб тым, як трэба дзейнiчаць Цэнтральнай выбарчай камiсii, каб не пераступiць закон, В.Цiхiня адказаў: "Вельмi проста: трэба дзейнiчаць згодна з пастановай Вярхоўнага Савета, якi 6 лiстапада прывеў сваю ранейшую пастанову ад 6 верасня ў адпаведнасць з рашэннем Канстытуцыйнага суда. У гэтай пастанове адзначаецца, што на абавязковы рэспублiканскi рэферэндум выносяцца толькi два пытаннi - аб Днi незалежнасцi i аб фармiраваннi мясцовай улады".