Хронiка
СЯРГЕЙ КАЛЯКIН ЛIЧЫЦЬ, ШТО ЎЛАДЫ ПАРУШАЮЦЬ АДЗIН З НАЙВАЖНЕЙШЫX ПРЫНЦЫПАЎ ПРАВЯДЗЕННЯ РЭФЕРЭНДУМУ
1996-11-7 15:00
Аўтар: Вячаслаў БУДКЕВIЧ, БелаПАН.
Мiнск, 7 лiстапада. "У Беларусi парушаецца адзiн з найважнейшых прынцыпаў правядзення рэспублiканскага рэферэндуму - роўнасць бакоў у прапагандзе як "за", так i "супраць" таго, што выносiцца на ўсенароднае абмеркаванне", - заявiў у гутарцы з журналiстамi падчас мiтынгу левых сiл у Мiнску лiдэр Партыi камунiстаў беларускай Сяргей Калякiн. Менавiта гэта можа з'явiцца прычынай таго, што значная частка грамадзян выкажацца ў падтрымку Прэзiдэнта i яго праекта Канстытуцыi. Па словах С.Калякiна, гэта будуць людзi, якiя маюць аднабокую iнфармацыю пра тое, што адбываецца ў краiне, людзi, якiя глядзяць толькi беларускае тэлебачанне i чытаюць толькi падкантрольныя дзяржаве газеты. Адначасова С.Калякiн адзначыў, што пасля размоў з людзьмi, асаблiва гэта тычыцца сустрэч у рэгiёнах, нават "самыя ярыя прыхiльнiкi сённяшняй улады, даведваючыся праўду, вельмi моцна задумваюцца, а значная частка - адназначна робiць выснову, што нельга галасаваць за тое, што сёння прапаноўваецца па Канстытуцыi". Сяргей Калякiн заклiкаў людзей знайсцi час i прачытаць выносiмы на рэферэндум прэзiдэнцкi праект змяненняў i дапаўненняў у Асноўны закон дзяржавы, "а не крычаць "адабрамс" бязмежна давяраючы Прэзiдэнту". На думку С.Калякiна, "любы цвярозадумаючы чалавек за прэзiдэнцкi праект галасаваць не будзе".