|
Вынiкi
|
|
Пошук
Аб выбарах
Усе кампаніі
|
Хронiка
НА АБАВЯЗКОВЫ РЭФЕРЭНДУМ ВЫНОСЯЦЦА ПЫТАННI АБ ПЕРАНОСЕ ДНЯ НЕЗАЛЕЖНАСЦI I АБ АБРАННI КIРАЎНIКОЎ МЯСЦОВЫX АДМIНIСТРАЦЫЙ НАСЕЛЬНIЦТВАМ АДПАВЕДНЫX РЭГIЁНАЎ
У самым пачатку пасяджэння слова папрасiў кiраўнiк Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Мiхаiл Мяснiковiч, каб зачытаць спецыяльнае пасланне прэзiдэнта да парламента. Цытуем з нязначнымi скарачэнням: "Мною рабiлiся ўсе прадугледжаныя заканадаўствам захады для правядзення рэферэндуму 24 лiстапада 1996 года ў абстаноўцы стабiльнасцi, узаемаразумення i ў строгай адпаведнасцi з Канстытуцыяй i законамi Рэспублiкi Беларусь. Неаднаразовыя спробы выштурхнуць прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь за рамкi прававога поля i прымусiць да парушэння заканадаўства не далi поспеху. Больш за тое, я неаднаразова iшоў на кампрамiсы, якiя мне прапаноўвалiся, каб не дапусцiць канфрантацыi i абвастрэння абстаноўкi ў грамадстве. Аднак Старшынёй Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь пры падтрымцы апазiцыйных прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь сiлаў была арганiзавана чарговая акцыя, накiраваная на недапушчэнне правядзення рэферэндуму ў адпаведнасцi з пастановай Вярхоўнага Савета... Дзейнiчаючы насуперак волi Вярхоўнага Савета, якая выразiлася ў яго рашэннях, С.Г.Шарэцкi прымусiў Канстытуцыйны суд Рэспублiкi Беларусь разгледзець па ўласнай iнiцыятыве справу аб адпаведнасцi важнейшых палажэнняў указанай пастановы... Канстытуцыi i законам i праз сваiх прадстаўнiкоў зрабiў усё магчымае для iх адмены. Разгляд дадзенай справы i прынятае Канстытуцыйным судом рашэнне груба парушаюць Канстытуцыю i законы Рэспублiкi Беларусь. Пры гэтым Канстытуцыйны суд, разглядаючы акты, якiя не носяць нарматыўнага характару, i робячы заключэннi, не заснаваныя на Канстытуцыi i законах, далёка выйшаў за рамкi прадастаўленых яму паўнамоцтваў. У вынiку народ аказаўся пазбаўленым канстытуцыйнага права прымаць рашэннi, абавязковыя для ўсiх дзяржаўных органаў, а Канстытуцыйны суд выканаў ролю, адведзеную яму працiўнiкамi народнага волевыяўлення. У сувязi з гэтым я прапаноўваю Вярхоўнаму Савету Рэспублiкi Беларусь праявiць дзяржаўную мудрасць i прыпынiць неканстытуцыйныя спробы, накiраваныя на перагляд нормаў пастановы Вярхоўнага Савета... Са свайго боку, у адпаведнасцi з прадастаўленымi прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь канстытуцыйнымi паўнамоцтвамi, зраблю ўсё неабходнае для выканання Канстытуцыi, законаў Рэспублiкi Беларусь i рашэння Усебеларускага народнага сходу пры падрыхтоўцы i правядзеннi рэферэндуму, у тым лiку абавязковага рэферэндуму па пытаннi аб прыняццi прапанаванай мною новай рэдакцыi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь..." Да паслання прэзiдэнта быў прыкладзены ўказ N 455 аб парадку ўступлення ў сiлу рашэнняў рэспублiканскiх рэферэндумаў аб змяненнi i дапаўненнi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, падпiсаны 5 лiстапада. Згодна з дадзеным дакументам, змяненннi i дапаўненнi Канстытуцыi могуць быць праведзеныя праз абавязковы рэспублiканскi рэферэндум, калi за iх прагаласавала большасць грамадзян, унесеных у спiсы для галасавання. Рашэнне, прынятае абавязковым рэспублiканскiм рэферэндумам аб змяненнi i дапаўненнi Канстытуцыi, згодна з указам, з'яўляецца канчатковым i ў зацвярджэннi не мае патрэбы. Рашэнне, прынятае на рэферэндуме, уступае ў сiлу праз 10 дзён пасля яго афiцыйнага апублiкавання. Прэзiдэнт прапанаваў таксама вынесцi на рэферэндум толькi чатыры свае пытаннi, прычым змяненнi i дапаўненнi ў Канстытуцыю павiнны былi насiць абавязковы характар. Парламент, у сваю чаргу, унёс свой праект пастановы, па якiм на абавязковы рэферэндум выносiлiся толькi пытаннi аб пераносе Дня незалежнасцi i аб абраннi кiраўнiкоў мясцовых адмiнiстрацый насельнiцтвам адпаведных рэгiёнаў. На шматлiкiя рэплiкi дэпутатаў не спяшацца i не прымаць 5 лiстапада канчатковага рашэння старшыня Цэнтрвыбаркама Вiктар Ганчар заявiў, што ў такiм выпадку пачатак галасавання 9 лiстапада (датэрмiновае галасаванне для асобных катэгорый выбаршчыкаў) стане немагчымым. Гэта звязана з тым, што 5 лiстапада на 19 гадзiн было назначана пасяджэнне Цэнтрвыбаркама, на якiм павiнны быць вызначаны канчатковыя формы бюлетэняў для галасавання. Дэпутат Касцян заявiў, што Вярхоўны Савет парушыў Канстытуцыю, назначыўшы рэферэндум на 24 лiстапада, i прапанаваў запрасiць у Авальную залу Генпракурора, каб арыштаваць Прэзiдыум Вярхоўнага Савета. Ён, па словах Касцяна, падштурхнуў дэпутацкi корпус на прыняцце рашэння аб правядзеннi рэферэндуму 24 лiстапада. Iван Пашкевiч заявiў, што канчатковую пастанову прымаць нельга, не даўшы тлумачэння 127-му артыкулу Канстытуцыi. Па яго падлiках, у заключэннi Канстытуцыйнага суда ад 4 лiстапада ёсць восем супярэчнасцяў. В.Ганчар заявiў, што пасяджэнне Цэнтрвыбаркама было назначана на 5 лiстапада пасля шасцiгадзiнных дэбатаў на мiнулым пасяджэннi па настойлiвай просьбе Мiхаiла Мяснiковiча. На гэта кiраўнiк Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта заявiў, што пасяджэнне Цэнтрвыбаркама можна перанесцi на больш познi тэрмiн. Кiраўнiк фракцыi "Згода" Уладзiмiр Канаплёў выказаўся вельмi арыгiнальна: "Калi мы i зараз не падтрымаем прэзiдэнта,... я купляю лыжы i iду на зiмоўку... гэта значыць самараспускаюся". Вельмi рэзкiм было выступленне старшынi камiсii па мiжнародных справах Пятра Краўчанкi. Звяртаючыся да Мiхаiла Мяснiковiча, ён адзначыў, што яшчэ ў канцы лiпеня Беларусь уяўляла сабой спакойную нармальную дзяржаву. Праз чатыры месяцы "паўсюль пачалi шукаць ворагаў". "Прэзiдэнту не патрэбна палiтычная стабiльнасць - яму патрэбна ўлада", - сказаў П.Краўчанка. Даючы каментарый рашэнню Канстытуцыйнага суда, намеснiк старшынi КС Валерый Фадзееў заявiў: "Мы не падштурхваем да таго, якi павiнен быць рэферэндум: абавязковы цi кансультацыйны". 102-ма галасамi "за" за аснову быў прыняты парламенцкi праект пастановы. Пры паартыкульным галасаваннi першая частка першага пункта пастановы была прынятая адразу; для прыняцця другой часткi, змястоўнай, не хапiла ўсяго толькi аднаго голасу. Пасля гэтага вiцэ-спiкер Генадзь Карпенка прапанаваў разбiць яе на дзве часткi. Першая была прынятая 103-ма галасамi "за". Яна абвяшчае: "У адпаведнасцi з артыкуламi 1, 14, 39 Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб народным галасаваннi (рэферэндуме) Рэспублiкi Беларусь" пытаннi, прадугледжаныя пунктамi 2.1 i 2.6 (аб пераносе даты Дня незалежнасцi з 27 лiпеня на 3 лiпеня i аб абраннi кiраўнiкоў мясцовых органаў выканаўчай улады непасрэдна жыхарамi адпаведнай адмiнiстратыўна-тэрытарыяльнай адзiнкi. - БелаПАН) гэтай пастановы, выносяцца на абавязковы рэферэндум". Для прыняцця другой часткi ("пытаннi, прадугледжаныя пунктамi 2.2, 2.3, 2.4, 2.5 i 2.7, - на кансультацыйны рэферэндум, рашэннi якога маюць рэкамендацыйны характар") зноў жа не хапiла толькi аднаго голасу. I.Пашкевiч прапанаваў сваё выйсце з сiтуацыi, дадаўшы да двух пытанняў, якiя выносяцца на абавязковы рэферэндум, трэцяе - прэзiдэнцкi праект Канстытуцыi. Аднак за яго прагаласавалi толькi 54 дэпутаты. Вiцэ-спiкер Генадзь Карпенка ў гэтай сiтуацыi прапанаваў прагаласаваць за пастанову ў цэлым без пералiку пытанняў, якiя выносяцца на кансультацыйны рэферэндум. Гэтую прапанову падтрымалi роўна 100 дэпутатаў. |
|
|
|