Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Рэспубліканскі рэферэндум 1996 года
 
Аналiтыка

Рэферэндум як сродак прадухіліць масавыя выступленні працоўных

Уладзімір ГЛОД, журналіст, Уладзімір ГЛОД, журналіст

Днямі прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў пра намер правесці 7 лістапада 1996 года чарговы ўсебеларускі рэферэндум. Калі гэтая заява ўвасобіцца ў жыццё, то мы станем сведкамі ўжо другога ўсенароднага апытання ў нашай незалежнай дзяржаве. Першае, як вядома, адбылося 14 мая мінулага года.


Праўда, у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь пытанні на рэферэндум (у выпадку прэзідэнцкай ініцыятывы) спачатку павінны "прайсці" праз парламент. Вярхоўны Савет, паводле заканадаўства, устанаўлівае і тэрміны правядзення рэферэндуму. Аднак падобна на тое, што на гэтыя акалічнасці прэзідэнт не звяртае ўвагі. Памятаецца, як летась Аляксандр Рыгоравіч неаднаразова заяўляў: калі Вярхоўны Савет не вызначыць час правядзення рэферэндуму, я прызначу яго асабіста. Хутчэй за ўсё, так і здарылася б, калі б ён не "даціснуў" парламентарыяў.

Асаблівасць цяперашняй сітуацыі яшчэ і ў тым, што па законе тэрміны правядзення агульнарэспубліканскага галасавання Вярхоўны Савет павінен зацвердзіць не пазней чым за два месяцы да яго правядзення. Такім чынам, парламентарыі трапляюць у цэйтнот. Бо другую сесію Вярхоўнага Савета плануецца склікаць трэцяга верасня. Калі браць за пункт адліку сёмае лістапада, то атрымліваецца, што дэпутаты павінны прыняць рашэнне на працягу першых трох дзён працы сесіі. А ў такой спешцы якасць прыманых рашэнняў можа сур'ёзна пацярпець.

Аналітыкі з каманды Лукашэнкі, відаць, усё добра пралічылі. Чацвер, 7 лістапада, дзякуючы рашэнню дэпутатаў папярэдняга склікання зноў стаў у Беларусі "чырвоным днём календара", дзяржаўным святам. Многія ветэраны, адсвяткаваўшы чарговую гадавіну Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, дружна накіруюцца на выбарчыя ўчасткі, каб падтрымаць такі любімы іх сэрцам сацыялізм. А значыць, і прагаласуюць так, як гэта патрэбна Аляксандру Лукашэнку.

У Бабруйску прэзідэнт не называў пытанні, якія ён мае намер вынесці на ўсенароднае апытанне. Паводле папярэдніх звестак з колаў, блізкіх да Адміністрацыі прэзідэнта, такіх пытанняў будзе чатыры. Праўда, не выключаецца і з'яўленне ў бюлетэнях для галасавання яшчэ аднаго-двух пытанняў кансультатыўнага характару.

Першае пытанне, як мяркуецца, будзе скіравана на змяненне Канстытуцыі ў плане павелічэння тэрміну знаходжання на пасадзе прэзідэнта Беларусі з пяці да сямі гадоў. Менавіта столькі гадоў знаходзіцца ва ўладзе прэзідэнт Французскай Рэспублікі — гэта і будзе адно з запазычанняў з "французскай дэмакратыі", аб неабходнасці якіх Аляксандр Лукашэнка заявіў пасля завяршэння свайго візіту ў Парыж.

Другое пытанне — аб стварэнні ў Беларусі двухпалатнага парламента па расійскім узоры. У верхняй палаце будуць знаходзіцца прадстаўнікі мясцовай выканаўчай улады, гэта значыць людзі прэзідэнта, у ніжняй — цяперашнія дэпутаты Вярхоўнага Савета. У трэцім пытанні рэферэндуму, як чакаецца, грамадзянам Беларусі будзе прапанавана даць адказ на пытанне, ці згодныя яны з тым, каб Канстытуцыйны суд рэспублікі фарміраваўся не толькі Вярхоўным Саветам, але і прэзідэнтам: шэсць суддзяў выбіраў бы парламент, шэсць — прызначаў бы прэзідэнт. Нарэшце, чацвёртае пытанне — аб надзяленні прэзідэнта паўнамоцтвамі прызначаць членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Кажучы спартыўнай мовай, Аляксандр Лукашэнка гуляе на апярэджанне. Вярхоўны Савет, як вядома, меў намер правесці ў канцы лістапада давыбары ў парламент. Але калі жыхары краіны станоўча адкажуць на другое пытанне рэферэндуму — аб стварэнні двухпалатнага парламента, — праводзіць давыбары не будзе ніякага сэнсу. У цэлым жа рэферэндум будзе скіраваны на ўмацаванне ўлады прэзідэнта праз надзяленне яго дадатковымі паўнамоцтвамі.

Варта зазначыць, што ў дадзеным выпадку асаблівую ролю адыгрывае праяўленае дэмакратычнымі партыямі і парламенцкімі фракцыямі прамаруджванне. У іх стане даўно раздаваліся галасы аб неабходнасці самастойна ўзняць пытанне аб рэферэндуме і прапанаваць на яго свае пытанні. Але асобныя галасы не зліліся ў хор.

Станіслаў Багданкевіч, лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі, у сваю чаргу выказваўся ў тым сэнсе, што, калі прэзідэнт ініцыюе рэферэндум, дэмакраты будуць дамагацца ўключэння ў бюлетэні для галасавання новых пытанняў. У прыватнасці, аб абранні кіраўнікоў мясцовай улады ўсімі жыхарамі рэгіёна, аб задавальненні жыхароў Беларусі сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі і г.д. Аднак наўрад ці прэзідэнт будзе спакойна глядзець на гэтую спробу "адабраць" у яго вертыкаль і аргумент аб народнай падтрымцы яго курсу.

Па вялікім рахунку, прэзідэнту рэферэндум патрэбны для павышэння свайго рэйтынгу, для падаўжэння магчымасці спасылацца на "меркаванне народа", для ўмацавання сваёй улады. Аднак гэта — мэты стратэгічныя. Тактычныя ж мэты — падоўжыць сваё гарантаванае знаходжанне ва ўладзе і прадухіліць восеньскія выступленні працоўных. Уціхамірыць іх усё большую незадаволенасць лягчэй за ўсё, адцягваючы ад эканамічных праблем. І лепшым сродкам гэтага будзе нагнятанне палітычных страсцей вакол рэферэндуму.