Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Рэспубліканскі рэферэндум 1996 года
 
Аналiтыка

Народ гатовы ахвяраваць свабодай дзеля парадку


1996-12-30

Аўтар: Валер КАРБАЛЕВІЧ, кандыдат філасофскіх навук

Рэферэндум, што адбыўся ў Беларусі 24 лістапада, — паваротны рубеж беларускай гісторыі. А магчыма, не толькі беларускай? Магчыма, гэта сігнал аб пачатку краху ліберальна-дэмакратычных рэформаў на ўсёй постсавецкай прасторы? Ці ўсё ж гэта нейкі анамальны гістарычны звіх?


Рэферэндум паказаў, што беларускае грамадства ўсё яшчэ мала вывучанае, і падзеі, што адбыліся, асвятлілі некаторыя новыя грані нашых уяўленняў пра яго.

Пра фальсіфікацыі пры галасаванні напісана шмат, так што з гэтым, нібыта, усё ясна.

Але і сацыёлагі, на якіх іншым разам спасылаюцца, даказваючы факт фальсіфікацыі, сцвярджаюць, што напярэдадні рэферэндуму 62,1 працэнта насельніцтва Беларусі гатовы падтрымаць праект Канстытуцыі Лукашэнкі.

Праўда, гэта зусім не прадвызначала перамогу прэзідэнта. Невядома, якая частка яго прыхільнікаў прыйшла б на выбары, калі б не было ідэалагічнага насілля з боку ўладаў.

У любым выпадку ўзнікае шэраг пытанняў. Чаму члены выбарчых камісій не пабаяліся пайсці на парушэнне законаў і здзяйсненне крымінальна каральных дзеянняў? Чаму грамадства стала падатлівым да прапаганды і прамых пагрозаў, чаму гэта не выклікала адваротную рэакцыю і людзі ніяк не супраціўляліся ціску ўладаў? Чаму хоць нязначная частка насельніцтва не абурылася масавымі фальсіфікацыямі, як гэта адбылося ў Арменіі або Сербіі?

Адказы на некаторыя з гэтых пытанняў ляжаць на паверхні. Апазіцыя была цалкам блакаваная, не мела доступу да масавых СМІ. Лукашэнка таленавіта выкарыстаў сваю бясспрэчную харызму і свядома распаліў агонь канфрантацыі да неверагоднага накалу.

Ён выкарыстаў вобраз абаронцы прыгнечаных і прыніжаных, якога акружылі і цкуюць, які ўвесь час просіць дапамогі ў народа. У большасці беларускага насельніцтва адсутнічае імунітэт супраць такіх метадаў прапаганды.

У Беларусі была паспяхова — для яе кіраўніцтва — прымененая такая сістэма, як інфармацыйны таталітарызм. Тое, аб чым папярэджвалі пісьменнікі-фантасты, футуролагі і філосафы, было рэалізавана ў нас на практыцы. У гэтым сэнсе рэферэндум у Беларусі з'яўляецца сур'ёзным папярэджаннем усяму цывілізаванаму свету: манаполія на электронныя СМІ — глабальная пагроза дэмакратыі.

Рэферэндум паказаў, што ў Беларусі захаваліся ўсе асноўныя элементы савецкага грамадства з усімі яго характэрнымі рысамі. У гэтым грамадстве з яго старой эканамічнай асновай валадараць не матэрыяльныя і палітычныя інтарэсы, якія ўсё яшчэ не ўсведамляюцца большасцю насельніцтва, а ідэалагічныя стэрэатыпы і эмацыянальна-псіхалагічныя інстынкты.

Апошнія падзеі паказалі, што савецкае грамадства не толькі не распадаецца, а аднаўляецца на новай, нейкай паўрыначнай аснове. Улады паспяхова інтэгруюць структуры грамадзянскай супольнасці, што нараджаюцца, новыя сацыяльныя слаі ў дзяржаўную інфраструктуру, бяруць іх пад свой кантроль. Напрыклад, прэзідэнцкая вертыкаль поўнасцю падпарадкавала сабе прадпрымальнікаў.

Дзяржаўнай уладай практычна перакрыты крыніцы самаразвіцця грамадства. Сфарміраваная мадэль, дзе рыначныя элементы развіваюцца толькі па дазволе дзяржструктур, дастаткова ўстойлівая, бо нават такі ўсечаны "рынак" дадае жыццяздольнасці. Зараз, пасля рэферэндуму, пачаліся адладка і настройка ўсіх аўтаномных сегментаў, у выніку чаго ўзнікае самадастатковая сістэма, якая ўзнаўляе саму сябе. Галоўная пагроза для такіх рэжымаў зыходзіць звонку.

Тое, што адбылося ў Беларусі ў апошнія два з паловай гады, аналітыкі вызначаюць па-рознаму: "папулісцкая рэвалюцыя", "электаральная рэвалюцыя". Можна прапанаваць ячшэ адно азначэнне: кансерватыўная рэвалюцыя.

Справа ў тым, што да пачатку гарбачоўскай перабудовы ў Беларусі, у адрозненне ад іншых камуністычных краін, ранейшая сістэма сябе не вычарпала. Грамадства не выспела для рэформ. Таму дэмакратызацыя і рэфармаванне пачаліся тут не натуральна, не арганічна, на ўласнай аснове, а былі прынесеныя звонку, з Масквы.

Адбыўся "імпарт" рэформ. Калі для камуністычных краін Цэнтральнай Еўропы, рэспублік Балтыі дастаткова было слабога сігналу са сталіцы СССР, каб ранейшыя рэжымы хутка разваліліся, то ў Беларусі, наадварот, грамадства ўсяляк супраціўлялася змяненням з Цэнтра.

У выніку мы атрымалі не проста кансерватыўныя настроі, гэта значыць імкненне захаваць статус-кво, а настальгічны кансерватызм, гэта значыць жаданне вярнуцца назад, у мінулае, у Савецкі Саюз і сацыялізм, да ранейшай палітычнай сістэмы. Гэта ўжо кансерватыўны радыкалізм, экстрэмізм і фундаменталізм.

Па-іншаму гэта можна назваць кансерватыўнай рэвалюцыяй або кансерватыўнай рэакцыяй, як каму больш падабаецца. У гэтым сэнсе вяртанне ў беларускую палітку былых кіраўнікоў КПБ-КПСС Малафеева і Сакалова, што адбылося пасля рэферэндуму, вельмі сімвалічна.

Дагэтуль да канца не асэнсаваны раскол ПКБ і стварэнне (або ўзнаўленне) КПБ. Камуністычная партыя Беларусі — гэта беларускі варыянт расійскай партыі Анпілава. Менавіта камуністычныя артадоксы ў Расіі (Анпілаў, Цюлькін, Андрэева) выступаюць за ліквідацыю самой ідэі парламентарызму. Але там яны з'яўляюцца пазасістэмнай апазіцыяй. У Беларусі ж аналагічную палітычную пазіцыю займае прэзідэнт, а КПБ робіцца, пры жаданні кіраўніка дзяржавы, прапрэзідэнцкай партыяй.

Як выявілася, тактычным пралікам апазіцыі было вылучэнне на першы план прапагандысцкай барацьбы пытання аб пагрозе дыктатуры. Несумніўнай памылкай было і вылучэнне праекта Канстытуцыі камуністаў і аграрыяў, які скасоўвае пасаду прэзідэнта. Афіцыйная прапаганда вельмі эфектыўна супрацьпаставіла праект Лукашэнкі менавіта гэтаму дакументу, а не дзейнай Канстытуцыі.

Пасля заявы Шарэцкага аб пагрозе фашызму каманда Лукашэнкі была вымушана дэзавуяваць выступленне спікера. Замаўчаць гэтую праблему не ўдалося. Пытанне аб дыктатуры і дэмакратыі апынулася ў цэнтры палітычнай барацьбы, стала ледзь не галоўным пытаннем прапагандысцкай кампаніі напярэдадні рэферэндуму.

Афіцыйныя СМІ вуснамі простых грамадзян рэфрэнам паўтаралі фразу: "У краіне павінен быць адзін гаспадар". Вынікі рэферэндуму сведчаць аб тым, што грамадства не ўспрымае дэмакратыю як каштоўнасць. Або, дакладней кажучы, разглядае дэмакратыю не ў еўрапейскім яе разуменні (раздзяленне ўладаў, незалежныя СМІ, наяўнасць апазіцыі і г.д.). Значная частка насельніцтва разумее яе як магчымасць выбіраць сабе "бацьку" і даваць яму неабмежаваныя паўнамоцтвы.

Прышчэпка супраць дыктатуры, якая ажыццяўляецца ў апошнія сем-восем гадоў, апынулася слабой. Людзі або не заўважылі, або ўспрынялі нармальна манаполію прэзідэнта на СМІ, непрыкметнае стварэнне культу Лукашэнкі, насілле над насельніцтвам падчас рэферэндуму.

Уражанні многіх удзельнікаў перадрэферэндумнай агітацыйнай кампаніі аб дыскусіях з насельніцтвам сведчаць пра новую з'яву ў грамадскай свядомасці. Ніколі яшчэ з часоў другой сусветнай вайны не было такога глыбокага расколу грамадства. Бацылы нянавісці, пасеяныя прапагандысцкай машынай, пагражаюць выклікаць эпідэмію. Насельніцтва выспела для таго, каб уключыцца ў пошук "ворагаў народа", а таму нармальна ўспрыме рэпрэсіі супраць іх. Народ гатовы ахвяраваць каштоўнасцю "свабода" дзеля каштоўнасці "парадак".

На этапе дэмакратычных антытаталітарных рэвалюцый, падчас звяржэння камуністычных рэжымаў галоўнай задачай дэмакратаў была палітычная мабілізацыя максімальна большай колькасці людзей. Тое, што называецца "электаральнай рэвалюцыяй". У Беларусі такі перыяд быў у 1988—1990 гадах. Але задачы, што стаяць перад рэспублікай, не былі тады вырашаныя цалкам. Наменклатура засталася ва ўладзе і цесна пераплялася з прадпрымальніцкім слоем, які тады зараджаўся.

З 1994 года, з прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, пачаўся другі этап электаральнай рэвалюцыі, якая была накіравана не толькі супраць наменклатуры, але і супраць прадпрымальнікаў. Урэшце, гэты этап працягваецца дагэтуль. Задача палітычнай мабілізацыі насельніцтва — па-ранейшаму на парадку дня. Рэферэндумы будуць праводзіцца кожны год.

Між іншым, на этапе структурных рэформ, перш за ўсё рыначных, арыентаваных на пераход ад папулісцкай дэмакратыі да ліберальнай дэмакратыі, неабходна палітычная дэмабілізацыя насельніцтва. Поспех правых партый падчас парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў у кастрычніку — лістападзе 1996 года ў посткамуністычных краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (Літва, Расія, Румынія, Балгарыя, Албанія, Славенія) быў абумоўлены не столькі ростам сімпатый выбаршчыкаў да правых, колькі скарачэннем удзелу ў выбарах левага электарату.

Такім чынам, вопыт Беларусі паказвае, што штучны працяг этапу папулісцкай дэмакратыі, па-першае, робіць практычна немагчымым нейкія сур'ёзныя рэформы. Па-другое, з непазбежнасцю вядзе да самазнішчэння дэмакратыі і з'яўлення дыктатара.