|
Рэспубліканскі рэферэндум 1996 года
|
|
Пошук
Аб выбарах
Усе кампаніі
|
Аналiтыка
У чым прычына беспрэцэдэнтнай актыўнасці беларускіх выбаршчыкаў?Аўтар: Алесь ЛІПАЙ, журналіст Вечарам 24 лістапада, паводле афіцыйных даных, назіралася незвычайная актыўнасць грамадзян на галасаванні па пытаннях рэферэндуму. За восем гадзін светлавога дня, з дзесяці да васемнаццаці, у рэферэндуме ўзялі ўдзел каля трыццаці працэнтаў грамадзян, уключаных у спісы для галасавання. А на зыходзе дня, у цёмны час сутак, у дрэннае надвор'е за чатыры гадзіны з васемнаццаці да дваццаці двух прагаласавала амаль 25 працэнтаў.Для параўнання: на майскім рэферэндуме 1995 года за гэты ж адрэзак часу на выбарчыя ўчасткі прыйшло менш за 10 працэнтаў грамадзян. Аргументы накшталт таго, што такім чынам насельніцтва Беларусі выказала падтрымку прэзідэнту, не пераконваюць. Пенсіянеры і іншыя актыўныя прыхільнікі палітыкі Аляксандра Лукашэнкі паспяшаліся засведчыць гэтую падтрымку калі не на працягу двух тыдняў датэрміновага галасавання, дык з самай раніцы 24 лістапада. Да таго ж у палітычным жыцці краіны днём у мінулую нядзелю не адбылося нічога неардынарнага, што магло б захліснуць людзей новай хваляй любві да ўсенародна абранага. Не пераконваюць і спасылкі на тое, што ўвечары якраз пачалося хаджэнне членаў выбарчых камісій з выноснай скрыняй для галасавання па дамах тых грамадзян, хто яшчэ не ўзяў удзел у рэферэндуме. Няўжо хтосьці ўсур'ёз можа сцвярджаць, быццам некалькі членаў камісіі за чатыры гадзіны сабралі больш галасоў выбаршчыкаў, чым за такі ж час на тым жа ўчастку ўся камісія ў поўным яе складзе? Гэта немагчыма нават чыста фізічна. Кідаецца ў вочы неадпаведнасць і пры параўнанні актыўнасці мінскіх выбаршчыкаў падчас галасавання на рэферэндуме з актыўнасцю ў ходзе праведзеных у беларускай сталіцы таксама вечарам 24 лістапада паўторных выбараў у Вярхоўны Савет Беларусі. Так, паводле даных Цэнтрвыбаркама, з васемнаццаці да дваццаці двух гадзін у рэферэндуме ўзялі ўдзел больш за 26 працэнтаў грамадзян, якія жывуць у Мінску, а ў давыбарах тым часам — удвая меншая колькасць. Старшыня грамадскай камісіі па кантролі рэспубліканскага рэферэндуму Уладзімір Анцулевіч, каментуючы гэты факт, назваў яго сведчаннем таго, што вынікі галасавання фальсіфікаваныя. Па яго разліках, калі браць да ўвагі такую нізкую яўку выбаршчыкаў на выбарчыя ўчасткі па акругах, дзе праводзіліся давыбары, то для дасягнення тых самых дваццаці шасці працэнтаў яўкі па Мінску ў цэлым у іншых мінскіх акругах, дзе паўторныя выбары не праходзілі, неабходна была яўка грамадзян у вячэрні час да пяцідзесяці працэнтаў. Такога, зразумела, не было і быць не магло. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі 25 лістапада растлумачыў небывалую вячэрнюю актыўнасць грамадзян тым, што, маўляў, гараджане якраз вярнуліся дадому са сваіх дачных участкаў. І тым самым выклікаў неўразуменне журналістаў. Сапраўды, што рабіць на дачных участках такой масе людзей позняй восенню, ды і яшчэ ў дзень, калі валіць мокры снег? Да таго ж такая актыўнасць назіралася не толькі ў Мінску, дзе значная частка жыхароў сапраўды мае за горадам дачныя ўчасткі. У Магілёўскай, Віцебскай і Брэсцкай абласцях увечары 24 лістапада выбаршчыкі паводзілі сябе, калі верыць Цэнтрвыбаркаму, яшчэ больш актыўна. Яшчэ больш уражвае параўнанне вынікаў галасавання ўвечары на канкрэтных участках, дзе выбары праходзілі адначасова з рэферэндумам, з вынікамі галасавання там, дзя праводзіўся толькі рэферэндум. У Брэсцкай вобласці з 18 да 22 гадзін гэтыя лічбы складалі адпаведна 7,2 і 31,5 працэнта ад колькасці грамадзян, унесеных у спісы для галасавання; у Віцебскай — 5,8 і 30,7; у Мінску — 8,9 і 53,6 працэнта. Такія звесткі былі прыведзены 25 лістапада на прэс-канферэнцыі кіраўніцтва Вярхоўнага Савета Беларусі. Як заявіў лідэр парламенцкай фракцыі камуністаў Сяргей Калякін, гэтая "актыўнасць" была выклікана тым, што ў скрыні для галасавання кімсьці былі апушчаны бюлетэні на карысць прэзідэнцкага праекта Канстытуцыі. Спікер Сямён Шарэцкі ў сваю чаргу назваў праведзенае галасаванне фарсам. Зразумела, яму асабліва крыўдна і балюча ўсведамляць сваё дачыненне да гэтага спектакля, — бо ён апынуўся не сярод гледачоў. |
|
|
|