Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Рэспубліканскі рэферэндум 1996 года
 
Аналiтыка

Беларусь адсоўваецца на задворкі палітычнага жыцця Еўропы

Аўтар: Георгій ТАРАЗЕВІЧ, старшыня Рэвізійнай камісіі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада),
надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь

Калі я працаваў у Вярхоўным Савеце СССР, у нас існавала такая практыка — перад ад'ездам афіцыйнай дэлегацыі савецкага парламента за мяжу кожны яе член атрымліваў аб'ёмныя даведніцкія матэрыялы аб той краіне, у якую ехала дэлегацыя. Я выязджаў у Чылі, Інданезію, краіны Персідскага заліва. Тут я пералічыў толькі тыя дзяржавы, у дачыненні да якіх у нас існавала цвёрдае перакананне — маўляў, у іх квітнее дыктатура. Сапраўды, у Чылі ў той час ва ўладзе знаходзіўся Піначэт, у Інданезіі — Сукарна... Інакш чым дыктатарамі іх не называлі. Але што паказальна — Канстытуцыя гэтых краін куды "больш мяккая", чым тая, якую прапануе беларускаму народу прэзідэнт Лукашэнка. Я заяўляю гэта зусім не для прыгожага слова; уласныя архівы, што захаваліся, даюць мне права рабіць такое параўнанне.


Няма патрэбы пералічваць тыя, я б сказаў, звышцарскія паўнамоцтвы, якія захацеў атрымаць для сябя Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта ўжо шмат гаварылі. Галоўнае — няма практычна нічога, чаго б Прэзідэнт, у выпадку прыняцця яго праекта Канстытуцыі, не мог бы зрабіць па сваім жаданні. І гэта, я лічу, самае страшнае. Уся ўлада зноў канцэнтруецца ў руках аднаго чалавека. Гэта мы ўжо праходзілі, і я, калі ў свой час займаў пасаду Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, выразна бачыў, што гэта такое.

А цяпер уявім, што будзе, калі прапанаваны прэзідэнтам праект Асноўнага закона будзе прыняты на рэферэндуме. У гэтым выпадку адбудзецца карэннае змяненне палітычнай і дзяржаўнай сістэмы грамадства, разбурыцца сістэма процівагі ўладаў. Кіраўнік дзяржавы ператвараецца ў фактычнага дыктатара. Як у такіх умовах будзе жыць Беларусь? Мне падаецца, гэтую праблему неабходна разглядаць у двух аспектах: унутрыпалітычным і знешнепалітычным.

Унутры дзяржавы ўлада засяроджваецца ў адных руках. Самае галоўнае — адмяняецца карэннае палажэнне Асноўнага закона аб тым, што ўлада ў Рэспубліцы Беларусь належыць народу. Цяпер, згодна з артыкуламі раздзела IV прэзідэнцкага праекта Канстытуцыі, уся ўлада ў дзяржаве належыць прэзідэнту. Так, народ мае права абіраць прэзідэнта, але ён не мае права адхіляць яго ад пасады. А практыка паказвае, што іншадумства або нязгода з пазіцыяй прэзідэнта цягне за сабой публічныя абразы, прыніжэнні і нават прымяненне сілы ў дачыненні да тых, хто нязгодны. У любы момант, нават з самай нязначнай нагоды, кіраўнік дзяржавы можа ўвесці ў рэспубліцы надзвычайнае становішча, афіцыйна адмяніць самыя важныя правы і свабоды грамадзян.

Цяпер — пра знешнепалітычную сітуацыю. Найперш хачу падкрэсліць, што Беларусь з кожным пражытым месяцам адсоўваецца на задворкі палітычнага жыцця Еўропы. З моманту прыходу да ўлады Лукашэнкі ні адзін з палітыкаў сусветнай велічыні не пабываў у Мінску. Я не кажу ўжо пра такія буйныя фігуры, як, напрыклад, прэзідэнт Клінтан або канцлер Коль. Ігнаруюць Беларусь кіраўнікі і такіх еўрапейскіх краін, як Чэхія, Аўстрыя, Швецыя, Іспанія...

Як былы дыпламат, зазначу: гэта вельмі трывожны сімптом. Ні Лукашэнка, ні кіраўніцтва нашага знешнепалітычнага ведамства па зразумелых прычынах не хочуць пра гэта гаварыць, але мне вядома: па дапламатычных каналах з Мінска ў сталіцы многіх еўрапейскіх краін іх кіраўнікам пастаянна накіроўваюцца запрашэнні наведаць Беларусь з афіцыйным візітам. Аднак гэтыя запрашэнні адкрыта ігнаруюцца.

Іншым разам кажуць: Захад заплюшчыць вочы на тое, што адбываецца ў Беларусі, як гэта было пасля кастрычніка 1993 года ў Маскве. Катэгарычна з гэтым не згодны. Барыс Ельцын у вачах Захаду выглядаў як канструктыўная сіла, якая выступіла супраць аб'яднага фронту чырвона-карычневых. У нас жа сітуацыя кардынальна іншая.

Да таго ж заходні свет не можа не ўстрывожыць рэзка адмоўная ацэнка беларускім прэзідэнтам планаў пашырэння НАТО на Усход. Магчыма, Масква проста "падставіла" яго, жадаючы праверыць рэакцыю заходніх краін. Але гэта ўжо клопат Лукашэнкі і яго саветнікаў, якія павінны былі прадугледзець і такую сітуацыю.

Так ці інакш, за мяжой ужо склалася ўражанне — калі Расія яшчэ вагаецца, стаць ёй сапраўды еўрапейскай і дэмакратычнай дзяржавай ці застацца еўраазіяцкай імперыяй, то Беларусь вуснамі свайго прэзідэнта заяўляе пра жорсткую антызаходнюю палітыку. Таму і стаўленне да Мінска на Захадзе адпаведнае.

Дыктатарскі рэжым, без сумнення, прывядзе Беларусь да яшчэ большай міжнароднай ізаляцыі. А ўрады шэрагу краін параяць сваім бізнесменам не ўкладваць грошы ў эканоміку Беларусі. Без замежных жа інвестыцый выцягнуць краіну з крызісу немагчыма. І рана ці позна адбудзецца сацыяльны выбух.