|
Рэспубліканскі рэферэндум 1996 года
|
|
Пошук
Аб выбарах
Усе кампаніі
|
Аналiтыка
Расійскае кіраўніцтва ў ролі траянскага каня для беларускай дэмакратыі
Ініцыятыва яго правядзення, як вядома, належала прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку, і ён выйграў усе перадрэферэндумные ідэалагічныя баі. Апазіцыйная прэзідэнту частка Вярхоўнага Савета ў свядомасці многіх простых выбаршчыкаў была ператворана ў ВОРАГАЎ НАРОДА. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, асабліва тэлебачанне і радыё, "бамбілі" і "расстрэльвалі" апазіцыю вуснамі "простых грамадзян". Найбольш небяспечных праціўнікаў узмацнення прэзідэнцкай улады — такіх, як В.Ганчар, — Лукашэнка здымаў сваімі ўказамі, не клапоцячыся пра адпаведнасць іх Канстытуцыі і законам, і выганяў пры дапамозе сваёй Службы аховы. Аднак самым небяспечным ВОРАГАМ для Лукашэнкі ў рэалізацыі яго планаў была Масква. Менавіта з аглядкай на Крэмль, па прынцыпе "за намі Масква, адступаць няма куды" дзейнічалі апазіцыйныя беларускія парламентарыі. Яны ездзілі ў Дзяржаўную думу Расіі (Багданкевіч, Ганчар), праводзілі шматлікія кансультацыі з кіраўніцтвам Дзярждумы (Шарэцкі, Калякін), атрымалі абяцанне падтрымкі і на тым супакоіліся. Чымсьці накшталт халоднага душа для іх сталі прыезд кіраўнікоў расійскага парламента і ўраду, падпісанне пагаднення паміж прэзідэнтам і парламентам Беларусі ноччу 22 лістапада. Адны апазіцыянеры пачалі лаяцца на Шарэцкага за пагаджальніцтва, іншыя — хваліць за дальнабачнасць і выйгрыш часу. Аднак развязкі, што за гэтым адбылася, ніхто і прадугледзець не мог. В.Чарнамырдзін, Я.Строеў, Г.Селязнёў прыязджалі ў Мінск — паводле афіцыйнай версіі, — каб прадухіліць сілавыя метады вырашэння палітычнага крызісу ў Беларусі, зняць непрымірымыя супярэчнасці паміж прэзідэнтам, Вярхоўным Саветам і Канстытуцыйным судом. Расійскія "міротворцы" распрацавалі праект пагаднення, якое схематычна зводзілася да таго, каб на час патушыць канфлікт паміж бакамі. Праз некаторы час гэты канфлікт разгарэўся б з новай сілай, і зноў узнік бы попыт на расійскіх палітычных рэферы. Але гэтая схема — чаго не зразумелі ў тую ракавую ноч 22 лістапада Шарэцкі і Ціхіня — дазваляла Лукашэнку дамагчыся тых паўнамоцтваў, якіх ён і дамагаўся, але — у белых пальчатках з дэмакратычным ярлычком. Характэрна, што пры распрацоўцы пагаднення не быў нават згаданы той факт, што рэферэндум у Беларусі праводзіць выключна прэзідэнцкая вертыкаль, што старшыня Цэнтрвыбаркама Віктар Ганчар зняты з пасады ўказам Лукашэнкі, што выбарчыя бюлетэні ў невядомай колькасці друкуюцца ведамствам Івана Ціцянкова, кіраўніка справамі прэзідэнта. Расійскае кіраўніцтва праігнаравала і той факт, што эксперты Савета Еўропы ацанілі Канстытуцыю Лукашэнкі як антыдэмакратычную, што ўшчамляе асноўныя правы і свабоды грамадзян. У дзень правядзення рэферэндуму Беларускае тэлебачанне ўпершыню прымяніла тэрмін ВОРАГІ НАРОДА ў дачыненні да апазіцыі. Ён шырока выкарыстоўваўся ў трыццатыя гады ў адносінах да тых, каго затым рэпрэсавалі. А расійскае тэлебачанне ў перадачы "Адзін на адзін" па канале ОРТ вуснамі расійскага палітыка Ганчара агучыла факт збору подпісаў сярод расіянаў за правядзенне ў Расіі рэферэндуму аб аб'яднанні з Беларуссю. Такім чынам, у дзень правядзення рэферэндуму ў Беларусі быў пазначаны наступны этап перадачы рэферэндумнай эстафетнай палачкі. Кіраўніцтва Расіі праігнаравала парушэнні законаў пры правядзенні рэферэндуму, што былі дапушчаныя ў Беларусі, чым дапусціла А.Лукашэнку да прамежкавага старту на шляху аб'яднання з Расіяй. Не выключана, што палітычных лідэраў Расіі чакае лёс былых палітычных лідэраў Беларусі. У аб'яднанай славянскай дзяржаве расійскія выбаршчыкі, хутчэй за ўсё, аддадуць перавагу цудатворцу Лукашэнку: ён, на іх думку, адным аднаўленчым жэстам зможа вярнуць савецкі рай: даць усім працу, паёк і пачуццё ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. |
|
|
|