Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Вынiкi
 
Аналiтыка

Рэферэндум: на кон пастаўлена ўсё


1996-09-10

Аўтар: Уладзімір ГЛОД, журналіст

Яшчэ да афіцыйнага абнародавання пытанняў Аляксандра Лукашэнкі, прапанаваных на ўсенародны рэферэндум, у парламенцкіх кулуарах абмяркоўвалася магчымасць адмовіць кіраўніку дзяржавы ў яго ініцыятыве. Аднак даволі хутка гэта ідэя была адкінута як негрунтоўная.


І ў гэтым дэпутаты цяперашняга склікання Вярхоўнага Савета аказаліся куды больш празорлівымі, чым іх папярэднікі, якія выклікалі заслужанае абурэнне народа сваім намерам перашкодзіць людзям выказаць сваю думку. Нагадаем, што рэферэндум тады быў для Беларусі ў навіну і кожнаму хацелася на ўласным вопыце спазнаць, што ж гэта такое.

Ды і наогул, падобна на тое, што цяперашні парламент падрыхтаваны да барацьбы з кіраўніком выканаўчай улады нашмат лепш, чым папярэдні.

Прычын таму мноства. Па-першае, за мінулы час народныя выбраннікі паспелі добра даведацца цану абяцанням Аляксандра Лукашэнкі. Па-другое, у цяперашняга спікера, у адрозненне ад Мечаслава Грыба, ёсць магутная "падпорка" ў асобе сваіх намеснікаў — Васіля Новікава і Генадзя Карпенкі. Па-трэцяе, у адрозненне зноў жа ад дванаццатага склікання, дэпутаты гэтага ў цэлым прытрымліваюцца партыйнай дысцыпліны. Па-чацвёртае, прэзідэнт сваімі справамі і словамі нажыў сабе дадаткова нямала новых ворагаў. Па-пятае, нягледзячы на шырока разрэкламаваную расійска-беларускую Супольнасць, рэальнай выгады ад гэтай "самай галоўнай ініцыятывы" Лукашэнкі людзі так і не бачаць. Ну, а самае галоўнае ў гэтай бясконцай чарадзе прычын і фактараў тое, што людзі бачаць — узровень іх жыцця не павышаецца, а, наадварот, зніжаецца. І таму, нягледзячы на ўсе старанні афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі, чалавека, нават таго, які падтрымлівае прэзідэнта, усё цяжэй пераканаць у тым, што чорнае — гэта белае.

Нават самы любімы тэзіс кіраўніка дзяржавы аб тым, што яму ўсе перашкаджаюць, ужо не дае таго моцнага эфекту, які прыносіў Аляксандру Рыгоравічу раней. І, бадай, апошняе, што яшчэ ўдаецца эксплуатаваць прэзідэнту, — гэта сумленнасць і талерантнасць беларусаў, якія, прагаласаваўшы некалі за Лукашэнку, цяпер адчуваюць неабходнасць падтрымліваць яго і далей.

На мінулым тыдні дэпутацкі корпус нанёс прэзідэнту некалькі вельмі важкіх удараў. Пакуль частка парламентарыяў знаходзілася на пятым паверсе будынка прэзідэнцкай адміністрацыі, іх калегі ўнеслі некалькі надзвычай важных паправак да закона аб рэферэндуме.

І самая істотная з іх — адмена гэтак званых выязных скрыняў. Ні для каго не сакрэт, што менавіта гэта форма галасавання дазваляла маніпуляваць вынікамі. Цяпер выбарчыя камісіі, у выпадку хваробы выбаршчыка і яго жадання прагаласаваць, абавязаны даставіць яго на выбарчы ўчастак.

Агаварылі парламентарыі і такую навінку — дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі павінны выдзяляць роўнае месца і час прыхільнікам розных пунктаў гледжання на рэферэндум. Зразумела, што такое "самавольства" не магло не раззлаваць прэзідэнта. Ён тут жа заявіў, што гэтыя змяненні ў закон ён не падпіша. Але Вярхоўны Савет можа пераадолець вета кіраўніка дзяржавы дзвюма трэцямі галасоў. Некалькі такіх прэцэдэнтаў ужо мелі месца. Чаму б ім не паўтарыцца?

Яшчэ адзін антыпрэзідэнцкі ўдар быў нанесены на наступны дзень, калі Вярхоўны Савет зацвердзіў кіраўніком Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара. Зразумела, што пры такім кіраўніку камісіі падтасаваць вынікі будзе практычна немагчыма. Цікава, што пры галасаванні па кандыдатуры Ганчара супраць яе выступіў усяго 41 чалавек.

Яшчэ адна бясспрэчная "падножка" прэзідэнту — вылучэнне альтэрнатыўнага праекта змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю 1994 года. І як хітра зроблена — гэта, маўляў, задумка фракцый камуністаў і аграрыяў. Тым самым у Аляксандра Рыгоравіча выбіваецца немалая частка электарата ў асяроддзі ленінцаў і вяскоўцаў.

Ды і лідэры гэтых партый замахнуліся на святое святых — у іх праекце пасады прэзідэнта наогул не існуе. І абвінаваціць кіраўніцтва кампартыі ў нейкіх інтрыгах не так проста. Бо самі камуністы неаднаразова заўлялі аб тым, што славянскім дзяржавам чужое такое непатрэбнае "наслаенне", як прэзідэнт. Пакуль гэта была толькі дэкларацыя, на яе мала хто звяртаў увагу. Калі ж яна замаячыла як рэальнасць, прэзідэнцкія структуры пачалі шырокую кампанію па дыскрэдытацыі Сяргея Калякіна і Васіля Новікава і расколе партыі.

Ну і, нарэшце, дата рэферэндуму. Аб тым, чаму Лукашэнка прапаноўваў правесці плебісцыт менавіта 7 лістапада, ужо шмат пісалася. Настальгічныя настроі па былым СССР у дзень святкавання чарговай гадавіны Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі будуць, безумоўна, асабліва моцныя. І Аляксандр Рыгоравіч на гэта вельмі моцна разлічваў. Цяпер жа і гэтыя надзеі гінуць.

Зрэшты, Лукашэнка не быў бы Лукашэнкам, калі б так пакорліва пагадзіўся са стратай ініцыятывы. А таму ў любы момант можна і трэба чакаць "грому цяжкай артылерыі".