Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 1995 года
 
Вынiкi
КАМПАНІЯ МЯСЦОВЫХ ВЫБАРАЎ БЫЛА ПУШЧАНА НА САМАЦЁК
І ПРАЙШЛА З ВЯЛІКІМ СКРЫПАМ, ПРЫ НІЗКАЙ АКТЫЎНАСЦІ ЭЛЕКТАРАТА



Выбары ў мясцовыя Саветы 22-га склікання, прызначаныя Вярхоўным Саветам на 11 чэрвеня 1995 года, упершыню праходзілі па новай Канстытуцыі, прынятай у сакавіку 1994 года. Згодна з ёю, тэрмін паўнамоцтваў мясцовых Саветаў зменшыўся з пяці да чатырох гадоў.

Аднак ні першы, ні другі тур (25 чэрвеня) не прынеслі жаданага выніку. У значнай колькасці акругаў выбары не адбыліся і мясцовыя Саветы не былі сфарміраваны. На думку аналітыкаў, ва ўмовах разгорнутай тады жорсткай барацьбы паміж прэзідэнцкай і парламенцкай галінамі ўлады да належнай арганізацыі мясцовых выбараў у дзяржаўнага апарату проста не даходзілі рукі.

7 верасня 1995 г. Вярхоўны Савет унёс змяненні ў законы аб выбарах дэпутатаў парламента і мясцовых Саветаў. Сутнасць паправак заключалася ў тым, што ўдвая зніжаўся парог яўкі выбаршчыкаў. Лічылася, што паўторныя выбары адбыліся, калі ў іх узялі ўдзел не менш за 25% выбаршчыкаў, унесеных у спісы для тайнага галасавання, абраным лічыўся кандыдат, які набраў больш за 50% галасоў выбаршчыкаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні. Такім чынам заканадаўцы разлічвалі перамагчы абсентэізм.

Аднак гэтыя два законы масіравана крытыкаваліся з боку прэзідэнцкай галіны ўлады. Канстытуцыйны суд, які аказаўся ў ролі арбітра, спачатку, 30 кастрычніка 1995 года, прызнаў, што яны не супярэчаць Асноўнаму закону. Аднак 22 лістапада 1995 года Канстытуцыйны суд прыняў рашэнне аб тлумачэнні свайго ж заключэння. Сутнасць зводзілася да таго, што навэлы, якія ўтрымліваліся ў гэтых законах, не могуць распаўсюджвацца на паўторныя выбары дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13-га склікання і мясцовых Саветаў 22-га склікання да абрання іх у правамоцным складзе. Незалежныя назіральнікі расцанілі гэтае рашэнне Канстытуцыйнага суда як кан'юнктурнае, прынятае пад націскам.

29 лістапада 1995 года прайшлі паўторныя выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 22-га склікання. Другі тур адбыўся 10 снежня.

Аднак і пасля гэтага ў многія Саветы не ўдалося абраць неабходную для правамоцнасці долю ў дзве трэці дэпутатаў. У прыватнасці, не былі сфарміраваны Гродзенскі абласны і Мінскі гарадскі Саветы, гарадскія Саветы ва ўсіх абласных цэнтрах і ў 19 з 37 гарадоў абласнога падпарадкавання.

Пазней пытанні правамоцнасці мясцовых Саветаў 22-га склікання часткова былі вырашаны шляхам карэкціроўкі асобных нарматыўных актаў.



 
Рубрыкi