|
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2007 года
|
|
Пошук
Аб выбарах
Усе кампаніі
|
Вынiкi
УЛАДА ЛІЧЫЦЬ ГЭТЫЯ ВЫБАРЫ "ПАСПЯХОВЫМІ", ЕЎРАСАЮЗ — НЕДЭМАКРАТЫЧНЫМІ, АПАЗІЦЫЯ — "ТЭХНІЧНЫМІ"
Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, у выніку выбараў 14 студзеня ўсе мясцовыя Саветы дэпутатаў 25-га склікання (іх у Беларусі 1 581) сфармаваныя ў правамоцным складзе. Гэта былі першыя мясцовыя выбары, што праводзіліся ў адзін тур у адпаведнасці з прынятымі напярэдадні кампаніі папраўкамі ў выбарчае заканадаўства. Цяпер мандат атрымлівае той кандыдат, які пры яўцы больш за палову выбаршчыкаў набірае простую большасць галасоў (раней патрабавалася больш за 50% галасоў, з-за чаго і ўзнікала часам неабходнасць другога тура). Папраўкі таксама зрабілі больш жорсткім парадак правядзення сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамі, увялі забарону на выраб друкаванай агітацыйнай прадукцыі за межамі краіны, пашырылі кола суб'ектаў, якія могуць быць пакараныя за парушэнне выбарчага заканадаўства. Апазіцыя ацаніла гэтыя навелы як антыдэмакратычныя. Паводле вынікаў галасавання абрана 22 639 дэпутатаў у 22 658 выбарчых акругах (з-за розных прычын не набылі гаспадароў толькі 22 мандаты). Яўка выбаршчыкаў склала 79,2%. Магчымасць пяцідзённага (з 9 па 13 студзеня) датэрміновага галасавання скарысталі 24,9% выбаршчыкаў. Паводле слоў старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, выбарчая кампанія завершана "паспяхова", а вынікі выбараў адпавядаюць волевыяўленню выбаршчыкаў. У сваю чаргу прадстаўнікі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Беларускі Хельсінкскі камітэт" заявілі: нельга сказаць, што гэтыя выбары адпавядаюць дэмакратычным стандартам. Такая ж выснова ўтрымліваецца ў заяве старшынства Еўрасаюза. Палітычная апазіцыя гаворыць пра дыскрымінацыю яе прадстаўнікоў. Разам з тым, як выказаўся адзін з партыйных лідэраў, гэтая кампанія стала "тэхнічнай" як для ўладаў, гэтак і для іх апанентаў. Апазіцыянеры ў асноўным выкарысталі яе для інфармацыйнай працы з насельніцтвам. З дэмакратычных вылучэнцаў толькі адзінкі прабіліся ў Саветы на перыферыі. У цэлым, лічаць незалежныя аналітыкі, новы склад прадстаўнічых органаў улады лаяльны. Напярэдадні выбараў, 12 студзеня, Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 21 "Аб павышэнні ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў вырашэнні пытанняў жыццязабеспячэння насельніцтва". Як згадваюць афіцыйныя крыніцы, гэтым дакументам акрэслены комплекс мер, скіраваных на павышэнне ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў жыцці краіны. У прыватнасці, прадугледжана ўтварэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Крытыкі ж гавораць, што гэтыя навацыі не зменяць у цэлым дэкаратыўнага характару мясцовых органаў улады. |
Кандыдаты
|
|
|
|