|
Вынiкi
|
|
Пошук
Аб выбарах
Усе кампаніі
|
Маніторынг
АГІТАВАЦЬ МОЖНА. АЛЕ НЕ ЗА ЗАМЕЖНЫЯ СРОДКІ ("Звязда")
4 снежня завяршылася падача дакументаў для рэгiстрацыi кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. Цяпер ажыццяўляецца праверка гэтых дакументаў, а таксама рэгiстрацыя кандыдатаў. На момант падрыхтоўкi нумара "Местного самоуправления" (тэматычны выпуск "Звязды". — Рэд.) ў Цэнтрвыбаркаме яшчэ не валодалi iнфармацыяй аб колькасцi людзей, якiя маюць намер удзельнiчаць у выбарах у якасцi кандыдатаў. Аднак сакратар Цэнтрвыбаркама Мiкалай Лазавiк паведамiў, што найбольш часта тым, хто падае дакументы для рэгiстрацыi, адмаўляюць у ёй па дзвюх прычынах. Першай з’яўляецца недакладнасць бiяграфiчных звестак i звестак, пададзеных у дэкларацыях. Другая прычына — фiктыўныя i недакладныя подпiсы ў падпiсных лiстах. "У першую чаргу я звязваю наяўнасць такiх подпiсаў з тым, што ў асобных прэтэндэнтаў зборам подпiсаў займаюцца не iдэйныя прыхiльнiкi, а "валанцёры", якiя не заўсёды бескарыслiва працуюць i для выканання плана могуць пайсцi на фальсiфiкацыю выбарчых дакументаў", — сказаў Мiкалай Лазавiк. Пасля таго, як зарэгiстраваны кандыдат у дэпутаты атрымае рэгiстрацыйнае пасведчанне, ён мае права весцi перадвыбарную агiтацыю. Праўда, за пэўныя парушэннi рэгiстрацыя кандыдата можа быць адменена. "Адназначна пакаранне ў форме зняцця рэгiстрацыi кандыдату пагражае пры выкарыстаннi замежнай фiнансавай i матэрыяльнай дапамогi. Падставай для адмены рэгiстрацыi могуць быць выступленнi з заклiкамi, якiя распальваюць нацыянальную, расавую, рэлiгiйную варожасць, заклiкамi да гвалтоўнага звяржэння канстытуцыйнага ладу, а таксама iншыя грубыя парушэннi выбарчага заканадаўства". На мiнулым тыднi ў Беларусi завяршылася фармiраванне ўчастковых выбарчых камiсiй. Як паведамiў Мiкалай Лазавiк, усяго было сфармiравана 6526 камiсiй. 66,3 працэнта iх членаў складаюць жанчыны, 12,9 — моладзь да 30 гадоў. 10,7 працэнта членаў участковых выбарчых камiсiй з’яўляюцца прадстаўнiкамi палiтычных партый i грамадскiх аб’яднанняў, 36,2 працэнта — прадстаўнiкi працоўных калектываў, 48,1 працэнта — грамадзяне, вылучаныя шляхам збору подпiсаў. Органы, якiя ствараюць камiсii, накiравалi ў iх 5 працэнтаў членаў. "У склад участковых камiсiй увайшлi 3 грамадзянiны Расii. Няшмат, але гэта iлюстрацыя таго, што грамадзяне Расii, якiя пастаянна жывуць у Беларусi, маюць права ўдзельнiчаць ва ўсiх працэдурах выбарчай кампанii". Сярод палiтычных партый i грамадскiх аб’яднанняў лiдарам па колькасцi вылучаных у склад участковых выбарчых камiсiй прадстаўнiкоў з’яўляецца Федэрацыя прафсаюзаў Беларусi. З больш чым 70 тыс. членаў камiсiй па ўсёй рэспублiцы ад ФПБ вылучаны 4069 чалавек. 1701 член вылучаны БРСМ, 742 — Беларускiм саюзам жанчын, 499 — Беларускiм грамадскiм аб’яднаннем ветэранаў. "Сярод членаў выбарчых камiсiй прадстаўнiкоў палiтычных партый няшмат — 113 чалавек. Асноўную масу складаюць прадстаўнiкi КПБ". "Участковыя камiсiі — гэта камiсii, якiя найбольш блiзка працуюць з выбаршчыкамi. Яны правяраюць спiсы выбаршчыкаў, арганiзуюць галасаванне як на выбарчым участку, так i па месцы знаходжання выбаршчыкаў, падводзяць вынiкi галасавання. Таму фармiраванне ўчастковых выбарчых камiсiй — гэта адзiн з важнейшых этапаў падрыхтоўкi да выбараў... Нейкiх крытэрыяў для адбору членаў участковых выбарчых камiсiй заканадаўствам не ўстаноўлена. Але са спецыфiкi дзейнасцi камiсiй вынiкае, што ў iх павiнны быць людзi, якiя ўмеюць працаваць з дакументамi, ведаюць выбарчае заканадаўства i правiльна прымяняюць яго нормы. Самае ж галоўнае — яны павiнны ўмець працаваць з людзьмi, чуць выбаршчыкаў", — сказаў Мiкалай Лазавiк. |
|
|
|