|
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2007 года
|
|
Пошук
Аб выбарах
Усе кампаніі
|
Каментары
ВЫБАРЫ СТАЛІ "СПРАВАЙ ТЭХНІКІ" І ДЛЯ ЎЛАДАЎ, І ДЛЯ ІХ АПАНЕНТАЎАўтар: Аляксандр КЛАСКОЎСКІ, рэдактар сайта Такім чынам, канчатковыя вынікі выбараў у мясцовыя Саветы 25-га склікання падведзены 18 студзеня на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (ЦВК). Апазіцыя крытыкуе гэтую лічбу, мяркуючы, што яна завышаная. Урэшце, заявы з абодвух бакоў носяць дзяжурнае адценне. Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка трапна назваў гэтую кампанію "тэхнічнай" як для ўладаў, так і для іх палітычных апанентаў. Незалежныя каментатары канстатуюць: з аднаго боку, "вертыкаль" навучылася па-свойму філігранна кіраваць электаральным працэсам, а з іншага боку, апазіцыя вырашыла не траціць марна порах. Урэшце, прадстаўнікі ўлады схільныя лічыць, што гэтага пораху ўвогуле небагата. Так, на думку сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, апазіцыянеры практычна самаўхіліліся ад назірання за галасаваннем, паколькі "не змаглі выканаць нават самыя звычайныя працэдуры што да накіравання назіральнікаў на ўчасткі". Як і варта было чакаць, улады чарговы раз адкінулі абвінавачанні Захаду. Нагадаем, што міністэрства замежных спраў ФРГ, якая цяпер старшынюе ў Еўрасаюзе, заявіла: выбары не адпавядалі дэмакратычным стандартам. Паводле слоў кіраўніцы ЦВК Лідзіі Ярмошынай, "гэтыя выказванні не вытрымліваюць ніякай крытыкі. У Цэнтрвыбаркама няма ніякіх фактаў арыштаў палітыкаў, ператрусаў у офісах палітычных партый, нядопуску кандыдатаў у дэпутаты або назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі". Адзначым, што ў заявах апазіцыянераў і публікацыях незалежнай прэсы прыводзілася багата прыкладаў дыскрымінацыі і пераследу "непажаданых", а таксама выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу падчас мінулай кампаніі. Аднак Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што ў ЦВК паступіла толькі 17 скаргаў. Прычым "нават на першы погляд гэтыя скаргі не ўтрымліваюць інфармацыі аб парушэннях заканадаўства падчас выбараў". Можна спрагназаваць, што такімі ж нязначнымі гэтыя звароты палічаць і "на другі погляд". Увогуле, паводле слоў кіраўніцы ЦВК, выбарчая кампанія завершана "паспяхова". Сапраўды, усё, як у старыя добрыя часы, з іроніяй адзначаюць крытыкі. Гучаць рапарты аб значнай колькасці атрымаўшых мандаты прадстаўнікоў афіцыйных прафсаюзаў, праўладнай маладзёвай арганізацыі. У абраных Саветах вялікая ўдзельная вага наменклатуры, чыноўнікаў, медыкаў ды педагогаў. Усё гэта пэўна ж адпавядае ўстаноўкам найвышэйшага кіраўніцтва датычна таго, што, як сказаў Аляксандр Лукашэнка, "нам патрэбны мясцовыя Саветы дэпутатаў ад жыцця: не палітызаваныя, не партыйныя, не крыклівыя, не шумлівыя". Здаецца, што патрэбны ў першую чаргу паслухмяныя. Але лаяльнасць — зусім не сінонім эфектыўнасці. Да пары да часу рэальнае мясцовае самакіраванне беларускай палітычнай сістэме было, здаецца, непатрэбнае. Але часы мяняюцца. Незалежныя аналітыкі адзначаюць: ва ўмовах нарастання неспрыяльных эканамічных чыннікаў спадзявацца на старую мадэль "ручнога" кіравання краінай з самага верху было бы не надта дальнабачна. |
|
|
|