|
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2007 года
|
|
Пошук
Аб выбарах
Усе кампаніі
|
Каментары
АСНОЎНЫ ДЗЕНЬ ГАЛАСАВАННЯ, ЯК І ЎСЯ КАМПАНІЯ, НЕ АБЯЦАЕ НЕЧАКАНАСЦЕЙ
Сёння — асноўны дзень галасавання на мясцовых выбарах. 6 525 выбарчых участкаў адкрытыя з 8 да 20 гадзін. Напярэдадні завяршылася агітацыйная кампанія кандыдатаў і акрэдытацыя нацыянальных назіральнікаў. Па выніках выбараў неабходна сфармаваць 1 581 мясцовы Савет. У іх ліку — шэсць абласных і Мінскі гарадскі, 118 раённых, 13 гарадскіх у гарадах абласнога падпарадкавання, 14 гарадскіх у гарадах раённага падпарадкавання, 66 пасялковых і 1 363 сельскія Саветы. Кандыдаты вядуць барацьбу за больш чым 22,5 тысячы мандатаў. Зрэшты, у многіх акругах канкурэнцыі няма: там, як і ў савецкія часы, балатуецца па адным кандыдаце. На фінішы кампаніі знялі свае кандыдатуры шэраг апазіцыянераў. Такім чынам яны выказваюць пратэст супраць несправядлівых, на іх думку, умоў. Падчас кампаніі апаненты ўлады пастаянна скардзіліся на перашкоды. Практычна ніхто з іх вылучэнцаў не быў уключаны ў склад выбарчых камісій. Дэмакратычныя кандыдаты мелі цяжкасці з друкаваннем улётак (на афіцыйна выдзеленыя грошы!). Нялёгка было таксама арганізаваць сустрэчы з выбарцамі на дварэ (згодна з новым законам, патрабуецца папярэдне прасіць дазвол у "вертыкалі"). Апошнімі днямі пракацілася хваля затрыманняў ды арыштаў актывістаў дэмакратычных сілаў. Як заяўляюць у ГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", што вядзе назіранне за выбарамі, улады працягваюць выкарыстоўваць падчас кампаніі адміністрацыйны рэсурс. Разам з тым экспэрты выказваюць думку, што апазіцыйная кааліцыя і сама дала маху. Яна чарговы раз загрузла ў міжусобіцы. У выніку так і не ўдалося рэалізаваць адзіную стратэгію дзеянняў. Затое стратэгія ўладаў рэалізуецца зладжана. За чатыры дні, з 9 па 12 студзеня, у датэрміновым галасаванні ўзялі ўдзел 18,8% выбарцаў. Тэмп датэрміновага галасавання вышэйшы, чым на папярэдніх мясцовых выбарах, і амаль што такі самы, як на выбарах прэзідэнта ў 2006 годзе. Практыка масавага і працяглага датэрміновага галасавання выклікае нараканні з боку міжнародных арганізацый, якія сочаць за выкананнем электаральных стандартаў. Выказваецца думка, што такім чынам ствараецца спрыяльная глеба для фальсіфікацый. Беларускія ўлады адхіляюць гэтыя абвінавачанні, называючы іх праявай падвойных стандартаў. Між тым нават кіраўніца Цэнтрвыбаркама была вымушаная прызнаць, што выбарцы мала ведаюць пра кандыдатаў. Крытыкі ўлады дадаюць: гэта вынік усвядомленай палітыкі вярхоў. Засцерагаючыся палітызацыі насельніцтва, яны імкнуцца зрабіць выбары амаль непрыкметнымі для абываталя. ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" паведаміла аб "парадаксальных" выніках свайго маніторынгу: на самым актыўным этапе, у перыяд агітацыі кандыдатаў, дзяржаўныя электронныя СМІ знізілі ўзровень увагі да кампаніі. Дадамо: калі і гавораць, дык, як правіла, у заспакойвальным ключы: маўляў, кампанія ідзе роўна ды арганізавана. Ды і нанава сфармаваныя органы прадстаўнічай улады напэўна акажуцца менавіта такімі, якімі іх хацеў бачыць прэзідэнт Лукашэнка. Колькі часу таму ён заявіў, што "нам патрэбны мясцовыя Саветы дэпутатаў ад жыцця: не палітызаваныя, не партыйныя, не крыклівыя, не шумлівыя". Асаблівасць гэтай кампаніі ў тым, што выбары ў адпаведнасці з новым законам праводзяцца ў адзін тур. Для перамогі дастаткова простай большасці галасоў (раней патрабавалася больш чым 50%). Папярэднія вынікі, мяркуючы па ўсім, будуць абвешчаны ўжо заўтра. Плануецца, што пройдзе прэс-канферэнцыя старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах Лідзіі Ярмошынай. |
|
|
|