Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2007 года
 
Каментары

КАМПАНІЯ ЎСТУПІЛА Ў ФАЗУ АГІТАЦЫІ


2006-12-15

Аўтар: Аляксандр КЛАСКОЎСКІ, рэдактар сайта

14 снежня завяршылася рэгістрацыя кандыдатаў, якія прэтэндуюць на 22 641 месца ў 1 583 мясцовых Саветах.

Зарэгістраваныя прэтэндэнты на мандаты могуць з поўным правам разгортваць свае агітацыйныя кампаніі. Вось толькі грошы на гэта выдзяляюцца больш чым сімвалічныя.

Конкурс таксама аказаўся прадказальна невысокім: у сярэднім на мандат — прыкладна 1,1 прэтэндэнта. Прыблізна тая ж карціна была і на папярэдніх мясцовых выбарах.

Аднак у Мінску і шэрагу гарадоў канкурэнцыя сур'ёзная.

Сціплы ўдзел партый у цяперашняй кампаніі ўлады тлумачаць слабасцю апазіцыі. Апошняя, у сваю чаргу, ківае на жорсткія, недэмакратычныя ўмовы выбараў.

Урэшце, ад ідэі іх байкоту кіраўніцтва аб'яднаных дэмакратычных сіл пастаралася адмежавацца.

І сапраўды, бо інакш афіцыйны бок атрымаў бы лішнюю падставу для піяру супраць сваіх апанентаў: маўляў, прыкрываюць байкотам сваю палітычную няслушнасць!

Да таго ж апазіцыйныя лідэры самі пракламуюць ідэю выкарыстання нават несправядлівых выбараў для наладжвання камунікацый з насельніцтвам.

Праўда, крытыкі структураванай апазіцыі лічаць, што яна большай часткай варыцца ва ўласным саку. У прыватнасці, заклапочана арганізацыяй 2-га Кангрэса дэмакратычных сіл, на якім плануецца вырашыць пытанне іх перафарматавання.

Аналітыкі лічаць, што заклік, які прасоўваецца дэмакратамі падчас гэтай электаральнай кампаніі, — выйсці на плошчу ў сакавіку 2007 года, у гадавіну прэзідэнцкіх выбараў — таксама наўрад ці знойдзе шырокі водгук.

Мяркуючы па звестках незалежнай сацыялогіі, грамадства ў масе сваёй пакуль лаяльна ставіцца да дзейнай улады. Так што ў кіраўніцтва краіны ёсць падставы заяўляць: мясцовыя выбары пройдуць без сюрпрызаў.

Ну хіба што дзесьці на перыферыі пройдуць у саветы адзінкавыя прадстаўнікі апазіцыі. Трэба ж мець асобныя прыклады палітычнага плюралізму для Захада.

Іншая справа, што эканамічная сітуацыя ў сувязі з падаражэннем энерганосьбітаў можа ўскладніцца, і гэта здольна змяніць настроі ў грамадстве. Аднак калі такі працэс і пойдзе, то ўжо за межамі гэтай электаральнай кампаніі.