Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2007 года
 
Хронiка

Скарга БАЖ аб парушэнні правоў журналіста Валерыя Шчукіна перанакіравана ў пракуратуру Першамайскага раёна Віцебска


2007-02-02

Аўтар: Сяргей ПУЛЬША, БелаПАН.

Мінск, 2 лютага. Скарга грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) аб парушэнні правоў журналіста Валерыя Шчукіна перанакіравана ў пракуратуру Першамайскага раёна Віцебска. Такі адказ атрымаў БАЖ з пракуратуры Віцебскай вобласці, паведаміў БелаПАН юрыст арганізацыі Андрэй Бастунец.
Нагадаем, 21 студзеня 2007 года старшыня выбарчай камісіі ўчастка для галасавання № 52 Віцебска Ніна Шубіна ўручыла Валерыю Шчукіну, які меў пры сабе пасведчанне карэспандэнта газеты "Народная воля", уласнаручна падпісаны дакумент, у якім указвалася, што рашэннем камісіі час знаходжання В.Шчукіна на ўчастку абмежаваны адной гадзінай. БАЖ палічыў гэта парушэннем правоў журналіста, прадугледжаных Выбарчым кодэксам і законам аб друку, і запатрабаваў прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
"Гэта нават не адказ з пракуратуры, гэта паведамленне аб тым, што наш зварот перанакіраваны ў пракуратуру Першамайскага раёна Віцебска "для разгляду аб парушэнні старшынёй участковай выбарчай камісіі ўчастка для галасавання № 52 па выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў 25-га склікання правоў члена БАЖ Шчукіна", - сказаў А.Бастунец.
На думку юрыста, пракуратура можа вынесці прадпісанне на адрас Цэнтрвыбаркама аб забеспячэнні законнасці ў будучым, паколькі ўчастковая камісія ўжо не працуе, а таксама прыцягнуць Н.Шубіну да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 172-1 КоАП, па пункце "Ушчамленне свабоды масавай інфармацыі".
"Мы плануем звяртацца па гэтым і іншых фактах ушчамлення правоў журналістаў на выбарах у Цэнтрвыбаркам Беларусі, які працуе пастаянна. Але спачатку мы ўсё ж хочам дачакацца рэакцыі пракуратуры на парушэнне закону", - заявіў А.Бастунец.
Адказ БАЖ пракуратура Першамайскага раёна Віцебска павінна даць на працягу месяца.