Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Вынiкi
 
Хронiка

На думку экспертаў БАЖ, недзяржаўная прэса "вельмі стрымана" асвятляла мінулую кампанію мясцовых выбараў


2007-01-31

Аўтар: Сяргей ПУЛЬША, БелаПАН.

Мінск, 31 студзеня. Недзяржаўная прэса "вельмі стрымана" асвятляла мінулую кампанію па выбарах у мясцовыя саветы. Такая выснова ўтрымліваецца ў медыя-маніторынгу грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) "Мясцовыя выбары 2007 у беларускіх СМІ". Прэзентацыя маніторынгу прайшла сёння ў офісе БАЖ.
Як паведаміў на прэзентацыі медыя-эксперт Алесь Анціпенка, недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі "не надалі шырокай увагі мінулым выбарам". Хаця ў параўнанні з дзяржаўнымі СМІ недзяржаўныя рэспубліканскія і рэгіянальныя газеты "зрабілі спробу абмаляваць больш разнастайную і збалансаваную карціну мясцовых выбараў", у прэзентацыі кандыдатаў і іх праграм яны былі "стрыманыя".
Як адзначыў А.Анціпенка, прыкладна такая ж стрыманая пазіцыя пераважала і ў ацэнцы вынікаў выбараў. "Калі афіцыйная прэса сцвярджала, што выбары прайшлі паспяхова і практычна бездакорна, то ацэнка незалежнай прэсы датычна вынікаў выбараў не была станоўчай. У шэрагу матэрыялаў пасля выбараў прыводзіліся сведчанні парушэнняў выбарчага заканадаўства і адзначаўся недэмакратычны характар выбараў", - гаворыцца ў маніторынгу БАЖ.
У той жа час эксперты БАЖ адзначылі шэраг выпадкаў "медыя-эфектаў" у мясцовай прэсе: адхіленні журналістаў ад агульнапрынятых прынцыпаў журналісцкай этыкі і прафесійных стандартаў пры асвятленні выбараў. "У першую чаргу гэта тычыцца дзяржаўных СМІ. Было вельмі шмат выпадкаў, калі газеты друкавалі аб'ёмныя інтэрв'ю з кандыдатамі ў дэпутаты, не абазначаючы пры гэтым іх статус. Аб апазіцыйных кандыдатах, наадварот, звесткі былі скупыя, часта неперсаніфікаваныя, а калі яны і згадваліся, дык выключна ў негатыўным і крытычным святле", - зазначыў А.Анціпенка.
Маніторынг СМІ, праведзены БАЖ, праходзіў у тры этапы: з 4 па 16 снежня 2006 года (рэгістрацыя кандыдатаў), з 18 снежня 2006 года па 9 студзеня 2007 года (агітацыйная кампанія) і з 10 па 14 студзеня (заключны этап выбарчай кампаніі). Таксама была адсочана рэакцыя прэсы на вынікі выбараў у мясцовыя саветы (папярэдняе і афіцыйнае абвяшчэнне вынікаў галасавання). Усяго прадметам маніторынгу сталі 28 рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ.