Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Вынiкi
 
Хронiка

35 з 40 дэпутатаў Магілёўскага гарсавета 25-га склікання займаюць кіруючыя пасады


2007-01-24

Аўтар: Сяржук КРЫВІЧ, БелаПАН.

Магілёў, 24 студзеня. Старшыня Магілёўскага гарвыканкама Віктар Шорыкаў уручыў дэпутатам Магілёўскага гарсавета 25-га склікання пасведчанні. Уручэнне адбылося 23 студзеня на першым пасяджэнні гарсавета. Кіраўнік гарвыканкама падкрэсліў, што выканаўчая ўлада будзе цесна супрацоўнічаць з дэпутатамі і сумесна з імі вырашаць усе агульнагарадскія пытанні.
Мяркуючы па сацыяльным статусе дэпутатаў, супярэчнасцей паміж дзвюма галінамі ўлады быць не павінна: 35 з 40 дэпутатаў займаюць кіруючыя пасады. Дэпутацкія мандаты, у прыватнасці, атрымалі кіраўнікі дзвюх раённых адміністрацый Уладзімір Цумараў і Яўген Лебедзеў, а таксама яшчэ два прадстаўнікі мясцовай "вертыкалі", першы сакратар райкама і гаркама грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі", па чатыры галоўныя ўрачы і кіраўнікі навучальных устаноў, тры чыноўнікі праваахоўных органаў, 13 дырэктараў прадпрыемстваў, устаноў і іх намеснікі. Апрача таго, у склад Магілёўскага гарсавета трапілі ткач, токар, студэнт, дацэнт Магілёўскага дзяржуніверсітэта і загадчыца агульнай чытальнай залы абласной бібліятэкі.
У 24 выбарчых акругах Магілёва выбары былі безальтэрнатыўнымі. Ніводзін прадстаўнік апазіцыі ў гарсавет не прайшоў.