|
Вынiкi
|
|
Пошук
Аб выбарах
Усе кампаніі
|
Хронiка
Дзяржаўныя СМІ праігнаравалі мясцовыя выбары як сапраўды палітычную падзею, лічаць эксперты БАЖ
Маніторынг праходзіў у тры этапы: з 4 па 16 снежня 2006 года (рэгістрацыя кандыдатаў), з 18 снежня 2006 года па 9 студзеня 2007 года (агітацыйная кампанія) і з 10 па 14 студзеня (заключны этап выбарчай кампаніі). Таксама адсочвалася рэакцыя прэсы на вынікі выбараў у мясцовыя саветы (папярэдняе і афіцыйнае абвяшчэнне вынікаў галасавання). Усяго прадметам маніторынгу сталі 28 рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ. Як паведаміў медыя-эксперт Алесь Анціпенка, у асвятленні працэсу мясцовых выбараў дзяржаўнымі СМІ "выбары былі пазбаўленыя такіх важных дэмакратычных элементаў, як дух суперніцтва і магчымасць адкрытага выбару паміж рознымі палітычнымі пазіцыямі". А.Анціпенка адзначыў, што абмежаваны характар доступу да СМІ не дазволіў кандыдатам шырока прэзентаваць свае перадвыбарныя і палітычныя платформы, а выбаршчыкі, у сваю чаргу, не мелі шырокіх магчымасцей пазнаёміцца з поглядамі кандыдатаў і іх праграмамі. "Вынікі маніторынгу паказваюць, што Першы канал беларускага тэлебачання - праграма "Панарама" - прысвяціла мясцовым выбарам толькі 4% часу. У перыяд агітацыйнай кампаніі - самы "гарачы" перыяд выбараў - "Панарама" наогул скараціла эфірны час для асвятлення выбараў з 5% да 3,9%. Што да такіх суб'ектаў выбарчага працэсу, як назіральнікі за выбарамі, то ім на дзяржаўным тэлебачанні было прысвечана ўсяго 8 секунд за ўвесь перыяд маніторынгу", - заявіў А.Анціпенка. Першы канал нацыянальнага радыё (праграма "Радыёфакт") надаў выбарам 3% эфірнага часу. Паводле слоў медыя-эксперта, прыкладна такая ж карціна назіралася ў асвятленні выбараў рэгіянальнымі тэлеканаламі і дзяржаўнай рэспубліканскай прэсай. "Советская Белоруссия" адвяла 84% плошчы газеты, прысвечанай мясцовым выбарам, прэзідэнту, 9% - Цэнтрвыбаркаму і 7% - мясцовым уладам. Іншыя палітычныя суб'екты, якія маюць дачыненне да выбараў, засталіся без увагі газеты. Больш за тое, "СБ", згодна з маніторынгам БАЖ, ніяк не абмяркоўвала агітацыйную кампанію і яе галоўных палітычных удзельнікаў, адзначыў А.Анціпенка. "Дзяржаўныя газеты, праігнараваўшы некаторыя важныя аспекты выбарчага працэсу, таксама, як і галоўных яго ўдзельнікаў, ніяк не садзейнічалі таму, каб выбаршчыкі змаглі зрабіць свядомы і кампетэнтны выбар у дзень галасавання", - гаворыцца ў маніторынгу БАЖ. |
|
|
|