Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Вынiкi
 
Хронiка

У Глыбокім пачалася грамадская кампанія "100 дзён" па магчымым адкліканні новых дэпутатаў райсавета


2007-01-29

Аўтар: Таццяна ЧАБАТАРОВА, БелаПАН.

Віцебск, 29 студзеня. У Глыбокім Віцебскай вобласці пачалася грамадская кампанія "100 дзён" па назіранні на працягу гэтага часу за дзейнасцю новых дэпутатаў раённага савета і, магчыма, па далейшым іх адкліканні. Пра гэта БелаПАН паведаміў ініцыятар гэтай кампаніі, актывіст мясцовай арганізацыі Партыі БНФ Яраслаў Берніковіч.
"Зараз мы распаўсюджваем у Глыбокім бюлетэнь з інфармацыяй аб выбарах, аб тым, што яны былі несумленнымі, неадкрытымі і прайшлі са шматлікімі парушэннямі, - паведаміў Я.Берніковіч. - Затым будзем адсочваць, як дэпутаты райсавета выконваюць наказы сваіх выбаршчыкаў. Правядзем апытанне грамадскай думкі. І ў выпадку, калі нанава абраныя дэпутаты не выканалі сваіх абяцанняў, паспрабуем зарэгістраваць ініцыятыўную групу па іх адкліканні".
Як паведаміў грамадскі актывіст, адлік кампаніі "100 дзён" пачаўся 20 студзеня, калі ў раённай газеце былі апублікаваныя прозвішчы дэпутатаў новага склікання. Паводле слоў Я.Берніковіча, пад грамадскім кантролем знаходзяцца тры дэпутаты Глыбоцкага райсавета - дырэктар мясцовага ПМК Эдуард Танканог, настаўнік Максім Гірдзюк і першы сакратар райкама БРСМ Людміла Чабан.
Варта зазначыць, што Я.Берніковіч быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў райсавет. На выбарах ён набраў, паводле афіцыйных звестак, 11% галасоў, і дэпутатам стаў яго сапернік Э.Танканог.