|
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2007 года
|
|
Пошук
Аб выбарах
Усе кампаніі
|
Аналітыка
ВЫСВЕТЛІЛАСЯ, ШТО АПАЗІЦЫЯ НЕ МОЖА ”БАЙКАТАВАЦЬ ТОЕ, ЧАГО НЯМА”Аўтар: Кірыла ПАЗНЯК, аглядальнік Ідэя байкоту лунае ў апазіцыйных структурах у часе кожнай выбарчай кампаніі. Аднак насаліць уладам маштабным абсентэізмам у дэмакратаў яшчэ ні разу не атрымался. Самая паспяховая спроба датуецца 2000 годам, калі ў Беларусі прайшлі парламенцкія выбары, праігнараваныя амаль усёй апазіцыяй за выключэннем сацыял-дэмакратаў. Але практычнага выніку гэта не мела: народ галасаваць пайшоў. Відаць, дысцыплінаванасць беларусаў як выбаршчыкаў разам з амбіцыямі апазіцыянераў ставілі крыж і на ідэях наладзіць байкот у наступныя выбарчыя кампаніі. І вось у апазіцыі зноў загаварылі пра байкот. Пра магчымасць такога кроку заяўляюць прадстаўнікі апазіцыйных партый. Нагадаем, адразу ж пра байкот мясцовых выбараў абвясціла толькі КХП-БНФ Зянона Пазьняка. У пачатку снежня Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) заявіла аб тым, што пакідае за сабой права зняць сваіх кандыдатаў. Дарэчы, яе лідэр Аляксандр Казулін яшчэ некалькі месяцаў таму заявіў, што нельга ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі, якая прызначаецца нелегітымным, на яго думку, прэзідэнтам. Ну а старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч наогул сказаў, што на гэтыя выбары могуць пайсці толькі дурні. Пасля такіх дэмаршаў было крыху дзіўна, што і тыя, і другія сацыял-дэмакраты пачалі барацьбу за мандаты. Хаця вось, урэшце, члены БСДП прыслухаліся да думкі Казуліна. "Прымаючы гэтае рашэнне, мы ўлічвалі тыя перашкоды, якія мелі нашы прэтэндэнты ў кандыдаты, члены іх ініцыятыўных груп пры рэгістрацыі, зборы подпісаў і г.д. Таксама мы не можам не ўлічваць тое, што лідэр партыі Аляксандр Казулін у турме і праводзіць там галадоўку пратэсту", — заявіў выканаўца абавязкаў старшыні БСДП Анатоль Ляўковіч. Паводле яго слоў, рашэнне аб часе зняцця з перадвыбарнай гонкі павінны прыняць самі кандыдаты: "Хтосьці можа зняцца адразу пасля рэгістрацыі, хтосьці — за дзень да выбараў. Усё залежыць ад сітуацыі ў канкрэтным рэгіёне і стратэгіі дзеянняў кандыдата ў дэпутаты". "Партыя павінна акрэсліць сваю пазіцыю. Афіцыйна прызнана тое, што прэзідэнцкія выбары былі сфальсіфікаваныя, і няма ніякіх сумненняў, што і гэтыя выбары будуць сфальсіфікаваныя. Гуляць па правілах, што ўстанаўлівае адзін чалавек у краіне, партыя не можа", — заявіў Ляўковіч. Нагадаем, гаворка ідзе пра сенсацыйную заяву прэзідэнта Беларусі на лістападаўскай прэс-канферэнцыі для ўкраінскіх журналістаў. Аляксандр Лукашэнка сказаў тады: "Апошнія выбары мы сфальсіфікавалі, я ўжо заходнікам пра гэта казаў. За прэзідэнта Лукашэнку прагаласавала 93,5%. Кажуць — гэта не еўрапейскі паказчык. Мы зрабілі 86%. Гэта, праўда, было. І калі цяпер пачаць пералічваць бюлетэні, то я не ведаю, што з імі рабіць наогул. Да выбараў нам гаварылі, што калі будуць прыкладна еўрапейскія паказчыкі на выбарах, то мы вашы выбары прызнаем. Мы збіраліся зрабіць еўрапейскія паказчыкі. Але таксама, бачыце, не атрымалася". Аб'яднаная грамадзянская партыя, дарэчы, пасля гэтай заявы вырашыла дамагацца адстаўкі Цэнтрвыбаркама і самога Лукашэнкі. З прапановай аб'явіць імпічмент вырашылі звярнуцца да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Зразумела, што спадзявацца на водгук наіўна, але як піяр — цалкам прымальна. Вось толькі загучаць ён павінен быў адразу ж пасля заяў кіраўніка дзяржавы. Апазіцыянеры ж некаторы час маўчалі, як быццам іх увяло ў шок прызнанне афіцыйнага лідэра. Пазачарговы з'езд Партыі камуністаў Беларускай, што адбыўся ў пачатку снежня, таксама парэкамендаваў прэтэндэнтам на мандаты зняць свае кандыдатуры з выбараў. Матывацыя падобная. "Па-першае, Лукашэнка нядаўна заявіў пра фальсіфікацыю выбараў, па-другое, практыка нашага ўдзелу ў гэтых выбарах паказала: ніводнага чалавека з апазіцыйных партый не ўключылі ў выбарчыя камісіі. Улада паводзіць сябе як заўсёды. Гэта фарс, і мы не можам дазволіць сабе ўдзельнічаць у падмане нашых выбаршчыкаў", — пракаментаваў гэта рашэнне лідэр ПКБ Сяргей Калякін. "Мы подпісы збярэм і ў камісію спісы здадзім. У нас падтрымка ёсць, больш 70 тысяч подпісаў пастаўлена за нашых кандыдатаў. Аднак удзельнічаць у гэтым фарсе ПКБ сваім кандыдатам не рэкамендуе", — сказаў ён. Зазначым, БСДП і ПКБ пачалі ствараць Саюз левых сіл і, як бачым, дзейнічаюць дружна. У Партыі БНФ і АГП таксама разважаюць над ідэяй, каб іх кандыдаты зняліся за дзень да выбараў. Гэта было б лагічным крокам апазіцыянераў, калі яны лічаць выбары недэмакратычнымі, але пры гэтым хочуць выкарыстаць іх для камунікацый з насельніцтвам. Між тым цалкам магчыма, што пагроза байкоту дасць эфект — і ўлады не стануць ужо так заўзята заступаць дарогу дэмакратычным кандыдатам — дзеля таго, каб тыя не выходзілі з гульні. Тым больш што іх няшмат — некалькі сотняў. Хаця, хутчэй за ўсё, улады расцэняць заявы апазіцыі як звычайны перадвыбарны піяр. Да таго ж не самы моцны. Бо ва ўмовах інфармацыйнага вакууму пра дэмарш даведаецца вельмі малая колькасць выбаршчыкаў. Дый іміджу апазіцыі байкот сам па сабе наўрад ці паспрыяе. Калі толькі яна зможа прадэманстраваць сваё адзінства і салідарнасць. У гэтым сэнсе байкот, магчыма, і лепш, чым некалькі дэмакратычных кандыдатаў у адной выбарчай акрузе. Што тычыцца практычных вынікаў байкоту, то яўка выбаршчыкаў па ўжо названых прычынах усё роўна будзе высокай. Апрача таго, улады ўсёй магутнасцю прапаганды могуць пераканаць масы, што апазіцыя толькі прыкрывае сваю кадравую і ідэйную непаўнавартаснасць. Дарэчы, у апошнія дні апазіцыйныя лідэры змікшыравалі тэму байкоту. У прыватнасці, лідэр АГП Анатоль Лябедзька заявіў: "Нельга байкатаваць тое, чаго няма. Мы задоўга да пачатку выбарнай кампаніі выразна і адназначна заявілі, што выбараў у цяперашніх умовах быць не можа. Больш за тое, кааліцыя вызначыла мэты і задачы палітычнай кампаніі "мясцовыя выбары", а таксама фармат свайго ўдзелу. Байкатаваць палітычную кампанію нельга, гэта шкодзіць самім сабе. Бо яе задачай з'яўляецца не толькі абранне дэлегатаў Кангрэса <дэмакратычных сіл>, а агульнанацыянальны дыялог і праца з выбаршчыкам. Да таго ж сцэнарый байкоту стварае ўмовы для прапагандысцкіх спекуляцый. Маўляў, апаненты ўлады баяцца ўласнага народа, ім няма чаго сказаць людзям і наогул яны лічаць за лепшае наведваць замежжа, а не ездзіць па рэгіёнах Беларусі". Паводле слоў Лябедзькі, на апошнім пасяджэнні Палітсавета Аб'яднаных дэмакратычных сіл "у гэтае пытанне ўнесена канчатковая яснасць. Па-першае, няма нейкай жорсткай устаноўкі на байкот, ёсць толькі мяккая рэкамендацыя. Па-другое, гэта не ёсць пазіцыя кіраўніцтва ПКБ. Па-трэцяе, і гэта самае галоўнае, лідэр дэмкамуністаў Сяргей Калякін пацвердзіў, што ніякага байкоту палітычнай кампаніі "мясцовыя выбары" няма і быць не можа. Партыя застаецца ў рамках агульнага пагаднення і выконвае ўсе яго пункты. Так што для нас гэтае пытанне закрыта". |
|
|
|