|
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2007 года
|
|
Пошук
Аб выбарах
Усе кампаніі
|
Аналітыка
ДРУГІ КАНГРЭС АПРЫЁРЫ СЛАБЕЙШЫ ЗА ПЕРШЫАўтар: Аляксандр КЛАСКОЎСКІ, аналітык Улада не ўтойвае, што імкнецца праводзіць электаральныя кампаніі без асаблівага ажыятажу. Навошта ўзбуджаць народ палітычнымі пытаннямі? У апанентаў улады задача, як мяркуецца, супрацьлеглая. Але другі Кангрэс дэмакратычных сіл, што арганізуецца імі "ў адным флаконе" з мясцовымі выбарамі, наўрад ці ўсхвалюе шырокія слаі насельніцтва. "Выбарчая кампанія ў рэспубліцы пачалася вельмі спакойна". Гэтую ключавую думку Лідзіі Ярмошынай, кіраўніка Цэнтральнай камісіі па выбарах, урадавае агенцтва БЕЛТА вынесла нядаўна ў загаловак свайго паведамлення. Крыху раней кіраўнік дзяржавы сказаў, што "нам патрэбны мясцовыя Саветы дэпутатаў ад жыцця: не палітызаваныя, не партыйныя, не крыклівыя, не шумлівыя". Улада, такім чынам, услых прагаворвае звышзадачу: не дапусціць палітызацыі грамадства! Часам здаецца, што кіроўныя вярхі лёгка адмовіліся б ад усялякіх выбараў наогул. Але не дазваляе імідж "народнай улады", "усенародна абранага прэзідэнта". У мэтах легітымацыі хочаш не хочаш трэба выконваць рытуал. Палітычныя апаненты ўлады амаль загнаныя ў андэграунд. Іх магчымасці і рэсурсы вельмі абмежаваныя, супраць іх вядзецца гульня без правілаў. Так што, здаецца, і нядобра лішні раз кідаць камень. Але занадта ўжо часта складваецца ўражанне, што з усіх магчымых сцэнарыяў апазіцыя нязменна выбірае найгоршы. Або ж аказваецца, што добрымі намерамі чарговы раз вымашчаная дарога ў пекла. Здаецца, добрая задума: стымуляваць удзел апазіцыянераў у кампаніі мясцовых выбараў, выкарыстоўваючы прынцып "два ў адным". Гэта значыць — каб трыста подпісаў грамадзян за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты адначасова давалі права стаць дэлегатам другога Кангрэса дэмакратычных сіл. Паводле задумы апазіцыйнай вярхушкі, такім чынам з'яўляецца стымул ісці ў народ, несці ў масы дэмакратычныя ідэі. Аднак ёсць сімптомы таго, што інтарэсы міжусобнай барацьбы зноў засланяюць сабой высокародную ідэю камунікацый з насельніцтвам. Ужо пісалася пра тое, што АГП абвінаваціла каманду Мілінкевіча ў пераманьванні партыйнага актыву пад сцягі свайго руху, каб мець больш значную фракцыю на кангрэсе. Вялікая верагоднасць, што збор подпісаў будзе весціся ў асноўным сярод свайго, "праверанага", электарату. То бок ніякага прарыву ў камунікацыях не атрымаецца. Сам другі кангрэс па сваёй ідэалогіі, энергетыцы апрыёры саступае першаму. Тады, увосень 2005 года, была дакладная, усім зразумелая звышзадача — сабраць у кулак дэмакратычныя сілы, вылучыць найбольш моцную і па магчымасці адзіную персанальную альтэрнатыву Лукашэнку. Была мэта перамагчы на выбарах (іншая справа, што хтосьці верыў у яе шчыра, а хтосьці дэклараваў дзяжурна). Увогуле, быў момант грамадскай цікавасці і пад'ёму. А што цяпер?
Вымалёўваецца нейкае міжпартыйнае мерапрыемства. Аляксандр Мілінкевіч у інтэрв'ю радыё "Свабода" ўжо выказаў трывогу, што атрымаецца "звужаны кангрэс", інакш кажучы — "кангрэс палітычных сіл — тых людзей, што ўдзельнічаюць у выбарах". Паводле яго слоў, сярод дэлегатаў "не будзе вельмі многіх актывістаў грамадскіх арганізацый, не будзе пісьменнікаў, не будзе журналістаў, не будзе прадпрымальнікаў і гэтай далей". Паводле слоў палітолага Валерыя Карбалевіча, ініцыятары форуму жадаюць вырашыць як мінімум дзве задачы. Па-першае, перафарматаваць кіроўныя органы кааліцыі, выціснуўшы з іх прадстаўнікоў віртуальных структур. Па-другое, разабрацца са статусам "першага сярод роўных", якім сёння з'яўляецца Мілінкевіч. Многім здаецца, што тытул "лідэр беларускай апазіцыі", які нефармальна ўжывае яго асяроддзе, для сённяшніх рэалій занадта гучны. Ці не лепш зрабіць старшыню Палітсавета аб'яднаных дэмакратычных сіл у большай ступені функцыянерам, фігурай тэхнічнай? На думку шэрагу назіральнікаў, тут чытаецца жаданне партыйных лідэраў атрымаць большую "свабоду рук". Выбары мінулай вясны прайграныя, новая сур'ёзная бітва за ўладу — не хутка, дык дзеля чаго "гарбаціцца" на былога "адзінага кандыдата"? З пункту гледжання апазіцыйнай эліты, гэтыя пытанні сапраўды надзённыя. Але яны маюць выключна ўнутраны характар. Сотням тысяч дэмакратычна настроеных грамадзян — тых самых, якіх партыйныя лідэры даўно мараць уцягнуць у нейкі шырокі рух за перамены — ні холадна ні горача ад бясконцага перафарматавання кіроўных структур кааліцыі. І таму другі кангрэс наўрад ці будзе падзеяй для беларускага грамадства. Да таго ж ён можа яшчэ больш раскалоць лагер палітычных апанентаў улады. |
|
|
|