Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2007 года
 
Аналітыка

ШЫРОКІ БРОЎНАЎСКІ РУХ

Аўтар: Павел КІРЫЛАЎ, аглядальнік

Беларуская палітыка ў цэлым сумная — і тут амаль нічога не мяняюць нават выбарчыя кампаніі, тым больш мясцовыя выбары. Затое ў апазіцыйных колах зноў кіпіць міжусобная барацьба. Вось толькі дэмакратычны электарат гэтыя жарсці наўрад ці заінтрыгуюць — хіба ўпершыню?
Мясцовыя выбары для апазіцыйных палітыкаў яўна адышлі на другі план, галоўная мэта — падрыхтоўка да Кангрэсу дэмакратычных сіл. На ім, верагодна, вырашыцца пытанне лідэрства, моцна прыпраўленае асабістымі амбіцыямі і меркантылізмам.

Падзеі ў апазіцыйным асяроддзі сталі развівацца скандальна. І гэта толькі пачатак. Ці тое яшчэ будзе напярэдадні кангрэсу! Кіраўніцтва Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) узняло шум з прычыны таго, што яе сябрам паступаюць прапановы падпісаць заяву на імя экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча. Інакш кажучы, прысягнуць канкурэнту лідэра АГП Анатоля Лябедзькі ў барацьбе за статус лідэра аб'яднанай апазіцыі!

Тэкст заявы такі: "Паважаны Аляксандр Уладзіміравіч, прашу Вас стаць членам ініцыятыўнай групы па вылучэнні мяне (прозвішча) у якасці дэпутата мясцовага савета. У выпадку калі я буду зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты мясцовага савета, прашу быць маёй даверанай асобай. Са свайго боку бяру на сябе абавязацельства папулярызаваць праграму, ідэі і дзейнасць руху "За свабоду". У выпадку правядзення Кангрэсу дэмакратычных сіл абавязуюся ўвайсці ў склад фракцыі руху "За свабоду".

"Як вядома, ніякага руху яшчэ не створана, і сам Мілінкевіч выказваў сумненні, ці паспеюць гэта зрабіць да кампаніі "мясцовыя выбары", — заявіла ў сувязі з гэтым прэс-служба АГП. — Значыць, сутнасць у іншым. Сутнасць у кангрэсе. І ў выбарах старшыні Палітрады аб'яднаных дэмсіл. Цудоўна, калі б стварэнне чарговага руху, як гэта і дэкларавалася спачатку, увабрала ў сябе новых людзей. І калі б гэтых людзей мабілізаваў Мілінкевіч — яму можна было б толькі падзякаваць. Аднак адбываецца зусім іншае".

"Аргкамітэт па стварэнні руху Мілінкевіча, як і прагназавалі многія аналітыкі, на жаль, пайшоў па накатаным шляху фарміравання, які апрыёры з'яўляецца контрпрадуктыўным, — канстатуе кіраўнік выбарчага штаба Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Паўлаў. — У Мінску і Гомелі сяброў палітычных партый стымулююць падпісваць заяву, якая ўказвае на іх прыналежнасць да ствараемага руху. Падпісанты павінны ўзяць на сябе пісьмовае абавязацельства ўвайсці ў склад фракцыі Мілінкевіча ў Кангрэсе дэмсіл. Гэтакі бартэр. Метады стымулявання даўно вядомыя і не вылучаюцца навізной. Відавочна, што ператасоўка наяўнага чалавечага патэнцыялу не вядзе да ўзмацнення апанентаў улады. Наадварот, узнікае дадатковы асяродак напружанасці. Наўрад ці гэта выкліча захапленне ў структурах, членаў якіх пераманьваюць пад іншую палітычную шыльду".

Што з'яўляецца грунтам для заключэння такога кшталту кантракту? Як плануецца заахвочваць тых, хто заключыць гэты кантракт? І калі гэта матэрыяльнае стымуляванне, то ці можна гаварыць аб мэтавым выкарыстанні сродкаў, што накіроўваюцца на развіццё беларускай дэмакратыі? Такімі пытаннямі задаюцца ў АГП.

Каманда Мілінкевіча адмаўляцца не стала, вось толькі акцэнты расставіла іншыя. Праўда, не вельмі выразныя.

Тое, што экс-кандыдату ў прэзідэнты не ўдалося сфарміраваць рух за кошт свежай апазіцыйнай крыві — факт, таму даводзіцца, будзем называць рэчы сваімі імёнамі, вербаваць членаў апазіцыйных партый. З другога боку, калі адгукаюцца, значыць, Мілінкевіч для іх з'яўляецца аўтарытэтным палітыкам, а дзейнасцю сваіх партыйных лідэраў гэтыя актывісты не зусім задаволеныя.

Прэс-сакратар Мілінкевіча Павел Мажэйка пацвердзіў у інтэрв'ю "Белорусской неделе" існаванне такога дакумента і той факт, што сябрам розных апазіцыйных партый прапаноўваецца яго падпісаць. Ён таксама растлумачыў, навошта гэта трэба. Маўляў, каманда Мілінкевіча будзе дапамагаць актывістам апазіцыі на выбарах, але паколькі яна многіх апазіцыянераў асабіста не ведае, і патрэбны такі дакумент аб узаемадзеянні. То бок гэта нешта накшталт гарантыйнага палітычнага ліста. Паводле слоў Паўла Мажэйкі, гэтая заява-просьба — "страхоўка ад магчымых правакацый, у тым ліку і з боку ўладаў".

Ён таксама паведаміў, што заявы па гэтым ўзоры ўжо напісалі прадстаўнікі ўсіх апазіцыйных партый, праўда, дакладнай іх колькасці не назваў. Павел Мажэйка гаворыць, што абарончая рэакцыя АГП і іншых партый зразумелая, але Мілінкевіч даўно заяўляў, што нельга бяздзейнічаць: "І вось цягнік пайшоў, але замест таго, каб сесці туды, лідэры партый спрабуюць яго спыніць".

Дарэчы, АГП, што раней, як і Партыя БНФ, забараніла сваім сябрам удзельнічаць у руху "За свабоду", пужае іх цяпер тым, што падпісанне згаданага дакумента можа стаць доказам удзелу апазіцыянера ў незарэгістраванай арганізацыі і пацягнуць за сабой пераслед з боку ўладаў. Тым больш што такія судовыя працэсы праходзяць у апошні час рэгулярна.

Партыйныя лідэры скарысталі яшчэ адну абарончы захад: прынялі на Палітсавеце аб'яднаных дэмакратычных сіл рашэнне аб тым, што брэнд "За свабоду" — агульны для ўсёй дэмакратычнай кааліцыі. Гэта значыць Мілінкевіч не мае права яго эксплуатаваць. Урэшце, яго камандзе нічога не варта ўзбуйняцца і ўзмацняцца да кангрэсу і без гэтай шыльды. Або рабіць гэта канспіратыўна.

Як бы там ні было, па-першае, чарговы гучны абмен папрокамі не пойдзе на карысць іміджу апазіцыі, а па-другое, дэмакратычныя сілы рызыкуюць аслабець структурна, бо, па сутнасці, партыі расколваюцца.