|
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2007 года
|
|
Пошук
Аб выбарах
Усе кампаніі
|
Аналітыка
УЛАДЫ БАЯЦЦА НАВАТ НЕЗАРАДЖАНАЙ СТРЭЛЬБЫ
Унясенне змяненняў у выбарчае заканадаўства напярэдадні мясцовых выбараў сталася зусім нечаканым для палітычнай грамадскасці. Для такіх дзеянняў уладаў, здавалася, не было ніякіх сур'ёзных падстаў, карэкціроўка гэтых законаў на першы погляд зусім не вынікала з палітычнай логікі. Мінулыя прэзідэнцкія выбары прадэманстравалі, што дзяржаўнае кіраўніцтва цалкам кіруе выбарчым працэсам. Механізм атрымання патрэбнага выніку даведзены да мяжы дасканаласці, дзейнічае без збояў. Здавалася б, што яшчэ трэба? Так, Захад і апазіцыя даўно і настойліва прапануюць дэмакратызаваць Выбарчы кодэкс. У 2004 годзе група апазіцыянераў нават правяла галадоўку з гэтым патрабаваннем. Але кіроўная каманда катэгарычна адкідала ўсе заклікі такога кшталту, спасылаючыся на тое, што, маўляў, заканадаўства мусіць быць стабільным, яго нельга часта мяняць, асабліва напярэдадні выбарчай кампаніі. І вось зараз, забыўшыся на ўсе ранейшыя аргументы, якраз перад самымі мясцовымі выбарамі ўлады вельмі аператыўна ўнеслі папраўкі. У Беларусі мясцовыя Саветы — гэта нязграбная імітацыя народнага прадстаўнцітва. Таму цяперашняя выбарчая кампанія, адрозна ад прэзідэнцкіх выбараў, не ёсць барацьбой за рэальную ўладу. І гэта, здавалася б, тым больш не дае падстаў для нейкага заклапочання, ліхаманкавага змянення выбарчага заканадаўства. Галоўная навацыя — правядзенне мясцовых выбараў за адзін тур. Аднак цягам апошніх кампаній галасаванне практычна і так праходзіла за адзін тур. Выбарчыя камісіі лёгка знаходзілі фармальную прычыну, каб зняць з выбараў любога неўпадабанага кандыдата. то бок цяперашні кодэкс ніяк не перашкаджаў уладам дасягаць патрэбных вынікаў. Апрача таго, пераход (упершыню ў гісторыі Беларусі) да мажарытарнай сістэмы адноснай большасці на мясцовых выбарах — гэта змена ўсёй выбарчай ідэалогіі ўладаў. Дагэтуль афіцыёзныя прапагандысты сцвярджалі, што, маўляў, у нас, адрозна ад іншых краін, сапраўдная дэмакратыя, бо абраныя дэпутаты маюць значную народную легітымнасць, за іх галасуюць звыш 50% насельніцтва. З гэтай прычыны ўлады ўсяляк працівіліся адмене палажэння, згодна з якім для абрання дэпутата неабходна, каб да урнаў прыйшлі больш за палову выбарцаў, а пераможца, у сваю чаргу, атрымаў бы звыш 50% галасоў. І нават у сярэдзіне 90-х гадоў, калі народ не хацеў прыходзіць на ўчасткі і некаторыя выбары зрываліся, адміністрацыя прэзідэнта не хацела нічога мяняць, упарта трымаючыся за тэзіс, што сапраўдная дэмакратыя — гэта калі дэпутата абірае абавязкова большасць насельніцтва. І вось зараз усё нечакана змянілася. Мажарытарная сістэма адноснай большасці азначае, што ў першым туры пераможцам становіцца той, хто набраў проста больш галасоў, чым канкурэнты. Тэарэтычна зараз дэпутатам можна стаць, атрымаўшы нават 5% галасоў выбарцаў, калі іншыя кандыдаты набралі яшчэ менш. Што ж прымусіла ўлады адмовіцца ад ранейшых прапагандысцкіх пастулатаў і паспешліва скарэктаваць заканадаўства перад мясцовымі выбарамі? Уяўляецца, што гэтыя экстраныя папраўкі сталі вынікам нядаўняй прэзідэнцкай кампаніі. Колькі б апазіцыя ні сцвярджала, што выбараў у Беларусі ў сапраўдным сэнсе гэтага слова даўно няма, аднак насамрэч ўсё больш складана. Для любой самай недэмакратычнай улады, якая фармальна засноўвае сваё кіраванне на волі народа (выключэнне складаюць абсалютныя манархіі, у якіх панаванне абгрунтоўваецца воляй Бога), выбары маюць культавае значэнне, бо яны — аснова легітымнасці. Нават у СССР, дзе выбары былі поўнай фікцыяй, іх разглядалі як вельмі важную кампанію, дакладна выконвалі ўсе працэдуры, адмова ж грамадзяніна ад галасавання ўспрымалася як палітычны скандал. Сакавіцкія выбары чарговы раз паказалі, што любая агульнанацыянальная электаральная кампанія, цягам якой неабходна выконваць нейкія мінімальныя прававыя працэдуры, — гэта заўсёды міні-крызіс. Пад якім бы жорсткім кантролем уладаў яна ні праходзіла, усё роўна выбарчы працэс узрушвае і палітызуе грамадства, дае ў рукі апазіцыі легальныя магчымасці камунікацыі з насельніцтвам. Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі выбары з простай фармальнасці, закліканай легітымаваць кіраванне той ці іншай палітычнай групы, ператваралася ў рэальную барацьбу за ўладу з непрадказальным вынікам. Кажуць, нават незараджаная стрэльба часам страляе. Патрэба ў легітымацыі пабуджае ўлады прадаставіць сваім праціўнікам на перыяд кампаніі мінімальную законную магчымасць агітацыі, што беларуская апазіцыя някепска скарыстала падчас мінулай кампаніі. Відавочна, таму кіроўныя вярхі адчуваюць пэўны страх перад выбарамі наогул. Калі пазбегнуць іх нельга, дык трэба хаця бы скараціць час выбарчай кампаніі. Так, замест двух тураў пакінулі толькі адзін. З іншага боку, папраўкі закліканы спрасціць выбарчым камісіям задачу атрымання патрэбнага выніку. Цяпер не трэба забяспечваць "свайму" кандыдату абавязкова звыш 50% галасоў, дастаткова, каб ён атрымаў больш, чым сапернікі. Гэта для сябраў выбарчых камісій прасцей і тэхналагічна, і маральна. Адна справа набаўляць 30-40%, іншая — 10-15%. Сутнасць астатніх паправак палягае ў тым, каб збудаваць новыя перашкоды для прадстаўнікоў апазіцыі, стварыць яшчэ больш прававых магчымасцяў дня зняцця іх кандыдатур, абцяжарыць назіранне за галасаваннем. Цяпер, напрыклад, правядзенне любой агітацыі да афіцыйнага абвяшчэння выбараў ёсць парушэннем закона, якое можа стаць падставай для адмовы ў рэгістрацыі. Згодна са змяненнямі ў заканадаўстве, цяпер для сустрэчы з выбарцамі па-за памяшканнем трэба прасіць дазвол ва ўладаў. Яны могуць не дазволіць сустрэчу або прызначыць яе ў нязручны час і ў нязручным месцы. Гэтыя папраўкі аказаліся зусім нечаканымі для апазіцыі, якая нават не паспрабавала арганізаваць сустрэчную піяр-кампанію. Толькі Аб'яднаная грамадзянская партыя ў апошні момант накіравала дэпутатам Палаты прадстаўнікоў свой варыянт змяненняў у Выбарчы кодэкс. На жаль, апазіцыя занадта занятая сваім унутраным жыццём, каб аператыўна і тэхналагічна рэагаваць на важныя палітычныя падзеі. |
|
|
|