Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2007 года
 
Аналітыка

ВЫБАРЫ ЗРОБЯЦЬ ЯШЧЭ БОЛЬШ ЭКАНАМІЧНЫМІ

Аўтар: Аляксандр КЛАСКОЎСКІ, аналітык

Хутка беларускае выбарчае заканадаўства будзе скарэктавана. Прадугледжваецца, што ўжо ў самым пачатку восеньскай сесіі Палата прадстаўнікоў разгледзіць законапраект "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях правядзення выбараў і рэферэндумаў". Папраўкі закрануць Выбарчы кодэкс, законы аб прэзідэнце і аб масавых мерапрыемствах. Але той дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства, якой даўно дабіваюцца апазіцыя і Захад, не прадбачыцца.

Улада стараецца зрабіць электаральны працэс яшчэ больш эканамічным і тэхналагічным (са свайго пункту гледжання). Так, вырашана праводзіць усе мясцовыя выбары ў адзін тур. Мандат дастаецца таму, хто набірае простую большасць галасоў (раней патрэбна было больш за 50%, з-за чаго і ўзнікала часам неабходнасць другога раунда). Прадстаўнікі Цэнтральнай камісіі па выбарах нястомна падкрэсліваюць свой клопат аб эканоміі дзяржаўных сродкаў, хаця ўжо куды далей! Электаральныя кампаніі і так бляклыя і ўбогія.

Забарона на публікацыю сацыялагічных звестак электаральнай тэматыкі будзе распаўсюджвацца зараз толькі на пяць (замест 10) апошніх дзён перад выбарамі. Здаецца нават прагрэсіўная навацыя. Але незалежныя эксперты заўважаюць: калі гэтай восенню прымуць яшчэ і закон "Аб апытаннях грамадскай думкі" (ён таксама рыхтуецца), то ўлада засцеражэ сябе ад "некіруемых" сацыялагічных службаў. Абавязковая акрэдытацыя можа стаць непераадольным бар'ерам для незалежных сацыёлагаў. Так што шырокая публіка даведаецца з газет, хутчэй за ўсё, толькі звесткі лаяльных даследчых структур…

З артыкула 8 закона аб прэзідэнце выключаць пасаж аб тым, што "адна і тая ж асоба не можа быць прэзідэнтам больш за два тэрміны". Адразу пасля рэферэндуму-2004, які зняў гэтае абмежаванне, паправілі толькі канстытуцыю, а вось пра іншыя законы, відаць, забыліся. Што давала апазіцыі падставу нават патрабаваць адмены рэгістрацыі Аляксандра Лукашэнкі на мінулых прэзідэнцкіх выбарах. Зараз у апанентаў улады выбілі глебу для такіх прыдзірак.

Яшчэ некалькі мяркуемых паправак яўна заганяюць апазіцыянераў у больш жорсткія рамкі. Так, назіральнікам на выбарах, згодна з праектам, зможа стаць толькі член партыі або грамадскай арганізацыі (а не любая ўпаўнаважаная імі асоба). Кандыдата могуць пазбавіць рэгістрацыі (а прэтэндэнта — не зарэгістраваць) за выкарыстанне недазволенай грашовай або іншай матэрыяльнай дапамогі. Нарэшце, усе сустрэчы кандыдатаў з выбаршчыкамі на свежым паветры запатрабуюць дазволу "вертыкалі", гэта значыць прыраўнуюцца да мітынгаў і дэманстрацый.

Відавочна, што "наверсе" атрымалі ўрокі з мінулай прэзідэнцкай кампаніі. Тады, напрыклад, Аляксандр Мілінкевіч, упіраючы на свае каныдацкія правы, не аднойчы ладзіў на вуліцы шматлюдныя мерапрыемствы без санкцыі ўладаў, чым, вядома, добра патрапаў ім нервы. Невыпадковая і асаблівая ўвага распрацоўшчыкаў закона да крыніцаў грашовых сродкаў кандыдатаў.

У нядаўнім інтэрв'ю газеце "Звязда" кіраўнік Цэнтральнай камісіі па выбарах Лідзія Ярмошына была дастаткова шчырая. Паводле яе слоў, Мілінкевіч падчас мінулай кампаніі шырока карыстаўся друкаванай прадукцыяй, вырабленай у Расіі. "А Выбарчы кодэкс, — нагадала кіраўнік ЦВК, — прама абвяшчае аб тым, што на правядзенне выбараў не могуць выкарыстоўвацца сродкі замежных структур і дзяржаў. Але атрымалася так, што прэтэндэнты (...) наогул пазбягалі адказнасці. Зараз мы ўводзім адказнасць ужо на стадыі вылучэння. Калі ты парушаеш закон і выкарыстоўваеш замежную дапамогу, то табе могуць адмовіць у рэгістрацыі".

Папраўкі, як мяркуецца, прагоняць праз парламент у тэмпе. Заўважым, што раней на прапановы апазіцыі дэмакратызаваць Выбарчы кодэкс сакратар ЦВК Мікалай Лазавік любіў адказваць афарызмам: "Не тады сабак карміць, калі на паляванне ісці". Гэта значыць, не час перайначваць законы, калі чарговая кампанія на носе. Але ж амаль заўсёды якая-небудзь кампанія не за гарамі... Разам з тым, як бачым, калі карэктывы на руку ўладам, ім даецца зялёная вуліца.

"Гэтыя папраўкі выглядаюць пераважна тэхнічнымі, — каментуе юрыст, старшыня выканкама Аб'яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер. — Але ў іх ёсць, вядома, і палітычны падтэкст. Шэраг навэл звузяць магчымасці апазіцыі".

Разам з тым, мяркуе эксперт, адмена другога тура на мясцовых выбарах можа аблегчыць рэгістрацыю апазіцыйных прэтэндэнтаў на мандаты. Паколькі па правілах кандыдату ад улады ўжо не абавязкова набіраць больш за палову галасоў, то "вертыкаль", магчыма, не будзе так ужо бязлітасна "зразаць" яго канкурэнтаў. Няхай іх шанцы на перамогу застануцца прымхлівымі, але, па крайняй меры, з'явяцца дадатковыя магчымасці камунікацыі з электаратам.

Другі незалежны юрыст, Міхаіл Пліско, выказаў думку, што новаўвядзенні мала што зменяць у цяперашніх умовах, калі ўлада ўпэўнена праводзіць любыя выбары па сваім сцэнарыі. "Аднак сам прэцэдэнт карэкціроўкі Выбарчага кодэкса, які выглядаў раней "свяшчэннай каровай", дае апазіцыі аргумент на будучае", — заўважыў эксперт.