Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 1999 года
 
Вынiкi
САВЕТЫ СФАРМАВАНЫЯ, ШЭРАГ ПАРТЫЙ КАМПАНІЮ БАЙКАТАВАЛІ,
АБСЕ ПАЛІЧЫЛА ЗАКОН АБ МЯСЦОВЫХ ВЫБАРАХ НЕДЭМАКРАТЫЧНЫМ



Першы тур выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 23-га склікання адбыўся 4 красавіка, а другі — 16 красавіка 1999 года.

З 7 375 865 выбаршчыкаў, унесеных у спісы для галасавання, удзел у першым туры ўзялі 4 933 007 (66,9 працэнта).

Па выніках першага тура вызначыліся 23 750 дэпутатаў, у правамоцным складзе абраныя 1 683 мясцовыя Саветы.

Другі тур праходзіў у 313 выбарчых акругах.

Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, аб'яўленых 23 красавіка 1999 года, у выніку выбараў з 1 694 мясцовых Саветаў у правамоцным складзе сфармаваныя 1 692.

З 24 566 дэпутацкіх вакансій занятымі аказаліся 24 058, або 98 працэнтаў.

8 827 (37,6 працэнта) дэпутатаў новага склікання — жанчыны; 1 246 — моладзь да 30 гадоў; 12 618 (52,4 працэнта) — не з'яўляліся дэпутатамі мінулых скліканняў.

97,2 працэнта дэпутатаў не належаць ні да адной з палітычных партый.

Партыя камуністаў Беларуская мае прыкладна 250 дэпутатаў, Камуністычная партыя Беларусі — 130, Аграрная партыя — 30 дэпутатаў.

Паводле афіцыйных звестак, за два туры ў Цэнтральную камісію па выбарах паступілі ўсяго чатыры акты, складзеныя па фактах парушэння выбарчага заканадаўства.

Разам з тым служба маніторынгу Беларускага Хельсінкскага камітэта, каментуючы кампанію, заявіла, што ўпершыню з часоў СССР выбары ў Беларусі набылі "фіктыўны характар".

У прыватнасці, было ўказана на іх безальтэрнатыўны характар у многіх акругах, мэтанакіраванае адсейванне непажаданых кандыдатаў, ціск адміністрацыі прадпрыемстваў і ВНУ на выбаршчыкаў з мэтай забяспячэння яўкі на ўчасткі.

Назіральнікі БХК і Усебеларускага клуба выбаршчыкаў зафіксавалі вялікую колькасць парушэнняў.

Шэраг апазіцыйных партый байкатавалі выбары.

АБСЕ прыняла рашэнне не прысылаць на іх сваіх назіральнікаў. Рашэнне матывавалася тым, што палажэнні прынятага прыканцы 1998 года закона "Аб выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь" не адпавядаюць прынцыпам правядзення свабодных дэмакратычных выбараў.

Пры гэтым Кансультатыўна-назіральная група АБСЕ ў Мінску адзначыла такія негатыўныя рысы выбараў, як адсутнасць канкурэнцыі ў многіх акругах і нізкая актыўнасць выбаршчыкаў.


 
Кандыдаты