Хронiка
ДРУГI ТУР ВЫБАРАЎ У МЯСЦОВЫЯ САВЕТЫ Ў ГОМЕЛI НЕ АБЫШОЎСЯ БЕЗ IНЦЫДЭНТУ
1999-04-17 14:40
Аўтар: Iрына ШАНЦАВА, БелаПАН.
Гомель, 17 красавiка. 16 красавiка, у другiм туры выбараў у мясцовыя Саветы, перад самым заканчэннем галасавання здарыўся iнцыдэнт на адным з выбарчых участкаў Гомеля. Адным з яго ўдзельнiкаў стала ўласны карэспандэнт "Белорусской деловой газеты" i iнфармацыйнага агенцтва БелаПАН па Гомельскай вобласцi Iрына Макавецкая. Яна не прымала ўдзелу ў першым туры галасавання, а выканаць свой грамадзянскi абавязак у другiм туры яе асабiста запрасiў старшыня ўчастковай выбарчай камiсii N 55 Чапаеўскай выбарчай акругi N 13 Анатоль Руксаў, пазванiўшы прама ў карпункт. I.Макавецкая прыйшла на ўчастак прыкладна ў 21.35 i, прагаласаваўшы, мела намер застацца назiраць за заканчэннем галасавання i падлiкам галасоў. Гэтае права СМI прадугледжана законам "Аб выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў РБ", прычым не патрабуецца нiякай акрэдытацыi. Аднак старшыня камiсii Руксаў запярэчыў, сказаўшы, што яму закон - не ўказ i ён падпарадкоўваецца толькi ўказанням адмiнiстрацыi Чыгуначнага раёна, дзе i размешчаны дадзены ўчастак. Яму давялося перазванiць туды, i супрацоўнiца, якая яму адказала, пацвердзiла, што прадстаўнiкi СМI могуць назiраць за выбарамi, i патлумачыла Руксаву, якiя ў карэспандэнтаў-назiральнiкаў ёсць правы. Прыкладна ў 21.50 А.Руксаў запатрабаваў у I.Макавецкай пасведчанне. З сабою ў яе аказалася толькi пасведчанне карэспандэнта БелаПАН. Усе дадзеныя, што там утрымлiвалiся, былi перапiсаны, i Руксаў зноў пайшоў званiць. Вярнуўшыся, ён абвясцiў, што ведае толькi такiя СМI, як "Гомельская праўда" i "Гомельские ведомости" - газеты абласнога i гарадскога выканкамаў, а адзiная функцыя iнфармацыйнай кампанii БелаПАН - на ягоную думку, рэклама, якая "абслугоўвае невядома чые iнтарэсы", i таму яе карэспандэнт не можа быць назiральнiкам. Узнiкшае высвятленне адносiнаў было спынена двума мужчынамi, якiя, як пад канвоем, вывелi журналiстку з участка.
17 красавiка I.Макавецкая падала заяву старшынi гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камiсii Мiкалаю Усаву аб iнцыдэнце, што адбыўся на ўчастку.