Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 1999 года
 
Хронiка

КIРАЎНIК ЦЭНТРВЫБАРКАМА Л.ЯРМОШЫНА ЗАЯВIЛА, ШТО ЗАДАВОЛЕНА ВЫНIКАМI ПЕРШАГА ТУРУ ВЫБАРАЎ У МЯСЦОВЫЯ САВЕТЫ ДЭПУТАТАЎ


1999-04-06 17:20

Аўтар: Юрый ПАЦЁМКIН, БелаПАН.

Мiнск, 6 красавiка. У вынiку першага туру выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў, якi прайшоў 4 красавiка, удалося поўнасцю сфармiраваць сельскiя i пасялковыя Саветы. Аб гэтым БелаПАН паведамiла старшыня Цэнтральнай камiсii Рэспублiкi Беларусь па выбарах i правядзеннi рэспублiканскiх рэферэндумаў Лiдзiя Ярмошына.
Паводле яе слоў, з 412 дэпутацкiх месцаў у абласных Саветах запоўнена 287 вакансiй, што дазволiла сфармiраваць усе абласныя Саветы за выключэннем Мiнскага гарадскога, якi таксама прыраўнаваны да абласных. Яшчэ па 84 выбарчых акругах пройдзе другi тур галасавання; у астатнiх 41-й павiнны прайсцi паўторныя выбары. Аднак, як лiчыць кiраўнiк Цэнтрвыбаркама, з-за таго, што паўторныя выбары, згодна з законам, павiнны праводзiцца за кошт мясцовых бюджэтаў, улады наўрад цi пойдуць на дадатковыя выдаткi i ўжо пасля другога туру Саветы будуць сфармiраваны ў легiтымным складзе.
Асаблiвая сiтуацыя склалася ў сталiцы рэспублiкi, дзе выбары адбылiся толькi ў 33 з 52 акруг; у Мiнскi гарсавет абраны ўсяго 12 дэпутатаў. Аднак, як лiчыць Л.Ярмошына, неабходныя для фармiравання легiтымнага Савета 15 дэпутацкiх месцаў могуць быць набраны пры паўторным галасаваннi, якое пройдзе 18 красавiка. З 25 гарадскiх Саветаў у гарадах абласнога падпарадкавання, па iнфармацыi Цэнтрвыбаркама, сфармiравана ў легiтымным складзе 17 Саветаў. У астатнiх пройдзе другi тур галасавання.
Л.Ярмошына заявiла, што задаволена вынiкамi першага туру галасавання, паколькi мэта, якую ставiў перад сабой Цэнтрвыбаркам, дасягнута - большасць мясцовых Саветаў сфармiравана. Акрамя таго, адзначыла яна, выбары прайшлi на "вельмi высокiм" арганiзацыйным узроўнi i нiякiх пiсьмовых скаргаў на парушэнне заканадаўства падчас выбараў у камiсiю пакуль не паступала.
Канчатковыя вынiкi першага туру выбараў у мясцовыя Саветы Рэспублiкi Беларусь павiнны быць падведзены 8 красавiка.