Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 1999 года
 
Хронiка

У ГОМЕЛI СКЛАДЗЕНА КАЛЯ 75 ПРАТАКОЛАЎ I ЗАЯЎ ПА ВЫЯЎЛЕНЫX ПАДЧАС ГАЛАСАВАННЯ ПАРУШЭННЯX


1999-04-05 18:10

Аўтар: Iрына МАКАВЕЦКАЯ, БелаПАН.

Гомель, 5 красавiка. 4 красавiка падчас правядзення выбараў ў Гомелi ў мясцовыя Саветы дэпутатаў прадстаўнiкамi дэмакратычных партый i арганiзацый было складзена каля 75 пратаколаў i заяў па выяўленых парушэннях. Большая iхняя частка звязана з недапушчэннем назiральнiкаў на ўчасткi. У Гомелi такiх аказалася 53 чалавекi.
Яшчэ частка парушэнняў зафiксавана па працэдуры галасавання па месцы знаходжання выбаршчыка. Як вядома, Закон "Аб выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублiкi Беларусь" прадугледжвае складанне асобных спiсаў выбаршчыкаў, якiя пажадалi галасаваць на даму. На практыцы ж атрымалася, што асобныя ўчастковыя камiсii наведвалi на даму ўсiх жанчын старэй за 60 i мужчын старэй за 65 гадоў. Такiя факты адзначалiся ў Савецкiм раёне Гомеля. Па некаторых звестках, адпаведныя ўказаннi на гэты кошт былi дадзены старшыням выбарчых камiсiй у адмiнiстрацыi Савецкага раёна, кiраўнiк якога - Таццяна Фiлiмончык - балацiравалася ў дэпутаты як гарадскога, так i абласнога Саветаў.
У Навабелiцкiм раёне Гомеля на адной з вулiц група з пяцi чалавек прапаноўвала галасаваць прахожым. Акрамя таго, некаторыя пратаколы датычацца зместу стэндаў, выстаўленых на ўсiх участках, дзе знаходзiлiся перадвыбарчыя ўлёткi кандыдатаў, тады як закон дазваляе размяшчаць у дзень галасавання выключна бiяграфii прэтэндэнтаў.
Усе факты парушэнняў на выбарах перададзены ў пракуратуры адпаведных раёнаў Гомеля. Яшчэ адзiн матэрыял накiраваны пракурору Чачэрскага раёна, дзе ў мясцовыя Саветы балацiравалiся два старшынi калгасаў, якiя маюць непагашаную адмiнiстрацыйную адказнасць.