Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 1999 года
 
Хронiка

ШЭРАГ ПАРУШЭННЯЎ ВЫБАРЧАГА ЗАКАНАДАЎСТВА АДЗНАЧАНЫ ПАДЧАС ВЫБАРАЎ У МЯСЦОВЫЯ САВЕТЫ Ў БРЭСЦКАЙ ВОБЛАСЦI


1999-04-05 19:00

Аўтар: Валянцiна КАЗЛОВIЧ, БелаПАН.

Брэст, 5 красавiка. Паводле даных Брэсцкай абласной выбарчай камiсii, 4 красавiка ў выбарах узялi ўдзел 69,2 працэнта жыхароў вобласцi, якiя маюць выбарчае права.
У Брэсцкi абласны Савет у 62 акругах былi абраныя 49 дэпутатаў - гэтага дастаткова, каб Савет лiчыўся правамоцным. У адной выбарчай акрузе выбары ў аблсавет не адбылiся з-за нiзкай яўкi выбаршчыкаў, у трох - нiхто з прэтэндэнтаў не набраў патрэбнай колькасцi галасоў. Такiм чынам, у 13 акругах будзе праведзены дадатковы тур галасавання па выбарах у Брэсцкi абласны Савет.
Гарадскi савет належным чынам сфармiраваны толькi ў Кобрыне. У Брэсце з 40 неабходных абраны толькi 17 дэпутатаў, у Баранавiчах з 36 - 14, у Пiнску з 30 - таксама 14. У большасцi гарадоў вобласцi трэба будзе правесцi другi тур галасавання. Выбары ў пасялковыя i сельскiя саветы Брэстчыны былi практычна безальтэрнатыўнымi i прайшлi найбольш арганiзавана: усе саветы сфармiраваныя.
Як стала вядома карэспандэнту БелаПАН, грамадскiя назiральнiкi адзначылi шэраг парушэнняў закона "Аб выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублiкi Беларусь". Самым распаўсюджаным з iх стала парушэнне артыкула 53 закона, якi абвяшчае, што галасаванне за iншых асоб не дапускаецца: многiя iшлi на ўчасткi з пашпартамi ўсёй сям'i, каб аднаму прагаласаваць за ўсiх.