Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 1999 года
 
Хронiка

ПАСЛЯ ПЕРШАГА ТУРА МЯСЦОВЫX ВЫБАРАЎ У МIНГАРСАВЕТ АБРАНА 12 ДЭПУТАТАЎ


1999-04-05 20:40

Аўтар: Юрый ПАЦЁМКIН, БелаПАН.

Мiнск, 5 красавiка. Як паведамiў БелаПАН старшыня мiнскай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камiсii Мiхаiл Савановiч, падчас першага тура выбараў, што прайшоў у рэспублiцы ў мiнулыя выхадныя, у сталiчны гарадскi Савет абрана 12 дэпутатаў. Дарэчы, Мiкалай Карлоўскi, Людмiла Смотрыкава i Уладзiмiр Краўчанка - з'яўляюцца дэпутатамi Мiнгарсавета цяперашняга склiкання. Акрамя таго, у другi тур выйшлi старшыня Мiнгарсавета Аляксандр Папкоўскi i ягоны намеснiк, старшыня Беларускага саюза прадпрымальнiкаў Уладзiмiр Карагiн.
Паводле слоў М.Савановiча, выбары адбылiся ў 33 з 52 выбарчых акругоў сталiцы. Найбольшая актыўнасць выбаршчыкаў адзначана ва Усходняй выбарчай акрузе (Першамайскi раён), дзе на выбарчыя ўчасткi прыйшлi 58,4 працэнта ад агульнай колькасцi грамадзян, уключаных у спiсы для галасавання. Варта адзначыць, што на тэрыторыi дадзенай акругi размешчана 120-я мотастралковая дывiзiя. Ваенныя ж традыцыйна галасуюць арганiзавана, што i было адлюстравана ў высокай яўцы выбаршчыкаў. Найменшая актыўнасць зафiксавана ва Уручанскай выбарчай акрузе таго ж Першамайскага раёна - 34 працэнты прагаласаваўшых. Усяго ў Мiнску, па даных М.Савановiча, у выбарах узялi ўдзел 603 тысячы 410 чалавек, альбо 48 працэнтаў ад агульнай колькасцi выбаршчыкаў.
Старшыня гарадской камiсii паведамiў таксама, што нiякiх скаргаў на парушэннi закона альбо недастатковую арганiзацыю выбараў да iх не паступала.
Другi тур галасавання, як вядома, павiнен прайсцi 18 красавiка. Для таго, каб сфармiраваць легiтымны склад Мiнгарсавета неабходна, каб на дадзеным этапе было даабрана яшчэ не менш за 15 дэпутатаў.