|
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 1999 года
|
|
Пошук
Аб выбарах
Усе кампаніі
|
Аналiтыка
ВЫБАР ПРАВІЛЬНАЙ ТАКТЫКІ — СУР'ЁЗНАЯ ПРАБЛЕМА ДЛЯ АПАЗІЦЫІАўтар: Валерый КАРБАЛЕВІЧ, кандыдат гістарычных навук Сёлета пасля чатырохгадовага перапынку ў Рэспубліцы Беларусь адбудуцца выбары. Прыняты закон аб выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў, прызначана іх дата — 4 красавіка.З самага пачатку неабходна зрабіць агаворку, што ў нашым аналізе размова ідзе толькі пра выбары ў мясцовыя органы ўлады. Калі Лукашэнка "прышпіліць" да іх нейкае іншае мерапрыемства (выбары парламента Саюза Беларусі і Расіі, рэферэндум аб стварэнні саюзнай дзяржавы або аб даверы прэзідэнту і г.д.), то гэта кардынальна зменіць палітычную сітуацыю. У новых умовах стратэгія і тактыка апазіцыі павінна быць іншая, і тут яна не абмяркоўваецца. А таму паспрабуем прааналізаваць аргументы "за" і "супраць" удзелу апазіцыі ў будучай выбарчай кампаніі. Пачнем з аргументаў праціўнікаў. Перш за ўсё, удзел апазіцыі ў выбарах будзе азначаць юрыдычнае і палітычнае прызнанне цяперашняга рэжыму. Аб юрыдычным прызнанні сведчыць той факт, што выбары пройдуць згодна з законам, прынятым неканстытуцыйным, на думку апазіцыі, органам — Палатай прадстаўнікоў. З пункту гледжання палітычнага гэта будзе прызнанне правілаў гульні, навязаных Лукашэнкам, фактычнае прызнанне сваёй слабасці і свайго паражэння. Сённяшнія саветы — органы безуладныя. Яны не маюць сур'ёзных паўнамоцтваў. Прычым нават тыя паўнамоцтвы, што зафіксаваныя ў Канстытуцыі 1996 г., у рэчаіснасці ўзурпаваныя прэзідэнцкай вертыкаллю. Ці варта змагацца за прадстаўніцтва ў такіх "фігавых лістках" дэмакратыі? Вельмі вялікая верагоднасць, што ў буйных гарадах выбары наогул не адбудуцца. Паводле закона, каб выбары былі прызнаныя прайшоўшымі, у першым туры на выбарчыя ўчасткі павінны прыйсці больш за палову выбаршчыкаў. У 12 буйных гарадах Рэспублікі Беларусь жыве прыкладна 50 працэнтаў насельніцтва. Менавіта ў іх апазіцыя мае ўстойлівы электарат. Абвостраны эканамічны крызіс узмацніў расчараванне людзей ва ўладзе наогул і асабліва ў мясцовых органах кіравання. Пра дзейнасць саветаў большасць насельніцтва зусім нічога не чула. Узнікае пытанне: што прымусіць людзей прыйсці на выбарчыя ўчасткі? І які сэнс браць удзел у кампаніі, верагоднасць заканчэння якой нулявым вынікам вельмі вялікая? Відавочна, што выбары пройдуць у недэмакратычных умовах, згодна з антыдэмакратычным выбарчым законам. Апазіцыя атрымае вельмі абмежаваныя магчымасці доступу да выбаршчыкаў. Вялікая верагоднасць фальсіфікацый. Рэжым зробіць усё, каб не дапусціць дэмакратаў у саветы. Пра гэта сведчыць і апошняя папраўка прэзідэнта ў закон аб выбарах, што забараняе балатавацца кандыдатамі ў дэпутаты грамадзянам, на якіх было накладзена адміністрацыйнае спагнанне праз суд. І, нарэшце, магчыма, самы галоўны аргумент — удзел апазіцыі ў выбарах легітымуе рэжым у вачах Захаду. Еўрапейскія структуры чакаюць зручнай прычыны, каб прызнаць статус-кво, бо практыка паказала, што жорсткая пазіцыя заходніх краін не дае эфекту. На гэтым аргументы праціўнікаў удзелу ў выбарах, бадай, вычэрпваюцца. Цяпер пяройдзем да высноў тых, хто лічыць, што трэба браць удзел у выбарах нават у вельмі неспрыяльных умовах. Перш за ўсё, удзел у выбарчай кампаніі — гэта сёння адзіная форма палітычнай барацьбы ў маштабах усёй краіны. Альтэрнатывай ёй з'яўляюцца вулічныя акцыі пратэсту або, як казаў Рыгор Яўлінскі падчас наведвання Мінска, "сыход у партызаны". Пераходзіць да партызанскіх метадаў не гатова ніводная, нават самая радыкальная, арганізацыя ў краіне. Вядома, што вулічныя акцыі даюць значны эфект толькі пры ўмове іх масавасці. Аднак з кожным новым сезонам на вуліцы выходзіць усё менш людзей. Сёння на мітынгі не збіраецца нават і пяці тысяч. І гэта ва ўмовах эканамічнага абвалу. Наўрад ці варта спадзявацца, што да вясны сітуацыя зменіцца ў лепшы для апазіцыі бок. Ёсць, праўда, яшчэ і пікеты. Але гэта занадта лакальная форма пратэсту, што выкарыстоўваецца ў асноўным у Мінску. Таму, апынуўшся ў такой цяжкай сітуацыі, апазіцыя пераходзіць да дысідэнцкіх, праваабарончых форм барацьбы, якія, у большасці сваёй, цяжка назваць палітычнымі. Наступная выснова зводзіцца да таго, што ўдзел апазіцыі ў гэтых выбарах — не толькі прызнанне сваёй слабасці, свайго паражэння, але і прызнанне аб'ектыўнай рэальнасці. Тут уступае ў супярэчнасць чысціня прынцыпу і палітычная мэтазгоднасць. Слабыя заўсёды вымушаны гуляць згодна з правіламі, навязанымі моцнымі. І цяпер перад апазіцыяй, па сутнасці, узнікае альтэрнатыва — або працягваць барацьбу ў вельмі неспрыяльных умовах, або адмовіцца ад яе на нейкі час і сысці ў падполле. Як вядома, армія без вайны разбэшчваецца. Гэта ў поўнай ступені адносіцца да палітычнай арміі. Калі не ўдзельнічаць у выбарах, то паўстае пытанне: чым будуць займацца структуры дэмакратычных партый падчас такой агульнанацыянальнай палітычнай кампаніі? Сядзець дома і глядзець ТБ? Улады перакрылі апазіцыі асноўныя каналы і механізмы выхаду да насельніцтва. Нават дэпутатам не даюць магчымасці сустрэцца са сваімі выбаршчыкамі. А ў час выбарчай кампаніі ўзнікнуць легальныя магчымасці масавых зносінаў з электаратам. Можна будзе хадзіць па кватэрах, выпускаць улёткі і плакаты, выстаўляць пікеты, праводзіць сходы і мітынгі. Магчыма, дзесьці ўдасца прарвацца ў дзяржаўныя СМІ. Можна арганізаваць кампанію па байкоце выбараў. Калі б удалося сарваць выбары ў большасці акругоў краіны, то гэта б апраўдала тактыку няўдзелу ў іх. Але ўлады тут жа перакрыюць усе легальныя каналы выхаду на насельніцтва і пачнуць рэпрэсіі супраць актывістаў апазіцыі. Прычым на законных падставах, бо байкот і заклікі да яго забароненыя не толькі згодна з новым законам, але і згодна са старым, прынятым яшчэ Вярхоўным Саветам 12-га склікання. Таму вергоднасць зрыву выбараў у маштабах усёй Беларусі невялікая. Нягледзячы на недэмакратычныя ўмовы, пры актыўнай працы апазіцыі і добра арганізаваным кантролі за галасаваннем у Мінску і іншых буйных гарадах (калі больш за 50 працэнтаў выбаршчыкаў усё ж прыйдуць на выбары) можна правесці значную колькасць дэпутатаў і стварыць буйныя фракцыі. Гэта паслужыла б нейкім плацдармам дэмакратычных сіл для далейшага наступлення на рэжым. І ў маленькіх гарадах мець у савеце нават аднаго-двух дэпутатаў — ва ўсіх выпадках лепш, чым нічога. Пры іх дапамозе можна будзе весці перамовы з уладамі па любых пытаннях: правядзенні семінараў, сустрэч з насельніцтвам і г.д. Шэраг палітыкаў і публіцыстаў сцвярджалі, што ўлады зацікаўлены ў міжнароднай легітымацыі рэжыму пры дапамозе выбараў і, значыць, зацікаўлены ва ўдзеле ў іх апазіцыі. І таму ўсе апазіцыйныя партыі, якія будуць удзельнічаць у выбарчай кампаніі, гэтым дапамогуць прэзідэнту стварыць больш дэмакратычны фасад Беларусі. Як паказалі апошнія падзеі, у гэтых сцвярджэннях была істотная недакладнасць у ацэнцы палітычных прыярытэтаў і матываў паводзінаў Лукашэнкі. Прапанаваны прэзідэнтам дадатак у закон аб выбарах, што не дапускае балатавання кандыдатамі ў дэпутаты грамадзян, якія маюць адміністрацыйную судзімасць, значна карэктуе ўяўленні аб інтарэсах рэжыму. Гэты дадатак шчыра і без усялякай маскіроўкі арыентаваны на адсячэнне ад удзелу ў выбарах найбольш актыўных дзеячаў апазіцыі. Але ж у артыкуле 64 афіцыйна дзейнага Асноўнага закона вычарпальна пералічаны тыя катэгорыі грамадзян, якія не дапускаюцца да ўдзелу ў выбарах. І грамадзяне, якія былі пакараныя згодна з адміністрацыйным заканадаўствам, там не пазначаны. Ніякіх іншых трактовак гэтае палажэнне Канстытуцыі не дапускае. Больш за тое, у артыкуле запісана, што "любое непасрэднае ці ўсконае абмежаванне выбарчых правоў у іншых выпадках з'яўляецца недапушчальным і пераследуецца згодна з законам". У Лукашэнкі былі іншыя варыянты вырашэння праблемы выбараў, што даюць той жа вынік, але ствараюць рэжыму больш прыстойны імідж. Можна дапусціць апазіцыю ў абмежаванай колькасці і ў Палату прадстаўнікоў, і ў мясцовыя саветы. Магчымы быў варыянт прыняцця дастаткова дэмакратычнага закона, а затым яго больш ці менш схаванага парушэння. Як гэта адбылося падчас рэферэндуму 1996 г. Прэзідэнт абраў адкрытае ігнараванне дэмакратычных працэдур падчас выбараў. Гэта азначае, што пытанне аб міжнароднай легітымацыі па важнасці знаходзіцца ў самым канцы шкалы прыярытэтаў прэзідэнта. Яшчэ ў час падрыхтоўкі закона аб выбарах улады адхілілі практычна ўсе прапановы групы АБСЕ, якая спрабавала дэмакратызаваць нашу выбарчую сістэму. Дэманструючы гэтым, што ім абсалютна напляваць на меркаванне Еўропы і агульнапрызнаныя стандарты дэмакратыі. Для прэзідэнта важна не міжнародная, а ўнутраная легітымізацыя. Лукашэнка, падобна, упэўнены, што пытанне аб прызнанні беларускага рэжыму — гэта больш праблема Захаду, чым Мінска. Узнікае і больш агульнае пытанне: ці такая значная роля Захаду ў развіцці палітычных працэсаў у Рэспубліцы Беларусь? Усе магчымыя рычагі ціску на рэжым Лукашэнкі еўрапейскія структуры ўжо задзейнічалі. Як аказалася, з вельмі наязначным вынікам. Ніякіх іншых спосабаў уздзеяння ў Захаду больш не засталося, а на эканамічныя санкцыі ён не пойдзе. У гэтым умовах не толькі для прэзідэнта, але і для апазіцыі вырашальным становіцца фактар унутранай легітымацыі, пазіцыя беларускага электарату. Дарэчы, з гэтага пункту гледжання ўдзел апазіцыі ў мясцовых выбарах наўрад ці будзе разглядацца масавай свядомацю як факт прызнання вынікаў рэферэндуму 1996 г. і новай Канстытуцыі. Паўнамоцтвы саветаў, зафіксаваныя ў ёй, мала адрозніваюцца ад паўнамоцтваў, прапісаных у былой Канстытуцыі. І тэрміны выбараў у мясцовыя органы ўлады ідуць у адпаведнасці менавіта з Канстытуцыяй 1994 г. — праз чатыры гада (папярэднія выбары былі ў 1995 г.). І, урэшце, удзел у выбарах — гэта адна з нешматлікіх у нашых умовах магчымасцей утрымацца ў палітычнай прасторы. Пытанне пра выбар тактыкі — сур'ёзная палітычная праблема. Ад яе правільнага вырашэння ў многім залежаць перспектывы дэмакратыі ў Беларусі. А яно, у сваю чаргу, залежыць ад сур'ёзнага аналізу, выкарыстання ўсіх інтэлектуальных рэсурсаў апазіцыі, бо ў апошнія два гады гэта было самым слабым месцам апазіцыі. |
|
|
|