|
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 1999 года
|
|
Пошук
Аб выбарах
Усе кампаніі
|
Аналiтыка
ПАКУЛЬ ІСНУЕ "ВЕРТЫКАЛЬ", САВЕТЫ ІГРАЮЦЬ ЧЫСТА БУТАФОРСКУЮ РОЛЮАўтар: Вячаслаў ГЕРАСІМЕНКА, дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання Праблема ўдзелу або няўдзелу ў выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, якія ўказам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаныя на 4 красавіка 1999 года, дагэтуль актуальная.Свой погляд на гэтую праблему выкладае член выканкама Аб'яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання Вячаслаў Герасіменка. Сапраўды, як быць у гэтай сітуацыі? Прыняць прапанаваныя ўладай правілы гульні або захаваць порах у парахаўніцах на будучыню? Усякія выбары ёсць акцыя адначасова прававая і палітычная. Першае звязана з тым, што ўсе працэдуры, ад прызначэння даты выбараў і да аб'яўлення вынікаў галасавання з уручэннем адпаведнага пасведчання пераможцам, строга рэгламентуюцца законам. І калі здараюцца адхіленні ад юрыдычных нормаў, вынікі могуць і павінны быць ануляваныя. Удзел палітычных сіл у выбарчай кампаніі з мэтай прыходу ўлады для рэалізацыі сваіх палітычных партыйных праграм і задач вызначае другую характарыстыку выбараў. Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, тэрмін паўнамоцтваў мясцовых Саветаў вызначаны ў пяць гадоў, г.зн. паўнамоцтвы дзейных Саветаў завяршаюцца ў 2000 годзе. Артыкулам 83 Асноўнага закона дзяржавы вызначана таксама, што чарговыя выбары ў мясцовыя Саветы прызначаюцца Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь. Паколькі няма падстаў праводзіць датэрміновыя выбары, Вярхоўны Савет 13-га склікання наогул не разглядаў гэтае пытанне. Прэзідэнт не ўпаўнаважаны прызначаць выбары, і, значыць, акцыя, звязаная з днём 4 красавіка 1999 года, не мае пад сабой юрыдычнай падставы. Але іншым разам дзеля ітарэсаў справы можна зрабіць выгляд, што ўсё законна, усё правільна. Маўляў, канчатковы вынік апраўдвае дзеянні. Ці той гэта выпадак? Які ж вынік дзейнасці мясцовых Саветаў дэпутатаў? Што дасць, напрыклад, перамога апазіцыйных сіл у якім-небудзь Савеце? Адказ на гэта пытанне адназначны: нічога. Пакуль у рэспубліцы існуе "вертыкаль", гэта значыць сістэма прызначэння кіраўнікоў мясцовых выканкамаў прэзідэнтам або па ўзгадненні з ім, Саветы іграюць чыста бутафорскую ролю. Нават калі, напрыклад, дзве трэці дэпутатаў выкажуцца за адмаўленне ад пасады старшыні выканкама, ён як працаваў, так і будзе працаваць. Той, хто прызначыў на пасаду, той і мае права вызваліць ад яе, а вы, народныя выбраннікі, такога права не маеце. Толькі па ўласным жаданні "вертыкальнага" дэпутаты могуць заслухаць поўную справаздачу аб працы выканкама. А калі мясцовы "бос" гэтага не пажадае? Усялякія спробы паўплываць на непаслухмянага дарэмныя. Органы, што ажыццяўляюць нагляд, у лепшым выпадку дадуць адпіску тым, хто звярнуўся, а то і зусім пакінуць запыт без адказу. На мой погляд, ёсць яшчэ некалькі палітычных падводных камянёў. Выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў будуць праходзіць па законе, прынятым так званым Нацыянальным сходам. Органам, як вядома, нелегітымным, Еўропай і цывілізаваным светам не прызнаным. Узяўшы ўдзел у выбарчай кампаніі, апазіцыя фактычна прызнае гэты парламент. Тады навошта было два з лішкам гады гарадзіць агарод і даводзіць, што адзіным легітымным заканадаўчым органам з'яўляецца Вярхоўны Савет?! Усялякія выбары, як вядома, прадугледжваюць затрату маральных, інтэлектуальных, фізічных і фінансавых сродкаў. Згодна з Канстытуцыяй, Вярхоўны Савет аб'явіў правядзенне выбараў прэзідэнта на 16 мая 1999 года. Затраціўшы энергію на 4 красавіка, наўрад ці застанецца дастаткова пораху ў парахаўніцах для 16 мая. Улічваючы вышэйзгаданае, дазвольце задаць пытанне тым, хто наракае на байкот апазіцыяй выбараў у мясцовыя саветы: а дзеля чаго патрэбны гэты "феерверк"? Рэжыму ў Беларусі як паветра патрэбны ўдзел палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў у выбарах. Рознымі шляхамі яны не дазволяць дэмакратычным сілам атрымаць мандаты дэпутатаў, затое будуць трубіць ва ўсе трубы, біць ва ўсе званы, каб народ не падтрымаў апазіцыю. Ці горкі прыклад удзелу БНФ у выбарах у Вярхоўный Савет у 1995 годзе не стаў павучальным? На з'ездзе Аб'яднанай грамадзянскай партыі мне доўга даводзілася пераконваць калег па партыі ў тым, што ўдзел у выбарах у мясцовыя Саветы не толькі абсурдны, але і злачынны. Радуе, што абсалютная большасць гэта зразумела. Ці зразумее абсалютная большасць насельніцтва Беларусі, што сёння адзіным мэтазгодным прававым і грамадзянскім актам з'яўляецца ўдзел у выбарах прэзідэнта краіны, хутка пакажа час. |
|
|
|