Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 1999 года
 
Аналiтыка

НАВОШТА ГУЛЯЦЬ У ЧУЖУЮ ГУЛЬНЮ?

Аўтар: Юрый ХАДЫКА, прафесар

Набліжаецца 4 красавіка — дзень выбараў у мясцовыя Саветы. Па звычцы хочацца напісаць "у мясцовыя органы ўлады". Але гэтыя "органы" і раней мелі адносную ўладу, а сёння і наогул проста нічога не вырашаюць. Іх паўнамоцтвы ўрэзаны да такой ступені, што іх роля зводзіцца да фігавага лістка, які прыкрывае галізну дыктатуры.


У сувязі з гэтым прыгадваецца смешы эпізод з дзейнасці Мінгарсавета двухгадовай даўніны. Толькі што створаную нібыта грамадскую арганізацыю "патрыятычнай" моладзі патрэбна было забяспечыць офісамі для працы. Мінгарвыканкам адшукаў для ўлюбёнцаў прэзідэнта памяшканні ва ўсіх раёнах горада агульнай плошчай прыблізна 1.000 квадратных метраў. Для аплаты арэнды па самых ільготных тарыфах патрабавалася 1.000 долараў у месяц, або 12.000 у год, але ў БПСМ такіх грошай, зразумела ж, не было. Тады натхняльнікі і арганізатары патрыятычнай моладзі вырашылі знайсці гэтыя сродкі ў гарадскім бюджэце. Але нават далёкія ад дэмакратыі дэпутаты Мінгарсавета ўзбунтаваліся. Мінску і так катастрафічна не хапае сродкаў, каб яшчэ падтрымліваць кішэнныя арганізацыі прэзідэнта. І пераважнай большасцю галасоў дэпутаты "правалілі" адпаведны артыкул расходаў у гарадскім бюджэце. Але гэта не дапамагло. Мінгарвыканкам ("вертыкаль"), які ніяк не залежыць ад Мінгарсавета (дэпутатаў), сваім рашэннем забраў неабходныя сродкі з таго ж гарадскога бюджэту.

Выбіраць мясцовыя саветы, пакуль дзейнічае Канстытуцыя-96, не толькі бяссэнсава, але і небяспечна. Для імітацыі дэмакратызацыі рэжыму выбары ў мясцовыя саветы, якія ніяк не пагражаюць дыктатуры, — найлепшы сродак.

Варта прызнаць, што хітры разлік амаль не дасягнуў мэты. За ідэю правядзення "дэмакратычных" выбараў ухапілася не толькі безвынікова дзейная ў Мінску ўжо больш за год кантрольна-назіральная група АБСЕ, але і некаторыя дэмакратычныя партыі, матывуючы свой магчымы ўдзел у гэтых выбарах тым, што перадвыбарная кампанія дае магчымасць весці агітацыю сярод насельніцтва, данесці погляды сваёй партыі да выбаршчыкаў. Практычна толькі БНФ адразу заняў адназначную пазіцыю няўдзелу ў гэтых квазівыбарах, канчатковы вынік якіх вядомы загадзя.

Канец спрэчкам пра выбары 4 красавіка паклаў Кангрэс дэмакратычных сіл, які заявіў аб узгодненым байкоце з-за відавочнай недэмакратычнасці акцыі, што рыхтуецца. Прыняццю такога рашэння садзейнічаў сам А.Лукашэнка. Не маючы ўпэўненасці ў перамозе на выбарах сваіх прыхільнікаў, ён настаяў на ўнясенні ў закон папраўкі, што выключала ўдзел у выбарах актывістаў дэмакратычных партый, якія мелі на працягу года адміністрацыйныя судзімасці, гэта значыць судзімасці за ўдзел у дэманстрацыях або несанкцыяваных пікетах.

Узгоднены адказ дэмакратычных партый узяць удзел у легітымізацыі навязанай А.Лукашэнкам Канстытуцыі пераўтварыў перадвыбарную кампанію ў адкрыты фарс. Выбарчыя камісіі, створаныя пад кантролем "вертыкалі" (туды не трапілі нават прадстаўнікі КПБ), зразумелі намёк прэзідэнта і сталі масава адмаўляць у рэгістрацыі ўсім сумніўным з іх пункту гледжання кандыдатам у дэпутаты. Не былі зарэгістраваныя ўсе 70 прадстаўнікоў Экалагічнай партыі, некалькі соцень актывістаў дэмакратычных партый, якія пакінулі свае партыі дзеля сумніўнага задавальнення ўзяць удзел у квазівыбарах, і нават былы сябра прэзідэнта журналіст А.Фядута. У выніку прыкладна на 24 тысячы дэпутацкіх месцаў зарэгістравана толькі 27 тысяч прэтэндэнтаў. Гэта азначае, што ў больш чым 90 працэнтах акругоў выбары будуць безальтэрнатыўнымі. Як і ў савецкія часы. Пры гэтым пераважная большасць кандыдатаў вылучана па разнарадцы працоўнымі калектывамі.

Натуральна, такая выбарчая кампанія поўнасцю пазбаўлена сэнсу. Такім чынам, палітычная "рэформа", што была пачата дзяржаўным пераваротам 1996 г., завяршаецца аднаўленнем камуністычнай "дэмакратыі", або выбарамі без выбару і непатрэбнасцю і нават шкоднасцю такіх саветаў, якія ні юрыдычна, ні псіхалагічна не будуць здольныя абараняць інтарэсы мясцовага насельніцтва. Няма сумненняў і ў тым, што такія выбары не будуць прызнаны дэмакратычнымі і не прывядуць да легітымізацыі рэжыму ў вачах Еўропы. А значыць, не будуць атрыманы і жаданыя крэдыты.

Выбары прызначаны на 4 красавіка. А ў гэты дзень у праваслаўных Вербная нядзеля, у католікаў — Пасха. І займацца ў такі дзень умацаваннем дыктатуры і грамадзянскага бяспраўя — грэх. Таму варта нагадаць, што Канстытуцыя дае чалавеку тры магчымасці: галасаваць за кандыдата, галасаваць супраць яго, проста не пайсці на выбары. Трэці варыянт будзе найлепшым адказам на прэзідэнцкія гульні.