Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання 1995 года
 
Вынiкi
КАМПАНІЯ ПРАЙШЛА ПАД ЗНАКАМ КАНФРАНТАЦЫІ ГАЛІНАЎ УЛАДЫ


14 мая 1995 года, паралельна з рэспубліканскім рэферэндумам, прайшлі выбары дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання. Другі тур адбыўся 28 мая.

Гэтыя выбары праводзіліся згодна з новым законам, прынятым у лістападзе 1994 года. У прыватнасці, палітычныя партыі атрымалі права вылучаць кандыдатаў, калі мелі пярвічныя арганізацыі ў адпаведных акругах.

У той жа час партыі не мелі вялікай папулярнасці, а магчымасць вылучацца толькі ўзмацніла міжусобную барацьбу лідэраў унутры саміх партыйных структур.

Закон таксама жорстка абмяжоўваў магчымасці легальнага фінансавання перадвыбарнай кампаніі і выкарыстання СМІ ў агітацыйных мэтах. У той жа час дэ-факта меліся шырокія магчымасці для выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу ў інтарэсах праўладных кандыдатаў. Да гэтага часу прэзідэнт фактычна завяршыў фармаванне жорстка падпарадкаванай яму "вертыкалі" выканаўчай улады.

Акрамя таго, сітуацыя нарастання эканамічнага крызісу была выкарыстана прэзідэнцкай галіной улады для дыскрэдытацыі Вярхоўнага Савета і, у завуаляванай форме, ідэі парламентарызму ў цэлым. Падпарадкаваныя прэзідэнцкай адміністрацыі СМІ (на пачатку 1995 года адбылася замена шэрагу галоўных рэдактараў агульнанацыянальных выданняў лаяльнымі фігурамі) закладвалі ў свядомасць электарату думку аб тым, што Вярхоўны Савет перашкаджае кіраўніку дзяржавы праводзіць эфектыўную палітыку ў інтарэсах народа.

У выніку з-за нізкай яўкі выбаршчыкаў за два туры ўдалося выбраць толькі 119 дэпутатаў, у той час як для правамоцнага складу патрабавалася не менш чым 174 (гэта значыць не менш чым дзве трэці ад поўнага складу ў 260 чалавек).

Разам з тым, з-за адсутнасці кворуму не ўдалося падоўжыць дзейнасць ранейшага складу дэпутацкага корпуса. Назіральнікі канстатавалі ў гэты перыяд абвастрэнне барацьбы паміж прэзідэнцкай і заканадаўчай галінамі ўлады. Прапрэзідэнцкая прэса працягвала абвінавачваць парламент у перашкаджэнні нармальнай дзейнасці кіраўніка дзяржавы. У сваю чаргу кіраўніцтва Вярхоўнага Савета сцвярджала, што супраць яго выкарыстоўваюцца незаконныя метады з мэтай паралізаваць працу заканадаўчага органа.

29 лістапада 1995 года прайшлі паўторныя выбары дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання. Другі тур адбыўся 10 снежня. У выніку колькасць абраных дэпутатаў дасягнула 198, што было дастаткова для правамоцнасці новага складу Вярхоўнага Савета.

У новы склад было абрана толькі 18 чалавек з Вярхоўнага Савета 12-га склікання. 170 дэпутатаў (85,9%) сталі парламентарыямі ўпершыню. Прыблізна 20% новаабраных дэпутатаў працавалі ў прамысловасці, на транспарце і ў будаўніцтве; 22,2% — у сельскай гаспадарцы. Дастаткова шырока была прадстаўлена сацыяльная сфера: настаўнікі, урачы, работнікі ўстаноў культуры. Быў абраны 21 кіраўнік прадпрыемстваў і фірм, 27 старшыняў калгасаў і 10 дырэктараў саўгасаў, 11 медыцынскіх работнікаў. Сярод дэпутатаў было толькі 9 жанчын (4,5%) і ўсяго трое — маладзей за 30 гадоў. Абсалютная большасць дэпутатаў мела вышэйшую адукацыю, трое — сярэднюю спецыяльную. 25 дэпутатаў (12,6%) мелі вучоныя ступені і званні.

105 дэпутатаў з'яўляліся членамі 16 палітычных партый, 93 — беспартыйнымі. Быў сфармаваны шэраг фракцый — аграрнікаў, Партыі камуністаў Беларускай, "Грамадзянскае дзеянне", сацыял-дэмакратаў. У той жа час у парламент новага склікання не ўдалося трапіць ніводнаму прадстаўніку Беларускага народнага фронту, які меў моцную апазіцыйную фракцыю ў Вярхоўным Савеце папярэдняга склікання.

У студзені 1996 года адбылося пасяджэнне першай сесіі Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Ідэя правесці ў сакавіку 1996 года паўторныя выбары ў 62 акругах, па якіх дэпутаты не былі абраныя, не знайшла падтрымкі сярод новага дэпутацкага корпуса. На думку шэрагу аналітыкаў, гэты своеасаблівы эгаізм часткі новаабраных дэпутатаў адыграў фатальную ролю праз некалькі месяцаў, калі Вярхоўны Савет прайграў супрацьстаянне прэзідэнту і быў распушчаны.



 
Рубрыкi