Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары народных дэпутатаў Беларускай ССР 1990 года
 
Вынiкi
ПЕРШЫЯ АЛЬТЭРНАТЫЎНЫЯ ВЫБАРЫ
ПАХІСНУЛІ ЎЛАДНУЮ МАНАПОЛІЮ КАМПАРТЫІ



4 сакавіка 1990 года адбыліся выбары народных дэпутатаў Беларускай ССР (паўторныя прайшлі 22 красавіка) і народных дэпутатаў мясцовых Саветаў.

Гэтыя выбары праводзіліся згодна з новым заканадаўствам. У кастрычніку 1989 года сесія Вярхоўнага Савета рэспублікі прыняла законы аб выбарах народных дэпутатаў Беларускай ССР і аб выбарах народных дэпутатаў мясцовых Саветаў. У гэтых законах знайшоў адлюстраванне курс на дэмакратызацыю савецкага грамадства, аб'яўлены генеральным сакратаром ЦК КПСС М.С.Гарбачовым.

У прыватнасці, з'явілася магчымасць праводзіць выбары на альтэрнатыўнай аснове. Аднак рэальнай роўнасці ўмоў не было. Камуністычныя ўлады імкнуліся забяспечыць перавагу лаяльным вылучэнцам.

У прыватнасці, па прыкладу саюзнага заканадаўства ў рэспубліканскім законе замацавалі квоту абрання ў Вярхоўны Савет дэпутатаў ад грамадскіх арганізацый. У 360-мясцовым парламенце ім рэзервавалася 50 мандатаў (29 — Беларускай рэспубліканскай арганізацыі ветэранаў вайны і працы, 7 — таварыству інвалідаў, 7 — таварыству сляпых, 7 — таварыству глухіх). 310 дэпутатаў абіралася ад тэрытарыяльных акруг з прыкладна аднолькавай колькасцю выбаршчыкаў. Вылучаць кандыдатаў мелі права сходы грамадзян па месцы жыхарства і працоўныя калектывы, якія налічвалі больш за 300 чалавек. Акрамя таго, закон прадугледжваў "сіта" ў выглядзе акруговых перадвыбарных сходаў, якія зацвярджалі або не зацвярджалі кандыдатуры вылучэнцаў.

Праз гэты механізм партыйны апарат імкнуўся адсеяць непажаданых прэтэндэнтаў на мандаты. У той час апаненты камуністычнай сістэмы не былі дастаткова структураваныя і звычайна фігуравалі ў прэсе як "змагары за перабудову", "нефармалы", а часцей за ўсё — пад абагульненай і вельмі ўмоўнай назвай "дэмакраты". Арганізацыйна аформіўся толькі Беларускі народны фронт, які выступаў з падкрэслена нацыянальных і антыкамуністычных пазіцый.

У выніку ў 310 акругах было вылучана 1 680 кандыдатаў, зарэгістравана — 1 544. З іх 88,5% раней не былі дэпутатамі Вярхоўнага Савета рэспублікі. На адзін мандат у сярэднім прэтэндавала каля пяці чалавек. У некаторых акругах колькасць прэтэндэнтаў даходзіла да 16. Па адным кандыдаце вылучылі толькі ў 20 акругах.

Для прасоўвання праўладных кандыдатаў у агітацыйны перыяд шырока выкарыстоўваліся падкантрольныя апарату кампартыі СМІ. Дэмакраты выкарыстоўвалі метад "ад дзвярэй да дзвярэй" і мітынгі. Асаблівай папулярнасцю карысталіся тэмы барацьбы супраць наменклатурных прывілеяў і абнародавання праўды аб чарнобыльскай катастрофе.

У выбарах 4 сакавіка ўзялі ўдзел 87% выбаршчыкаў. У першым туры былі абраныя 98 дэпутатаў, у тым ліку 34 высокапастаўленыя функцыянеры КПБ і 23 прадстаўнікі адміністрацыйнай эліты.

Другі тур быў адзначаны большай ступенню канкурэнтнасці. Большасць з 131 абранага дэпутата не з'яўляліся прадстаўнікамі ўладнай эліты.

Па выніках двух тураў мандаты парламентарыяў заваявалі 288 чалавек. Вакансіі запаўняліся шляхам давыбараў у красавіку—маі 1990 года.

У выніку выбараў Камуністычная партыя Беларусі змагла сфармаваць лаяльную парламенцкую большасць. Разам з тым, дзякуючы ўпершыню дапушчанай канкурэнцыі, склад парламента, а таксама мясцовых Саветаў значна абнавіўся. У гэтыя органы ўлады прыйшло шмат дэмакратычна настроеных людзей.

Потым у Вярхоўным Савеце 12-га склікання сфармаваўся шэраг парламенцкіх груп і фракцый. Найбольш актыўна дзейнічала Апазіцыя БНФ.

Знамянальнай падзеяй стала зацвярджэнне Вярхоўным Саветам 12-га склікання 27 ліпеня 1990 года Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.



 
Рубрыкi