Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Хронiка
 
Сацыялогія

РЭЙТЫНГ А.ЛУКАШЭНКІ І ЯГО КАНКУРЭНТАЎ


2005-10-10

Аўтар: Паўлюк БЫКОЎСКІ, кіраўнік Цэнтра дакументацыі НІСЭПД

Зыходзячы з даных* табліцы 1, адкрыты рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 г. спачатку рэзка ўпаў. Адначасова скачкамі ўзрасла колькасць выбаршчыкаў, якія не змаглі даць які-небудзь адказ на пытанне, за каго б яны прагаласавалі, калі б прэзідэнцкія выбары адбыліся заўтра. Так, у сакавіку 2003 г. працэнт грамадзян, якія не змаглі даць адказ, нават перавысіў рэйтынг А.Лукашэнкі.

Пасля рэферэндуму 2004 г., што зняў канстытуцыйную забарону на магчымасць дзейнага прэзідэнта балатавацца на трэці і наступныя тэрміны, яго рэйтынг крыху ўзрос і пасля невялікага зніжэння вясной да восені 2005-га актыўна пайшоў у гару. Верагодна, гэта звязана з тым, што калі раней прыхільнікі А.Лукашэнкі, якія верылі ў недатыкальнасць Канстытуцыі, не маглі аддаць свой голас за яго, то цяпер, пасля рэферэндуму, іх выбар спрасціўся і працэнт грамадзян, якія не змаглі адказаць, як люстэрка, адбівае рост рэйтынгу прэзідэнта. Масіраваная прапаганда дасягненняў беларускай эканамічнай мадэлі, якая значна ўзмацнілася мінулым летам і падмацоўваецца некаторым паляпшэннем матэрыяльнага становішча насельніцтва, а таксама паездкі А.Лукашэнкі па рэгіёнах і відавочнае пацяпленне адносін з Расіяй пры маладаступнасці альтэрнатыўнай інфармацыі зрабілі рост прэзідэнцкага рэйтынгу заканамерным.

Табліца 1. Дынаміка адказаў на пытанне "Калі б заўтра зноў адбыліся выбары прэзідэнта Беларусі, за каго б Вы прагаласавалі?" (у % ад агульнай колькасці апытаных, адкрытае пытанне)

Адказы

10' 2001

04' 2002

09' 2002

12' 2002

03' 2003

09' 2003

06' 2004

11' 2004

03' 2005

05' 2005

09' 2005

А.Лукашэнка

46,0

30,9

27,0

30,5

26,2

31,7

34,2

47,7

46,4

41,7

47,3

Іншы кандыдат*

11,8

8,3

6,5

5,0

2,6

4,0

3,0

1,5

1,4

2,0

3,5

Не змаглі адказаць Няма

24,1

15,7

25,5

18,7

31,9

25,0

23,1

16,5

17,6

22,3

18,1

Няма адказу

11,7

16,8

16,2

17,0

14,0

11,2

16,5

18,5

15,0

12,2

10,5

* Выкарыстоўваецца найбольш высокі паказчык сярод названых рэспандэнтамі патэнцыяльных канкурэнтаў А.Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах, што маюць адбыцца.

Між тым колькасць рэспандэнтаў, якія не адказалі на пытанне табліцы 1, адразу пасля выбарчай кампаніі 2001 г. фактычна раўнялася поствыбарчаму рэйтынгу былога адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл Уладзіміра Ганчарыка. Затым яна ўзрасла, дасягнуўшы максімуму ў лістападзе 2004 г., пасля чаго зноў пайшла на спад (дыяграма 1). Можна дыскутаваць аб пабуджальных матывах рэспандэнтаў, якія адмовіліся адказваць на вострае палітычнае пытанне, але самі памеры гэтай групы і той факт, што яна перавышае ў міжвыбарчы перыяд самы высокі паказчык патэнцыяльных канкурэнтаў А.Лукашэнкі, робіць яе цікавай для даследавання. Хто з кандыдатаў у прэзідэнты зможа рэкрутаваць гэтыя галасы ў сваю падтрымку? Як будуць паводзіць сябе прадстаўнікі гэтай групы ў дзень галасавання?



Дыяграма 1. Дынаміка рэйтынгу А.Лукашэнкі і яго канкурэнтаў

Напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі асаблівы інтарэс уяўляюць рэйтынгі палітыкаў, якія могуць скласці канкурэнцыю дзейнаму кіраўніку дзяржавы. Калі ў верасні 2005 г. гатоўнасць галасаваць на прэзідэнцкіх выбарах за наогул кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі выказалі 25,5% апытаных, то, адказваючы на пытанне табліцы 1, найбольш высокі паказчык у магчымага канкурэнта А.Лукашэнкі дасягнуў усяго 3,5%. Калі пра гатоўнасць давяраць рашэнням кангрэса дэмакратычных сіл і падтрымліваць таго кандыдата ў прэзідэнты, які там будзе абраны, заявілі 10,3% рэспандэнтаў, то 53,3% адзначылі опцыю "буду глядзець па абставінах".

Нацыянальнае апытанне праводзілася да таго, як кангрэс абраў адзіным кандыдатам Аляксандра Мілінкевіча. Сам факт яго абрання змяніў расстаноўку сіл на беларускім палітычным полі, таму цяпер можна толькі канстатаваць, што патэнцыяльныя выбаршчыкі даюць значны аванс даверу той фігуры, якую апазіцыйныя сілы гатовыя дэманстраваць у якасці свайго лідэра.

Сімптаматычна, што, яшчэ не ведаючы прозвішча палітыка, выбаршчыкі былі гатовыя аказаць яму падтрымку, супаставімую з рэйтынгам былога адзінага кандыдата У.Ганчарыка адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў. Варта з павагай адносіцца і да пазіцыі тых, хто мае намер "паглядзець па абставінах", адмаўляючыся купляць"ката ў мяху".

Авансаваныя 10% падтрымкі адзінаму кандыдату яшчэ трэба заслужыць, але і гэтага недастаткова для перамогі на выбарах. Цяперашнія рэйтынгі беларускіх палітыкаў за рэдкім выключэннем не перавышаюць узроўню статыстычнай пагрэшнасці. Аднак калі падсумоўваць іх асобныя рэйтынгі, атрыманыя пры адказе на адкрытае пытанне, то становіцца відавочным, што чвэрць рэспандэнтаў робіць выбар на карысць канкурэнтаў дзейнага прэзідэнта. Таму ўзятая на сябе адзіным кандыдатам А.Мілінкевічам задача па кансалідацыі дэмакратычных сіл павінна атрымаць працяг у яшчэ больш складаным прадпрыемстве - кансалідацыі настроенага на перамены электарату.

Табліца 2. Размеркаванне адказаў на пытанне "Калі А.Лукашэнка будзе ў трэці раз выстаўляць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах і з ім будзе сапернічаць кандыдат ад дэмакратычнай апазіцыі, за каго з іх Вы б галасавалі?" (у % ад агульнай колькасці апытаных)

Варыянт адказу

%

За А.Лукашэнку

47,5

За кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі

25,5

Ні за аднаго з іх

12,8

Не змаглі адказаць

13,7

Пытанне з варыянтамі адказаў крыху спрашчае выбар для рэспандэнтаў, таму тут менш грамадзян, якія не змаглі адказаць (табліца 2). Пры гэтым рэйтынгі А.Лукашэнкі і збіральнага вобраза яго дэмакратычнага канкурэнта фактычна супадаюць з аналагічнымі паказчыкамі пры адказах на адкрытае пытанне.

Як бачна з табліцы 2, кожны сёмы рэспандэнт выбраў опцыю "ні за аднаго з іх". Ва ўмовах "вытаптанага" беларускага палітычнага поля канкурэнт А.Лукашэнкі мусіць звярнуць увагу на гэтых чужых для яго, на першы позірк, выбаршчыкаў. Яны не з'яўляюцца прыхільнікамі дзейнага прэзідэнта і ў той жа час адмаўляюць у даверы дэмакратычнай апазіцыі. Што з'явілася пабуджальным матывам для іх выбару? У чым яны расчараваліся? У Лукашэнку ці ў яго апанентах, альбо ў тых і іншых адначасова? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні, звязаныя з ўстаноўкамі згаданай групы, і галоўнае прывільныя дзеянні на аснове гэтай інфармацыі могуць стаць дапамогай у павелічэнні рэйтынгу апазіцыйнага кандыдата.

Як паказваюць даныя табліцы 3, колькасць тых, хто верыць у свабоду і справядлівасць будучых выбараў, цяпер нязначна перавышае колькасць скептыкаў.

Табліца 3. Размеркаванне адказаў на пытанне "Як Вы лічыце, наступныя прэзідэнцкія выбары будуць свабоднымі і справядлівымі?"(у % ад агульнай колькасці апытаных)

Варыянт адказу

%

Так

44,5

Не

39,1

Відавочна, што суадносіны адказаў на гэтае пытанне ў нейкай меры адлюстроўваюць суадносіны прыхільнікаў і праціўнікаў працягу абранага палітычнага курсу. Але калі праўда будзе на баку скептыкаў, выбары будуць не толькі несвабоднымі ці несправядлівымі, але і іх вынік будзе сфальсіфікаваны. Ці гатовы выбаршчыкі адстаяць свой выбар? Адказ на гэтае пытанне ў нейкай ступені даюць даныя табліцы 4.

Табліца 4. Размеркаванне адказаў на пытанне "Ці гатовя Вы ўзяць удзел у вулічных акцыях пратэсту, калі вынікі прэзідэнцкіх выбараў будуць сфальсіфікаваныя?"(у працэнтах ад агульнай колькасці апытаных)

Варыянт адказу

%

Так

15,5

Не

76,0

Гатоўнасць адстойваць свой выбар на вуліцы выказалі толькі 15,5% выбаршчыкаў. Шмат гэта ці не? Паколькі апытаныя былі менавіта выбаршчыкі, а іх у Беларусі прыкладна 7 млн. чалавек, атрымліваецца, што ўзяць удзел у вулічных акцыях пратэсту гатовыя больш за адзін мільён чалавек. Такія маштабы пратэстаў у Беларусі цяпер здаюцца немагчымымі, хаця на самым пачатку 90-х нешта падобнае да гэтага было рэальнасцю. Праўда, тыя пратэсты мелі эканамічныя, а не палітычныя прычыны.

Наколькі рэальны выказаны рэспандэнтамі намер? Некаторую ўскосную ацэнку можна зрабіць з адказаў на пытанні аб магчымасці адхілення А.Лукашэнкі ад улады ў выніку "каляровай рэвалюцыі" і гатоўнасці апытаных у ёй удзельнічаць.

У паспяховую рэвалюцыю вераць 14,5%, але толькі 9,7% выказалі гатоўнасць у ёй браць удзел.

Такім чынам, можна канстатаваць наступнае:

- за лета 2005 г. рэйтынг кіраўніка дзяржавы ўзрос на 5,6 пункта;

- магчымыя канкурэнты А.Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах, і асабліва адзіны кандыдат дэмакратычных сіл, маюць некаторы запас даверу выбаршчыкаў, аднак ён недастатковы для перамогі на выбарах. Перад імі паўстае задача кансалідацыі ўсіх выбаршчыкаў, якія выступаюць за перамены;

- выбаршчыкі выказваюць вельмі высокую гатоўнасць адстойваць свой выбар у выпадку фальсіфікацыі вынікаў галасавання, але мала вераць у магчымасць "каляровай рэвалюцыі" ў Беларусі.

Уяўленне насельніцтва аб тым, узрастае або падае рэйтынг кіраўніка дзяржавы, адлюстроўвае як грамадскія стэрэатыпы, так і ўласна сведчыць аб тым, што адбываецца з рэйтынгам А.Лукашэнкі. Гэта па-свойму апярэджваючы індыкатар, які ўказвае кірунак змянення рэальнага рэйтынгу. Вядома, што калі спытацца ў некалькіх чалавек "Якая зараз гадзіна?", то сярэдні паказчык укажа амаль дакладны час. Адказы на пытанне аб рэйтынгу не такія адназначныя, але яўна паказваюць тэндэнцыі. Разгледзім дыяграму 2.



Дыяграма 2. Дынаміка адказаў на пытанне "Як вы думаеце, за апошні час пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 г. рэйтынг А.Лукашэнкі (г.зн. гатоўнасць насельніцтва краіны галасаваць за яго на наступных выбарах) павысіўся або панізіўся?" (у % ад агульнай колькасці апытаных)

Як можна бачыць, усё большая колькасць выбаршчыкаў мяркуюць, што рэйтынг А.Лукашэнкі мае тэндэнцыі да росту. Аднак гэтых рэспандэнтаў пакуль яшчэ меншасць. Да апошняга часу больш за палову апытаных былі ўпэўнены, што рэйтынг дзейнага кіраўніка дзяржавы падае. Праўда, за апошнія паўгода сітуацыя кардынальна змянілася. Яшчэ вясной 52% апытаных лічылі, што рэйтынг кіраўніка дзяржавы падае, а восенню іх аказалася ўдвая менш.

Прычын таму некалькі. Можна меркаваць, на грамадскую думку паўплывалі паездкі прэзідэнта практычна ва ўсе рэгіёны Беларусі, павелічэнне пенсій і стыпендый, некаторае паляпшэнне стасункаў афіцыйнага Мінска і Масквы. Прэзідэнцкія выбары сталі адчувальна блізкімі, трапілі ў парадак дня афіцыйных СМІ, а вось інфармацыя аб магчымай альтэрнатыве дзейнаму прэзідэнту па-ранейшаму грамадзянам недаступная. Значыць, масавыя чаканні, што А.Лукашэнка застанецца на сваёй пасадзе, атрымалі дадатковы стымул. Адпаведна змянілася маментальная ацэнка масавых пераваг. Больш таго, у жніўні 2005 г. прэзідэнт ужо адкрыта прызнаўся, што не толькі думае аб той магчымасці, а сапраўды мае намер балатавацца на трэці тэрмін.

Можна таксама меркаваць, што рэспандэнты, якія яшчэ нядаўна былі ўпэўненыя ў тым, што рэйтынг А.Лукашэнкі падае, у асноўным перайшлі не ў супрацьлеглы лагер, а занялі прамежкавую пазіцыю, г.зн. сталі лічыць, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 г. рэйтынг А.Лукашэнкі "застаўся ранейшым".

Дыяграма 2 з усёй відавочнасцю паказвае, што ўпершыню пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў стала супастаўнай колькасць выбаршчыкаў, якія лічаць, што рэйтынг А.Лукашэнкі захаваўся на ранейшым узроўні, упаў або ўзрос. Да верасня 2005 г. супастаўнымі былі толькі дзве першыя групы, прадстаўнікі якіх з'яўляюцца носьбітамі блізкіх адчуванняў - узмацнення падтрымкі насельніцтвам палітыкі прэзідэнта або яе стабільнасці.

Існуе пункт гледжання, што ва ўмовах аўтарытарнага праўлення рэйтынгі не столькі адлюстроўваюць ацэнку насельніцтвам дзейнасці суб'ектаў палітыкі, колькі паказваюць чаканні грамадзян: будзе большасць падтрымліваць уладу ці не? Зрабіўшы такое дапушчэнне, мы можам падсумаваць адказы тых, хто адчувае ўзмацненне рэйтынгу А.Лукашэнкі або захаванне яго на ранейшым узроўні, і атрымаем долю насельніцтва, якое чакае захавання падтрымкі яго палітыкі. Адказы ж рэспандэнтаў, якія адчувалі падзенне рэйтынгу А.Лукашэнкі, мы можам інтэрпрэтаваць як адлюстраванне чаканняў, звязаных са змяншэннем падтрымкі яго палітыкі (дыяграма 3).



Дыяграма 3. Дынаміка чаканняў падтрымкі насельніцтвам палітыкі прэзідэнта (у працэнтах ад агульнай колькасці апытаных)

Гэтая дыяграма наглядна паказвае змяненне маментальнай ацэнкі масавых пераваг у беларускім грамадстве напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі 2006 г. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 г. пераважала думка, што рэйтынг А.Лукашэнкі падае, але зараз сітуацыя змянілася.

Паспрабуем прасачыць, як сёння адрозніваюцца адчуванні змянення рэйтынгу А.Лукашэнкі ў розных слаях насельніцтва (табліца 5).

Табліца 5. Меркаванне аб рэйтынгу А.Лукашэнкі ў розных групах па роду заняткаў* (у % ад агульнай колькасці апытаных)

Групы па роду заняткаў

Рэйтынг А.Лукашэнкі

Павысіўся

Панізіўся

Застаўся ранейшым

Занятыя ў недзяржаўным сектары

16,9

43,6

34,6

Занятыя ў дзяржаўным сектары

38,8

23,4

30,6

Пенсіянеры

54,0

10,6

29,2

* Гэтая і наступныя табліцы чытаюцца па гарызанталі.

У трох выбраных для параўнання сацыяльных групах прыкладна роўная доля тых, хто лічыць, што рэйтынг А.Лукашэнкі застаўся ранейшым. Аднак калі сярод занятых у недзяржаўным сектары дамінуюць тыя, хто адчувае падзенне рэйтынгу кіраўніка дзяржавы, то сярод занятых у дзяржаўным сектары і пенсіянераў больш тых, хто лічыць, што рэйтынг прэзідэнта ўзрастае. Такім чынам, можна зрабіць выснову, што ацэнкі масавых пераваг сярод занятых у розных сектарах эканомікі істотна адрозніваюцца. Аднак гэта зусім не азначае, што ўсе занятыя ў недзяржаўным сектары з'яўляюцца прыхільнікамі перамен, а ў дзяржаўным - іх праціўнікамі. Больш таго, за кошт рэспандэнтаў, якія лічаць, што рэйтынг А.Лукашэнкі захаваўся на ўзроўні 2001 г., група тых, якія чакаюць захавання палітыкі прэзідэнта, пераважае ва ўсіх сектарах эканомікі.

Зараз паглядзім, як адрозніваюцца адчуванні змянення рэйтынгу А.Лукашэнкі ў розных слаёў насельніцтва ў 2005 г. у залежнасці ад узроўню даходаў (табліца 6).

Табліца 6. Меркаванне аб рэйтынгу А.Лукашэнкі ў залежнасці ад узроўню даходаў (у % ад агульнай колькасці апытаных)

Узровень даходаў

Рэйтынг А.Лукашэнкі

Павысіўся

Панізіўся

Застаўся ранейшым

Да 150 тыс. рублёў

35,6

20,5

34,2

Ад 150 да 230 тыс. рублёў

44,7

18,6

29,4

Ад 230 да 460 тыс. рублёў

29,7

30,0

34,4

Звыш 460 тыс. рублёў

20,8

41,6

29,5

Відавочна, што аб захаванні рэйтынгу на ранейшым узроўні гаворыць прыкладна роўная доля рэспандэнтаў у групах з рознымі ўзроўнямі даходаў. Калі сярод выбаршчыкаў з павышанымі даходамі дамінуюць тыя, хто лічыць, што рэйтынг прэзідэнта падае, то сярод выбаршчыкаў з больш нізкімі даходамі - што ён узрастае.

Згодна з данымі табліц 6 і 7, з найбольшым аптымізмам ацэньваюць рэйтынг прэзідэнта менавіта жыхары малых гарадоў і вёсак. Можна меркаваць, што на іх паўплывалі візіты А.Лукашэнкі па рэгіёнах падчас уборачнай кампаніі і пры аб'ездзе раёнаў, што пацярпелі ў жніўні ад урагану. Прэзідэнт заявіў аб намеры дзяржавы вырашыць праблемы вёскі і малых гарадоў ("Усё, што ад мяне залежыць, я пастараюся зрабіць для адраджэння вёскі!"). Ды і аб'яўленне аб прынятым рашэнні балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах будучага года А.Лукашэнка зрабіў проста ў полі ў Слуцкім раёне, а не ў сталіцы.

Табліца 7. Меркаванне аб рэйтынгу А.Лукашэнкі ў залежнасці ад тыпу населенага пункта (у % ад агульнай колькасці апытаных)

Тып населенага пункта

Рэйтынг А.Лукашэнкі

Павысіўся

Панізіўся

Застаўся ранейшым

Сталіца

26,3

33,1

33,4

Абласны цэнтр

37,4

26,0

28,2

Вялікі горад

31,0

31,7

30,7

Малы горад

39,5

21,3

29,4

Сельскае пасяленне

46,1

13,9

34,3

Табліца 8. Меркаванне аб рэйтынгу А.Лукашэнкі ў залежнасці ад рэгіёна пражывання (у % ад агульнай колькасці апытаных)

Рэгіён пражывання

Рэйтынг А.Лукашэнкі

Павысіўся

Панізіўся

Застаўся ранейшым

Мінск

26,3

33,1

33,4

Мінская вобласць

37,9

26,7

35,5

Брэсцкая вобласць

25,6

21,3

44,2

Гродзенская вобласць

42,3

27,2

22,4

Віцебская вобласць

35,0

236,

32,3

Магілёўская вобласць

50,2

17,1

24,4

Гомельская вобласць

50,7

13,3

25,3

Наведванне прэзідэнтам у ліпені сваёй малой радзімы на мяжы Віцебскай і Магілёўскай абласцей, якое суправаджалася абяцаннямі стварыць новыя працоўныя месцы і прыцягнуць у гэтыя рэгіёны буйныя інвестыцыі, а таксама паездкі ў Гродзенскую і Брэсцкую вобласці, што адбыліся ў гэтым жа месяцы, цалкам маглі справакаваць рост пазітыўных чаканняў, звязаных з захаваннем абранага палітычнага курсу. Таму, напрыклад, меркаванне магілёўскіх рэспандэнтаў аб узрастанні рэйтынгу кіраўніка дзяржавы з'яўляецца вытлумачальным. Аднак з даных табліцы 8 бачна, што аб узрастанні рэйтынгу гаворыць такая ж колькасць рэспандэнтаў і ў Гомельскай вобласці, якую прэзідэнт наведваў даволі даўно і якой буйных інвестыцыйных праектаў не абяцаў. Зрэшты, у раёнах, што пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, рэйтынг прэзідэнта традыцыйна высокі.

Некаторую заканамернасць у размеркаванні адказаў можна знайсці, калі суаднесці іх з наяўнасцю або адсутнасцю грамадска-палітычных недзяржаўных СМІ ў тых або іншых раёнах. Так, у Магілёўскай і Гомельскай абласцях абсалютна адсутнічаюць такія зарэгістраваныя незалежныя выданні, і менавіта тут больш за ўсё рэспандэнтаў гавораць аб узрастанні рэйтынгу прэзідэнта (хаця, напрыклад, у Гомельскай вобласці моцныя аргструктуры дэмакратычных сіл). У Гродзенскай вобласці закрылася ліберальная газета "Биржа информации", улады ўзялі пад кантроль Саюз палякаў на Беларусі і яго газету - і доля грамадзян, якія адчуваюць рост падтрымкі рэжыму, дасягнула 42,3%, хаця да апошняга часу вобласць давала больш ачкоў апанентам А.Лукашэнкі.

Наадварот, у Брэсцкай вобласці, дзе сектар недзяржаўных СМІ пакуль "зачышчаны" не да канца, 44,2% рэспандэнтаў упэўнены, што рэйтынг А.Лукашэнкі застаецца ранейшым, а доля тых, хто лічыць, што рэйтынг узрастае або падае, суадносная з сітуацыяй у Мінску. Пры гэтым менавіта жыхары сталіцы, дзе найбольш даступныя недзяржаўныя СМІ і іншыя альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі (інтэрнет, замежнае тэлебачанне), лідзіруюць па адчуванні, што падтрымка кіраўніка дзяржавы падае. Калі ў цэлым па краіне такога пункта гледжання прытрымліваюцца 23,4% апытаных, то ў сталіцы - 33,1%.

Цікава, што Гродзенская і Брэсцкая вобласці лідзіруюць па колькасці адказаў "многія людзі баяцца выказваць свае палітычныя погляды" (адпаведна 46,3% і 46,8%). Суадносіны гэтых звестак з маментальным адчуваннем стану рэйтынгу А.Лукашэнкі ў абедзвюх абласцях наводзяць на думку, што ў рэспандэнтаў маглі быць прынцыпова розныя перадумовы для ацэнкі масавых пераваг пры прыкладна роўным страху выказваць свае палітычныя погляды.

Гіпотэза аб тым, што гатоўнасць выбаршчыкаў на прэзідэнцкіх выбарах, якія маюць адбыцца, падтрымаць дзейнага кіраўніка дзяржавы, адваротна прапарцыянальная наяўнасці ў рэгіёне даступных альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі, можа служыць тлумачэннем пастаноўкі на парадак дня ўладамі тэмы забеспячэння "інфармацыйнай бяпекі", якая трактуецца ў тэрмінах "халоднай вайны", у адпаведнасці з якой пашырэнне сярод насельніцтва інфармацыі аб тым, што адбываецца ў Беларусі, разглядаецца як варожыя падкопы, што патрабуюць адэкватнага супрацьдзеяння.

Такім чынам, улады дасягнулі прыкметных поспехаў у прасоўванні ў асяроддзі патэнцыяльных выбаршчыкаў выгадных для сябе ўяўленняў аб безальтэрнатыўнасці фігуры А.Лукашэнкі на будучых прэзідэнцкіх выбарах, аслабленні ўплыву на грамадскую думку структур грамадзянскай супольнасці, абмежаванні магчымасцей і выцісканні з прывычнай насельніцтву сістэмы распаўсюджвання недзяржаўных СМІ. Уяўленне выбаршчыкаў аб тым, узрастае ці падае рэйтынг кіраўніка дзяржавы, наўпрост звязана з апісаным нямецкім сацыёлагам Э.Ноэль-Нойманам феноменам "спіралі маўчання", сутнасць якога ў тым, што выбаршчыкі, баючыся застацца ў меншасці, часта выказваюць пункт гледжання, які, на іх думку, падтрымліваецца большасцю.

Як мы ўжо зазначалі, гэта прыводзіць да таго, што прыхільнікі перамен у беларускім грамадстве не могуць усвядоміць сваёй рэальнай сілы. Характэрна, што 50,2% рэспандэнтаў пагадзіліся з выказваннем А.Лукашэнкі аб прэзідэнцкіх выбарах, што маюць адбыцца: "Я думаю, што людзі падтрымаюць мяне. Навошта ката ў мяшку нейкага? Навошта шыла на мыла мяняць - так думае любы чалавек". Пры гэтым гатоўнасць прагаласаваць за А.Лукашэнку выказалі толькі 47% выбаршчыкаў, а прадказваюць яго перамогу 72%! Памылковая ацэнка масавых пераваг можа прывесці да "самаспраўджанага" прагнозу.

Выправіць гэтую памылку можа адзіны кандыдат ад апазіцыі, калі яму ўдасца максімальна кансалідаваць дэмакратычных выбаршыкаў, тым самым выпрастаўшы "спіраль маўчання".

* Матэрыял падрыхтаваны па выніках нацыянальнага апытання грамадскай думкі, праведзенага ў верасні 2005 г. групай сацыёлагаў пры садзеянні НІСЭПД (Вільнюс, Літва). Усяго метадам face-to-face interview былі апытаныя 1504 чалавекі ва ўзросце 18 гадоў і больш. Межавая памылка рэпрэзентатыўнасці не перавышае 0,03.