САМЫЯ МАГУТНЫЯ ПАЛІТТЭХНАЛОГІІ - У ЛУКАШЭНКІ
2006-02-15
Аўтар: Кірыл ПАЗНЯК, аглядальнік
Апазіцыйныя прэтэндэнты, у якіх далёка не фаварысцкія пазіцыі на гэтых выбарах, здавалася б, з самага старту выбарчай гонкі павінны былі зрабіць стаўку на найбольш прагрэсіўныя паліттэхналогіі. Аднак прымяняюцца або саматужныя, або шаблонныя, а значыць малаэфектыўныя методыкі. Нечаканых прыёмаў няма, хаця толькі яны і могуць выратаваць справу ў такіх няроўных умовах палітычнай барацьбы. Аднак апазіцыянеры дзейнічаюць так, нібыта ў іх такія ж унушальныя, як у дзейнага прэзідэнта, інфармацыйна-прапагандысцкія рэсурсы.
Між тым у Лукашэнкі ў медыйнай сферы безумоўная перавага (амаль манаполія). Вынікі першага маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) "Асвятленне прэзідэнцкіх выбараў 2006 года ў беларускіх сродках масавай інфармацыі" - яркае таму пацвярджэнне. Даследаванне праводзілася з 16 па 27 студзеня, гэта значыць на заключным этапе кампаніі збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты.
Эксперты БАЖ зазначаюць, што тэма прэзідэнцкіх выбараў у гэты перыяд была далёка не прыярытэтнай для дзяржаўных электронных і друкаваных СМІ. Пры гэтым дамінаваў станоўчы вобраз толькі аднаго ўдзельніка выбараў - прэзідэнта. Аб яго саперніках або не ўзгадвалася наогул, або гаварылася мімаходзь. Пра тое, як ідзе збор подпісаў, амаль не паведамлялася.
На Агульнанацыянальным тэлебачанні дзейнаму прэзідэнту было прысвечана 90% эфіру на тэму выбараў. Пры гэтым пра Лукашэнку гаварылася толькі станоўча (66 прамых або непрамых характарыстык такога кшталту) або нейтральна (13). Газета Адміністрацыі прэзідэнта "Советская Белоруссия" прысвяціла Лукашэнку 80,2% плошчы матэрыялаў, у якіх ішла размова аб палітычных суб'ектах выбарчага працэсу.
У Беларусі традыцыйна галасуюць сэрцам. Спаборніцтва перадвыбарчых праграм практычна няма. У іх мала хто з выбаршчыкаў унікае. Так што прадастаўленне кандыдатам права два разы па паўгадзіны выступіць на радыё і тэлебачанні і размясціць свае праграмы ў сямі дзяржаўных газетах палітычнай пагоды не зробіць.
Пры гэтым у сапернікаў Лукашэнкі няма рэзюмэ сваіх праграмных напрацовак на простай, даступнай для народа мове, як няма пакуль і якіх-небудзь яркіх лозунгаў.
Найбольш крытычным у дачыненні да ўладаў выглядае Мілінкевіч. Але пры гэтым выказваецца даволі агульна. Такія выдаткі імкнення адысці ад іміджу радыкала. Зрэшты, дзяржаўная прэса ўсё роўна зробіць з лідэра аб'яднанай апазіцыі пудзіла.
У прыватнасці, на Мілінкевіча вешаюць ярлык нацыяналіста, які, калі прыйдзе да ўлады, будзе насаджаць беларускую мову, якой многія ў краіне валодаюць слабавата.
Заявы ж Мілінкевіча без прапагандысцкай апрацоўкі дзяржаўных СМІ даходзяць да нязначнай часткі беларусаў - чытачоў незалежных газет і інтэрнет-карыстальнікаў.
Тое ж самае можна сказаць і наконт галоўнага піяр-намагання Мілінкевіча - прэзентацыі сябе на Захадзе. Шматлікія сустрэчы з кіраўніцтвам ЕС, еўраструктур і асобных краін Старога Свету - несумненны прарыў. Аднак, па-першае, па згаданых вышэй прычынах аб замежных паездках Мілінкевіча і тым больш аб іх змесце ведае нязначная частка насельніцтва. Па-другое, частка дасведчанай публікі якраз крытыкуе яго за частыя замежныя ваяжы. Маўляў, лепш бы з электаратам на радзіме працаваў.
Чым бліжэй выбары, тым часцей пераможная рыторыка Мілінкевіча чаргуецца з сумнымі разважаннямі аб тым, што Лукашэнка ўсё роўна пераможа з дапамогай усялякіх маніпуляцый, але трэба працаваць на перспектыву. Тут - і апрыёрнае апраўданне паражэння, і псіхалагічная падрыхтоўка дэмакратычнага электарата да чарговага расчаравання.
Разам з тым каманда Мілінкевіча стараецца павысіць яго канкурэнтаздольнасць у вачах выбаршчыкаў распаўсюджваннем звестак сацапытанняў Інстытута Гэлапа аб рэйтынгах прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. Маўляў, папулярнасць адзінага дэмакратычнага кандыдата ўзрастае саліднымі тэмпамі. Але згодна з гэтымі ж апытаннямі, у Лукашэнкі сёння рэйтынг большы за 50%, гэта значыць - дастатковы для перамогі ў першым туры. Да таго ж яго піяраць блізкія да ўлады сацыялагічныя службы: яны даюць афіцыйнаму лідэру рэйтынг за 75%.
У наяўнасці - вайна рэйтынгаў. А наперадзе - яшчэ і вайна экзіт-полаў у дзень галасавання 19 сакавіка.
Самыя магутныя і правераныя паліттэхналогіі выкарыстоўвае ўлада. Яскравы прыклад - распачатая тэлеканалам ОНТ паўтарамесячная серыя канцэртаў пад лозунгам "За Беларусь!". Першыя такія канцэрты прайшлі ў Гродне і Брэсце, потым яны трансляваліся на тэлебачанні. У лютым і сакавіку пройдуць яшчэ шэсць канцэртаў - па адным у Гомелі, Віцебску і Магілёве і тры ў Мінску.
Першыя канцэрты былі моцна палітызаваныя. "Зоркі" заклікалі гледачоў у хуткім часе "зрабіць правільны выбар" і прагаласаваць "За Беларусь!". Усім зразумела, які пры гэтым падразумяваецца кандыдат.
У 2001 годзе перадвыбарчы слоган Аляксандра Лукашэнкі гучаў так: "За моцную і квітнеючую Беларусь!". А заклік "За Беларусь!" актыўна выкарыстоўваўся ўладамі ў перыяд падрыхтоўкі да рэферэндуму па пытанні аб праве балатавацца ў прэзідэнты неабмежаваную колькасць разоў. Афіцыйныя вынікі плебісцыту дазволілі Лукашэнку ў трэці раз прэтэндаваць на пасаду кіраўніка дзяржавы на выбарах-2006.
Ці не з'яўляюцца канцэрты, якія арганізуе ОНТ, забароненай датэрміновай агітацыяй за дзейнага прэзідэнта? Бо дзякуючы практыцы папярэдніх выбарчых кампаній лозунг "За Беларусь!" асацыюецца з кандыдатурай Лукашэнкі.
На думку сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, фраза "За Беларусь!" не з'яўляецца агітацыяй, паколькі не ўтрымлівае персаналіі, за якую заклікаюць аддаць голас: "Я думаю, што пад словамі "За Беларусь!" маглі б падпісацца ўсе чатыры прэтэндэнты, якія яшчэ працягваюць удзел у выбарчай кампаніі".
Паводле слоў Лазавіка, акцыя "За Беларусь!" скіравана на тое, каб "павысіць палітычную актыўнасць грамадзян і іх цікавасць да выбарчай кампаніі, што праходзіць у краіне".
Што тычыцца Сяргея Гайдукевіча, то да рэгістрацыі кандыдатаў ён узяў паўзу. Але пры гэтым зрабіў заяву, якая міжволі пацвердзіла яго рэпутацыю спарынг-партнёра Лукашэнкі. Лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі не сумняваецца, што цяпер упэўнена пераможа дзейны прэзідэнт. А таму сам Гайдукевіч будуе планы ўжо на 2011 год.
У камандзе Аляксандра Казуліна таксама гавораць, што бяруць удзел у выбарах, арыентуючыся на перспектыву. Пры гэтым лідэр сацыял-дэмакратаў разбурае імідж Мілінкевіча як адзінага кандыдата і шмат крытыкуе яго за празаходніцтва. Некаторыя аналітыкі лічаць, што Казулін - крэатура Крамля. Маўляў, Масква трымае яго на выпадак нечаканага развіцця падзей у кантэксце 19 сакавіка. Каб палітычная ініцыятыва ў выпадку масавых вулічных пратэстаў не перайшла да Мілінкевіча.
Назіральнікі зазначаюць, што Казулін яўна не абмежаваны ў рэсурсах. Яго ініцыятыўная група пры зборы подпісаў паказала большы ККД у параўнанні з камандай Мілінкевіча.
Ды і самыя масавыя недзяржаўныя газеты ў краіне - "Народная воля" і "Комсомольская правда" в Белоруссии", паводле звестак маніторынгу БАЖ, больш за ўсё пішуць не пра Мілінкевіча, а якраз пра Казуліна.
Так, у маніторынгавы перыяд з 16 па 27 студзеня ў "Народнай волі" гэтай персоне дасталося 18,7% плошчы публікацый, прысвечаных суб'ектам выбарчай кампаніі. Для параўнання, Лукашэнку - 13,3%, Мілінкевічу - 2,4%.
У "Комсомольской правде" в Белоруссии" публікацыі пра Казуліна занялі 31,01% аналагічнай плошчы, пра былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Скрабца - 13,08%, Лукашэнку - 4,59%, Мілінкевіча - 2,21%.
Між тым штаб Мілінкевіча абнародаваў "выцек інфармацыі" з органаў улады (яшчэ адна паліттэхналогія): нібыта шляхам фальсіфікацыі вынікаў галасавання іх лідэра хочуць паставіць на апошняе месца, каб дыскрэдытаваць і яго самога, і ўсю аб'яднаную апазіцыю. Гэта можа даць мабілізуючы эфект, падштурхнуўшы частку электарату прагаласаваць за Мілінкевіча "на злосць начальству".