Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Хронiка
 
PR-тэхналогіі

КОЖНЫ ХОЧА ЗУХАМ ВЫГЛЯДАЦЬ


2005-12-29

Аўтар: Павел КІРЫЛАЎ, журналіст

Гэта тычыцца і публічна агучаных намераў балатавацца, і ўласна вылучэнняў у якасці прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду, за якімі пад той ці іншай маркай ідзе адмова ад удзелу ў выбарах.

Блеф і марнасць.

Паўдзесятка апазіцыйных палітыкаў, якія апошнім часам намякалі на тое, што пойдуць у прэзідэнты, не сталі нават уключацца ў выбарчую кампанію. Тлумачэнне гэтага было чакаемым: выбары будуць фарсам. А няўжо вы да апошняга спадзяваліся, што ўлады раптам правядуць іх так, як хоча апазіцыя?

28 снежня заяву адносна выбараў зрабілі былы старшыня Савета рэспублікі Аляксандр Войтовіч і экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Фралоў, у якіх ужо зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы па вылучэнні іх кандыдатамі ў прэзідэнты. Палітыкі ставяць шэраг умоў, пры якіх прэзідэнцкія выбары могуць лічыцца "канстытуцыйнымі і законнымі".

Адной з такіх умоў называецца адмова Аляксандра Лукашэнкі балатавацца на трэці прэзідэнцкі тэрмін, "паколькі яго ўказ № 431 ад 7.09.2004 аб правядзенні рэферэндуму аб магчымасці падаўжэння тэрмінаў прэзідэнцтва разыходзіцца з Канстытуцыяй краіны і не можа дзейнічаць".

Вайтовіч і Фралоў таксама патрабуюць забяспечыць аднолькавы доступ для ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты да дзяржаўных СМІ, стварыць умовы для свабоднага правядзення агітацыі, не дапускаць затрымання агітатараў і канфіскацыі агітацыйных матэрыялаў.

Яшчэ адно патрабаванне - каб апячатванне скрыняў для датэрміновага галасавання ажыццяўлялася дзвюма пячаткамі (старшыні камісіі і намесніка старшыні камісіі), а таксама каб назіральнікі маглі бачыць адзнакі ў бюлетэнях пры падліку вынікаў галасавання.

І калі ўлады не выканаюць пералічаных умоў, палітыкі пакідаюць за сабою права выйсці з выбарчай кампаніі.

Няма сумневу - не выканаюць, і Вайтовіч з Фраловым змогуць з чыстым сэрцам і пачуццём выкананага абавязку сысці з дыстанцыі, захаваўшы дэмакратычнае аблічча.

Сяргей Гайдукевіч заяўляе, што думае аб першым месцы на выбарах, з усіх сіл імкнучыся пераканаць электарат, што ён апазіцыйны кандыдат, а не спарынг-партнёр Лукашэнкі.

Тая ж праблема, дарэчы, стаіць і перад Казуліным, якога многія ў апазіцыі лічаць праектам Адміністрацыі прэзідэнта.

Каманда Зянона Пазьняка гаворыць, што ён гатовы вярнуцца ў Беларусь, калі ўлады гарантуюць яму недатыкальнасць. Але ж лідэр КХП-БНФ абвясціў ні больш ні менш нацыянальна-вызваленчы рух, а тут за яго просяць ва ўладаў нейкіх гарантый?!

Аляксандр Мілінкевіч і Аляксандр Лукашэнка завочна ваююць паміж сабою рэйтынгамі. Першы гаворыць, што яго пазнавальнасць і папулярнасць расце як на дражджах, другі запэўнівае выбаршчыкаў, што яны падтрымлівалі і падтрымаюць яго трыма чвэрцямі галасоў.

Пажывём - пабачым, ці пацвердзіць іх рэйтынгі 19 сакавіка і ў паслявыбарныя дні вуліца.