Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2006 года
 
Маніторынг

НА ТЭРЫТОРЫІ ЛІТВЫ ЗАБАРАНІЛІ БТ ("Радыё Свабода")

Аўтар: "Радыё Свабода", 30 сакавіка 2006 году

Апэратары кабэльнай тэлевізіі павінны спыніць трансьляцыю дзяржаўнай беларускай тэлевізіі на тэрыторыі Літвы, паводле рашэньня Камісіі тэлерадыё, прынятага на адмысловым паседжаньні ўчора.

Рашэньне было прынятае з увагі на ранейшую рэзалюцыю літоўскага парлямэнту адносна выбараў у Беларусі, якія прызнаныя несапраўднымі. У гэтай рэзалюцыі Сойму ўлада Беларусі названая "дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі". У ёй выказваецца рэзкае асуджэньне "рэпрэсіяў супраць апазыцыі". У рашэньні Камісіі таксама адзначаецца, што беларускія дзяржаўныя тэлеканалы распаўсюджваюць дэзінфармацыю.

Беларускую дзяржаўную тэлевізію надалей змогуць глядзець тыя жыхары Літвы, якія маюць спадарожнікавыя антэны.

Дырэктар Літоўскай асацыяцыі кабэльнай тэлевізіі Юозас Юрэлёніс ужо паведаміў, што асацыяцыя, якая аб'ядноўвае каля 50 кампаніяў, выканае рашэньне Камісіі, аднак гэтае рашэньне нагадвае яму "барацьбу зь ветракамі", паколькі беларускія дзяржаўныя каналы будуць бачныя і ў Латвіі і Эстоніі.

Паводле закону, рашэньне Камісіі будзе дзейным праз тыдзень пасьля абвяшчэньня на старонках выданьня "Навіны дзяржавы".

***

Дзяржаўная беларуская тэлевізія ў мінулую суботу ў сваіх рэпартажах паведаміла, што кіраўнік замежнай палітыкі Эўразьвязу Хаўер Саляна, міністар замежных справаў Літвы і літоўская амбасада нібыта рыхтавалі мітынгі пратэсту ў Менску і кіравалі імі. Прэзыдэнт Літвы і іншыя кіраўнікі Літвы заявілі, што ня будуць палемізаваць з тэлеканаламі, якія кантралююцца дыктатарскім рэжымам.