АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА: "КАЛІ ЗАХАД ПАВАЖАЕ ВОЛЮ НАРОДА, ТО ЗМЕНІЦЬ СВАЁ СТАЎЛЕННЕ ДА БЕЛАРУСІ" ("Звязда")
2006-03-22
Аўтар: "Звязда"
Аб апазіцыі на Кастрычніцкай плошчы
Выступленні апазіцыі на Кастрычніцкай плошчы Мінска ўвечары дня галасавання А. Лукашэнка назваў "непрыгожымі". "Мы ім далі магчымасць сябе праявіць на сто працэнтаў пад аб'ектывамі вашых камер, мікрафонамі, перад вашымі вачыма, - адзначыў ён. - Калі вы разумныя людзі, вы павінны былі зразумець, што апазіцыя нічога не зробіць".
Пры гэтым, кіраўнік дзяржавы заявіў, што сам факт прысутнасці людзей на плошчы гаворыць "аб дэмакратычнасці нашага грамадства". Ёсць людзі, якія выступалі супраць палітыкі прэзідэнта, якія галасавалі супраць яго, і іх не 4-5 тысяч, што выйшлі на вуліцу, а нашмат больш, як паказалі вынікі галасавання, прызнаў А. Лукашэнка.
Аб саперніках на выбарах
А. Лукашэнка заявіў, што да Аляксандра Мілінкевіча паступалі парады адразу ж пасля выбараў абвясціць сябе прэзідэнтам. Аднак, паведаміў кіраўнік дзяржавы, "патрэбна аддаць належнае гэтаму чапавеку, які да раніцы так і не рашыўся гэта зрабіць, бо з-за межаў ім бачацца нашы выбары зусім іншымі".
А вось за іншага кандыдата ў прэзідэнты - Сяргея Гайдукевіча - А. Лукашэнка нават прагаласаваў. "Гэта адбылося не з-за таго, што вы з'яўляецеся маім сябрам або абсалютным прыхільнікам, - адзначыў кіраўнік дзяржавы пасля віншавання з боку С. Гайдукевіча. - Мы маем часам нават дыяметральна процілеглыя погляды. Аднак, па-першае, мой прынцып - ніколі не галасаваць за сябе. Па-другое, за іншых кандыдатаў я галасаваць не мог у сілу пэўных прычын... Вы ж - народны дэпутат, вас выбраў народ. Таму я прыняў рашэнне, ужо ў кабінцы для галасавання, падтрымаць выбар насельніцтва, якое аддавала свае галасы С. Гайдукевічу".
Адзін з журналістаў, маючы на ўвазе рэзкія выказванні А. Мілінкевіча і А. Казуліна ў адрас кіраўніка дзяржавы, задаў прамое пытанне: ці будуць тыя сядзець у турме? "Я б не хацеў, каб яны сядзелі ў турме, - адзначыў А. Лукашэнка. - Але я і ў турму нікога не саджаю, я з яе вызваляю - па амністыі... Што ж датычыцца турмы, то, калі вінаватыя, будуць сядзець, калі не - не будуць. Што датычыцца мяне асабіста, то па нейкіх уласных матывах яны ў турму не сядуць, я катэгарычна супраць гэтага і буду прасіць аб гэтым праваахоўныя органы... Але тое, што ў іх выказваннях ёсць састаў злачынства, - сто працэнтаў, там паклёп і лжывыя звесткі".
Аб уступленні ў Савет Еўропы А. Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатова ўступіць у Савет Еўропы хоць заўтра. "Мы не адмаўляемся ад гэтай арганізацыі, - адзначыў ён. - Але я па Расіі бачу, што Савет Еўропы ім нічога, акрамя праблем, не стварае. I нам тое ж самае там было б або будзе. Ну, будзем там разам з расіянамі адбівацца, калі нас туды запросяць. Мы не адмаўляемся, мы частка Еўропы. Але ж пакуль у Савеце Еўропы пераважаюць двайныя стандарты ў адносінах да Беларусі".
Аб эканамічных санкцыях
З боку асобных палітыкаў Еўрапейскага саюза адразу ж пасля падвядзення вынікаў выбараў пачалі гучаць заявы аб магчымасці прымянення эканамічных санкцый да Беларусі. А. Лукашэнка назваў такія заявы абсурднымі. Па-першае, прыкладна 30 працэнтаў бюджэту Літвы і Латвіі "фарміруецца за кошт эканомікі Беларусі: перавалка грузаў і г.д.", і калі "членам Еўрасаюза гэта да лямпачкі, калі іх гэта не хвалюе і яны запраста могуць вярнуць гэтыя 30 працэнтаў, тады могуць нешта ўводзіць". Па-другое, праз Беларусь па добрай дарозе штогод транзітам праходзіць 100 млн тон грузу, і калі "Еўрасаюз і тут хоча мець праблемы, ён іх будзе мець". Такім чынам, сёння беларуская эканоміка дастаткова моцна інтэгравалася ў еўрапейскую эканоміку, а таму спробы ізаляцыі выклікаюць адмоўныя наступствы для эканомік краін ЕС і іх партнёраў.
Таму, адзначыў А. Лукашэнка, Беларусь будзе развіваць свае адносіны з кіраўніцтвам Еўрапейскага саюза "так, як яны гэтага захочуць". Паводле яго слоў, чыноўнікі ЕС падтрымлівалі беларускую апазіцыю, аднак сказалі ёй, што пры перамозе А. Лукашэнкі не змогуць далей ігнараваць краіну, што знаходзіцца ў сярэдзіне Еўропы. Напрыклад, за адзін год было тры выпадкі, калі на беларускай мяжы былі затрыманы ядзерныя кампаненты пры спробах вывезці іх у Заходнюю Еўропу. Таксама цяпер у нашай краіне знаходзіцца, паводле некаторых ацэнак, да 150 тысяч нелегальных мігрантаў, якія "закрыты" на мяжы і не маюць магчымасці трапіць на Захад. "Навошта тады душыць Беларусь? За тое, што мы вас нармальна абараняем?" - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аб міжнароднай ізаляцыі
Паводле слоў палітыкаў ЗША, адзначыў А. Лукашэнка, Беларусь ужо "даўно знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі і ў нас па вуліцы ходзяць мядзведзі". Тым не менш, калі там ёсць узважаныя і разумныя палітыкі, то апошнія падзеі ў нашай краіне павінны прымусіць іх зразумець, што гэта воля беларускага народа. "Калі яны паважаюць волю беларускага народа, - заявіў А. Лукашэнка, - то яны зменяць сваю пазіцыю ў адносінах да Беларусі. Я не баюся нейкай далейшай ізаляцыі. Куды ўжо больш?" Таксама ён адзначыў, што Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, і ўлады прадпрымуць усе неабходныя намаганні, каб захаваць у ёй мір, даказаўшы такім чынам і абсурднасць палітыкі тых краін, што гавораць аб міжнароднай ізаляцыі.
Аб падтрымцы Расіі
А. Лукашэнка адзначыў, што яго ўлада, эканоміка Беларусі не трымаецца на падтрымцы расійскага прэзідэнта. "...Ды будзе вам вядома, што мы купляем у Расіі нафту па цэнах вышэй сусветных. Аднак мы своечасова правялі мадэрнізацыю нафтаперапрацоўчых заводаў, і яны сёння праводзяць глыбіню перапрацоўкі нафты вышэй 90 працэнтаў. Мы навучыліся рабіць якасныя нафтапрадукты, якія карыстаюцца попытам у Еўрасаюзе... Адзінае, аб чым я заўсёды прасіў прэзідэнта Расіі: у вас і так праблем хапае, навошта, каб вас напярэдадні саміта "васьмёркі" пачалі душыць. Мне не патрэбна ніякая падтрымка. Хоць, я ўпэўнены, калі б я папрасіў, мне б Расія аказала любую падтрымку".
Аб саюзнай дзяржаве
Адказваючы на пытанне аб інтэграцыйных адносінах з Расіяй, А. Лукашэнка адзначыў, што "ў апошні час гэты працэс характарызуецца тым, што мы ад глабальных праектаў і мэтаў (напрыклад, федэрацыя-канфедэрацыя, прэзідэнт-віцэ-прэзідэнт) перайшлі на вырашэнне канкрэтных пытанняў... Каб расіяне і беларусы не былі іншаземцамі на тэрыторыі нашых дзяржаў. Мы вырашылі пытанні свабоднага перамяшчэння рабочай сілы, пенсійнага заканадаўства, медыцынскага абслугоўвання, усяго таго, што перашкаджала жыццю нашых людзей". Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь не тармозіць аб'яднальныя працэсы. Аднак, лічыць ён, "любы саюз павінен быць даўгавечным. А будзе ён даўгавечным, калі яго будаваць на прынцыпах, якія выпакутаваны жыццём. Прынцыпы будаўніцтва саюзнай дзяржавы вызначаны, і галоўны з іх - раўнапраўе. Калі Расія з гэтага будзе зыходзіць, то да нашага саюза далучацца і тыя, хто гэтага вельмі жадае. Але мы тут павінны дзейнічаць акуратна і карэктна, не з пазіцыі "меншы-большы", "старэйшы-малодшы".
Аб Украіне
А. Лукашэнка выказаў упэўненасць у добрых перспектывах развіцця ўзаемаадносінаў з Украінай. "Я асабіста заўсёды ставіўся з вялікай любоўю і павагай да Украіны, - адзначыў ён. - Нават падтэксту не павінна гучаць, што прэзідэнт Беларусі дрэнна ставіцца да гэтай краіны". У якасці прыкладу паспяховасці супрацоўніцтва было прыведзена значнае павелічэнне тавараабароту паміж краінамі, які за мінулы год дасягнуў амаль 2 млрд долараў. Пры гэтым ён адзначыў, што каляровую рэвалюцыю не патрэбна параўноўваць з украінскім народам. Доказам гэтага, лічыць кіраўнік дзяржавы, стануць вынікі парламенцкіх выбараў.