СТРУКТУРА МЯСЦОВАГА САМАКІРАВАННЯ
Сістэма мясцовага самакіравання ў Беларусі ўключае тры ўзроўні: абласны - абласныя і Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў; базавы - раённыя і гарадскія (у гарадах абласнога падпарадкавання) Саветы дэпутатаў; першапачатковы - гарадскія (у гарадах раённага падпарадкавання), сельскія і пасялковыя Саветы дэпутатаў.
ДАТА ВЫБАРАЎ ДЭПУТАТАЎ МЯСЦОВЫХ САВЕТАЎ
Выбары дэпутатаў мясцовых саветаў прызначаны на 2 сакавіка 2003 года. У акругах, дзе ніводзін з кандыдатаў не набярэ больш за 50 працэнтаў галасоў выбаршчыкаў, 16 сакавіка пройдзе другі тур галасавання.
ЭТАПЫ КАМПАНІІ ПА ВЫБАРАХ ДЭПУТАТАЎ МЯСЦОВЫХ САВЕТАЎ
У адпаведнасці з Каляндарным планам, зацверджаным Цэнтрвыбаркамам, кампанія па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў складаецца з наступных этапаў:
Да 6 снежня 2002 года - стварэнне тэрытарыяльных выбарчых камісій.
Да 16 снежня 2002 года - стварэнне акруговых выбарчых камісій.
Да 31 снежня 2002 года - стварэнне ўчасткаў для галасавання.
З 22 да 26 снежня 2002 года - вылучэнне ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты.
Да 31 снежня 2002 года - рэгістрацыя ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты.
Да 15 студзеня 2003 года - стварэнне ўчастковых выбарчых камісій.
З 21 да 30 студзеня 2003 года - рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў.
З дня рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты да 1 сакавіка 2003 года - перадвыбарная агітацыя.
З 25 лютага да 1 сакавіка 2003 года - датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў.
2 сакавіка 2003 года - першы тур выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў.
16 сакавіка 2003 года - другі тур выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў.
АРГАНІЗАЦЫЯ ВЫБАРАЎ ДЭПУТАТАЎ МЯСЦОВЫХ САВЕТАЎ
Арганізацыяй і правядзеннем выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў займаецца Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў.
Паводле яе рашэння, у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, для выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў створаныя тэрытарыяльныя (у складзе 9-13 членаў), акруговыя (9-13 членаў) і ўчастковыя (у складзе 5-19 членаў) выбарчыя камісіі.
Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, для правядзення мясцовых выбараў 2003 года сфарміраваныя 1 673 тэрытарыяльныя камісіі (1 440 - сельскіх, 78 пасялковых, 117 - раённых, 11 - гарадскіх у гарадах раённага падпарадкавання і 20 - гарадскіх у гарадах абласнога падпарадкавання), а таксама 369 акруговых камісій.
УМОВЫ РЭГІСТРАЦЫІ КАНДЫДАТАЎ У ДЭПУТАТЫ МЯСЦОВЫХ САВЕТАЎ
Дэпутатам мясцовага Савета можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь або грамадзянін Расійскай Федэрацыі, які пастаянна пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і які дасягнуў 18 гадоў. Пры гэтым ён павінен пастаянна пражываць або працаваць на тэрыторыі адпаведнай выбарчай акругі або працаваць у арганізацыях, размешчаных на тэрыторыі іншай акругі, але на пасадзе, звязанай з задавальненнем патрэбаў насельніцтва і сацыяльным развіццём тэрыторыі дадзенай акругі.
Кандыдатамі ў дэпутаты не могуць быць вылучаныя грамадзяне, якія не маюць права ў адпаведнасці з заканадаўствам займаць пасады ў дзяржаўным апараце з прычыны наяўнасці судзімасці, не знятай і не пагашанай у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Права вылучэння кандыдатам у дэпутаты належыць грамадскім аб'яднанням, працоўным калектывам і грамадзянам (шляхам збору подпісаў) у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам.
Для вылучэння ў абласныя і Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў неабходна сабраць не менш за 150 подпісаў; у раённы і гарадскі Саветы (у гарадах абласнога падпарадкавання) - не менш за 75подпісаў, у гарадскі (у гарадах раённага падпарадкавання), пасялковы і сельскі Саветы дэпутатаў - не менш за 20 подпісаў выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі дадзенай акругі.
Усяго падчас мясцовых выбараў павінны быць абраныя 24 тысячы 45 дэпутатаў мясцовых Саветаў усіх узроўняў.
ВЫБАРЧАЕ ПРАВА НА ВЫБАРАХ ДЭПУТАТАЎ МЯСЦОВЫХ САВЕТАЎ
Выбары дэпутатаў, згодна з Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам Беларусі, ажыццяўляюцца на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.
Выбарчым правам на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў валодаюць усе паўналетнія грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама грамадзяне Расійскай Федэрацыі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі.
Не валодаюць правам голасу грамадзяне Рэспублікі Беларусь, прызнаныя судом недзеяздольнымі; асобы, якія ўтрымліваюцца па рашэнню суда ў месцах пазбаўлення волі, а таксама асобы, у дачыненні да якіх у парадку, што ўстаноўлены крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, абраная ў якасці меры стрымання ўтрыманне пад вартай.
Паводле папярэдніх звестак ЦВК, у выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў 2003 года маюць права ўдзельнічаць каля 7 мільёнаў выбаршчыкаў, у тым ліку каля 60 тысяч расіян, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
ПАРАДАК ГАЛАСАВАННЯ НА ВЫБАРАХ ДЭПУТАТАЎ МЯСЦОВЫХ САВЕТАЎ
Выбарчае заканадаўства Беларусі прадугледжвае датэрміновае галасаванне, якое пачынаецца за 5 дзён да даты асноўных выбараў.
У перыяд з 25 лютага да 1 сакавіка 2003 года выбарчыя ўчасткі будуць працаваць з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00.
Непасрэдна ў дзень выбараў - 2 сакавіка 2003 года - участкі для галасавання будуць адкрытыя на працягу 12 гадзін - з 8.00 да 20.00.
Галасаванне праходзіць на выбарчых участках або, па пісьмовай просьбе выбаршчыка, у яго дома, куды члены выбарчай камісіі маюць прывезці скрыню для галасавання.
Участкі для галасавання ствараюцца з колькасцю не менш за 20 і не больш за 3000 выбаршчыкаў не пазней, чым за два месяцы да выбараў.
УМОВЫ АБРАННЯ ДЭПУТАТАЎ МЯСЦОВЫХ САВЕТАЎ
Выбары прызнаюцца сапраўднымі, калі ў галасаванні возьмуць удзел больш за 50 працэнтаў выбаршчыкаў акругі, уключаных у спісы грамадзян, якія маюць права браць удзел у выбарах.
Абраным у першым туры выбараў па выбарчай акрузе лічыцца кандыдат у дэпутаты, які атрымаў больш за палову галасоў выбаршчыкаў, што бралі ўдзел у галасаванні, калі выбары былі прызнаныя сапраўднымі.
Калі ніводзін з кандыдатаў у дэпутаты не набярэ неабходнай колькасці галасоў, то 16 сакавіка ў выбарчай акрузе пройдзе другі тур галасавання па двух кандыдатах у дэпутаты, якія атрымалі найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў.
Выбары ў другім туры прызнаюцца сапраўднымі, калі ў галасаванні возьмуць удзел больш за 25 працэнтаў выбаршчыкаў, унесеных у спісы грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах. Абраным лічыцца кандыдат у дэпутаты, які атрымаў большую колькасць галасоў выбаршчыкаў, што бралі ўдзел у галасаванні.
У выпадку, калі адзін з кандыдатаў у дэпутаты, уключаны ў бюлетэнь для балаціравання ў другім туры галасавання, зніме сваю кандыдатуру, другі тур галасавання праводзіцца па адной кандыдатуры. Пры гэтым кандыдат лічыцца абраным, калі ён атрымаў больш за палову галасоў выбаршчыкаў, што бралі ўдзел у галасаванні.
Калі па выбарчай акрузе пры правядзенні першага тура выбараў або другога тура галасавання выбары будуць прызнаныя несапраўднымі або ў першым туры выбараў будуць балаціравацца не больш за два кандыдаты і ніводзін з іх не набярэ неабходнай колькасці галасоў выбаршчыкаў або калі ў другім туры галасавання застанецца для балаціравання адзін кандыдат у дэпутаты, які не набярэ неабходнай колькасці галасоў выбаршчыкаў, а таксама ў выпадку выбыцця ўсіх кандыдатаў у дэпутаты вышэйстаячыя выбарчыя камісіі даручаюць ніжэйстаячым камісіям правесці ў выбарчай акрузе паўторныя выбары.
Паўторныя выбары праводзяцца ў тэрмін, устаноўлены тэрытарыяльнай выбарчай камісіяй. Умовы прызнання выбараў сапраўднымі застаюцца тыя самымі.
ФІНАНСАВАННЕ ВЫБАРАЎ ДЭПУТАТАЎ МЯСЦОВЫХ САВЕТАЎ
Расходы на падрыхтоўку і правядзенне выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў ажыццяўляюцца за кошт дзяржавы ў межах выдзеленых на гэтыя мэты бюджэтных сродкаў. Паводле разлікаў ЦВК, расходы на мясцовыя выбары 2003 года складуць 10 мільярдаў 541 мільён 360 тысяч рублёў.