Напрыклад, у табліцы ёсць цытаты з выступленняў дзейнага прэзідэнта на Усебеларускім народным сходзе, тым больш што яго даклад у першы дзень УНС называўся дакладна гэтак жа сама, як і яго перадвыбарная праграма: "Дзяржава для народа".

Уласна перадвыбарныя праграмы маюць шмат падобных тэзісаў. А напэўна ж выбар у кабінах для галасавання робіцца не толькі на аснове прачытання сухіх перадвыбарных праграм. Ды і па адных толькі іх тэкстах многія выбаршчыкі наўрад ці змаглі б ідэнтыфікаваць кандыдатаў, запомніўшы, што хто прапаноўвае. Дарэчы, некаторыя кандыдаты нават абвінавацілі сваіх сапернікаў у тым, што яны пазычалі ідэі, асабліва наконт сацыяльна-эканамічнага развіцця.

У табліцу мы ўключалі не толькі класічныя перадвыбарныя заявы: будзе так і гэтак, трэба тое і гэтае. Справа ў тым, што апаненты Аляксандра Лукашэнкі частку сваіх перадвыбарных заяў пабудавалі ад адваротнага — гэта значыць, крытыкуючы палітку ўладаў і сітуацыю наогул у той ці іншай сферы, яны такім чынам ускосна паказвалі, што і як зменяць тут у выпадку перамогі на выбарах.