Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2006 года
 
Каментары

"АГЛУШАЛЬНАЯ" ПЕРАМОГА


2006-03-21

Аўтар: Аляксандр КЛАСКОЎСКІ, рэдактар сайта

Папярэднія вынікі выбараў, абнародаваныя Цэнтрвыбаркамам, сапраўды многіх аглушылі. Цэлы каскад рэкордаў!

Так, датэрмінова прагаласавалі 31,3% выбарцаў - амаль траціна электарату (на выбарах-2001 было каля 14%, на рэферэндуме-2004 - каля 17%). Усяго ж бюлетэні ў скрыні апусцілі 93% выбаршчыкаў (супраць 82,55% у 2001 годзе).

Узровень актыўнасці цалкам варты савецкіх часоў. Паказальна, што тэлебачанне ў дні галасавання нагадвала не пра выбарчае права, а пра неабходнасць выканаць грамадзянскі абавязак. Так звычайна кажуць аб вайсковай павіннасці. Дарэчы, памежнікі, напрыклад, у нядзелю "адстраляліся" на сваіх участках ужо да апоўдня. І, як адрапартавала ведамасная прэс-служба, амаль пагалоўна (98,1%) аддалі галасы галоўнакамандуючаму - Аляксандру Лукашэнку.

Дый увогуле працэнт падтрымкі першага беларускага прэзідэнта, які балатаваўся на трэці тэрмін, аказаўся рэкордным. Калі ў 2001 годзе Лукашэнка, паводле звестак ЦВК, набраў 75,62% галасоў выбарцаў, што прыйшлі на ўчасткі, то цяпер - 82,6%.

Афіцыйна абвешчаны электаральны вынік дзейнага прэзідэнта нашмат пераўзышоў паказчыкі яго рэйтынгу не толькі па версіі беларускіх незалежных сацыёлагаў (якім улады заўсёды закідалі ангажаванасць), але і паводле звестак Усерасійскага цэнтра вывучэння грамадскай думкі (ВЦИОМ). Падкрэслім: размова ідзе аб дзяржаўнай структуры дружалюбнай афіцыйнаму Мінску краіны.

Згодна з апытаннем ВЦИОМ, праведзеным у першай палове сакавіка, Лукашэнку гатовы былі аддаць галасы 60% грамадзян, Мілінкевічу - 11%, Казуліну - 5%, Гайдукевічу - 1%. Пры гэтым расійскія сацыёлагі зазначалі, што трэба рабіць папраўку на "пагрэшнасць страху". Яна можа адсоткаў на 10 скажаць карціну на карысць афіцыйнага кіраўніка. Расійскія эксперты з трывогай дадавалі, што з-за боязі многіх рэспандэнтаў адказваць шчыра самы час наогул гаварыць аб выхадзе Беларусі з абсягу сацыялагічных даследаванняў.

У сваю чаргу, Раса Алішаўскене, генеральны дырэктар Балтыйскай службы Гэлапа, заявіла, што пры цяперашняй сітуацыі ў Беларусі немагчыма правесці незалежнае, свабоднае ад ціску ўладаў і дакладнае апытанне выбарцаў, якія прагаласавалі.

Афіцыйныя ж вынікі выбараў закліканы засведчыць, што ў нязменнага прэзідэнта Беларусі няма вартых канкурэнтаў.

Так, галоўнаму апазіцыйнаму кандыдату - Аляксандру Мілінкевічу "дазволілі" толькі крыху выйсці за межы статыстычнай пагрэшнасці - 6%. Сяргей Гайдукевіч атрымаў 3,5%. Нарэшце, Аляксандру Казуліну, які найбольш востра крытыкаваў Лукашэнку па тэлебачанні, дасталося 2,3%.

Дзяржаўныя СМІ адразу ж сталі гаварыць аб палітычным банкруцтве кучкі адшчапенцаў.

Аднак шматтысячны мітынг прыхільнікаў апазіцыі на сталічнай Кастрычніцкай плошчы ўвечары 19 сакавіка паказаў: сцвярджэнні прапаганды аб маналітным адзінстве грамадства (тэзіс, таксама пазычаны з часоў СССР) выглядае, мякка кажучы, нацяжкай. Сёння ж на Кастрычніцкай плошчы вырас гарадок з намётаў: мірны пратэст набывае формы кіеўскага Майдана.

Развязкай грамадзянскага супрацьстаяння было б абвяшчэнне паўторных выбараў, заявіў Мілінкевіч. Яго падтрымаў другі апазіцыйны кандыдат - Аляксандр Казулін. Сёння ўвечары чакаецца новы збор прыхільнікаў апазіцыі на Кастрычніцкай плошчы (зрэшты, ужо аточанай міліцыяй).

Як бачым, сюжэт гэтай кампаніі яшчэ не дапісаны.

Канешне, цяжка западозрыць улады ў жаданні пайсці насустрач патрабаванням апанентаў. Назіральнікі схіляюцца да думкі, што ў рэжыму пакуль што дастаткова сіл, каб утрымаць сітуацыю пад кантролем. Іншае пытанне, наколькі доўга можна ўтрымліваць пару ў наглуха закрытым катле.

Грамадства расколатае - гэта факт, і мінулыя выбары зусім не садзейнічалі яго кансалідацыі. Незалежныя палітолагі гавораць, што паралельна існуюць дзве Беларусі, і паміж імі практычна няма дыялогу. Гэтую калізію немагчыма ўстараніць рэпрэсіямі.

Летась у жніўні, стоячы на хлебным полі, Аляксандр Лукашэнка падзяліўся з журналістамі прагнозам: "Яны яшчэ год пазмагаюцца, прайграюць, і вось убачыце, што і гэтай слабой апазіцыі ў нас не будзе".

Тады незалежныя эксперты загаварылі пра перспектыву "татальнай зачысткі".

Аднак у экстрэмальных умовах мінулай кампаніі апазіцыя паказала сябе не такой ужо і слабой. Мілінкевіч з Казуліным здолелі разварушыць грамадства, пахіснуць міф аб безальтэрнатыўнасці першага прэзідэнта.

Ды і самі апазіцыйныя лідэры, "раскруціўшыся", набылі нешта кшталту нефармальнага імунітэту. На думку шэрагу экспертаў, цяпер прыбраць гэтыя фігуры з палітычнай дошкі для ўладаў не так ужо і проста: ні вялікая доля суграмадзянаў, ні замежжа, мякка кажучы, не зразумеюць.

Таксама рызыкоўна не ўлічваць патрэбы дэмакратычна арыентаванай часткі грамадства. Тым болей што на яе карысць могуць усё мацней працаваць знешнія фактары.

У той жа час няма гарантыі, што пасля "аглушальнай" перамогі ўлада ўтрымаецца ад спакусы наладзіць разбор палётаў.

У любым выпадку наперадзе нас чакаюць драматычныя падзеі, якія не дапасоўваюцца да міфу пра стабільную і маналітную Беларусь.