Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 2006 года
 
Каментары

ПІК СЮЖЭТА

Аўтар: Аляксандр КЛАСКОЎСКІ, рэдактар сайта

Сёння - асноўны дзень галасавання на выбарах прэзідэнта Беларусі.

Наогул жа народ, згодна з законам, галасуе з 14 сакавіка. І - як ніколі актыўна (але не заўсёды добраахвотна, дадаюць апаненты ўлады). Толькі за першыя чатыры дні датэрміновага галасавання бюлетэні ўкінулі ў скрыні 20 працэнтаў выбаршчыкаў. Пахне рэкордам.

Апазіцыйныя кандыдаты Аляксандр Мілінкевіч і Аляксандр Казулін, лічачы датэрміновае галасаванне асабліва зручным для фальсіфікацыі, заклікалі сваіх прыхільнікаў ісці на ўчасткі толькі 19-га. А пасля - на плошчу!

Гіпатэтычны вобраз беларускага Майдана ў апошнія пару тыдняў накаліў пачуцці да немагчымасці.

Улада і апазіцыя малявалі карціну меркаванай вулічнай актыўнасці зусім рознымі фарбамі.

Лідэры апазіцыі гаварылі аб праве грамадзян сустрэць вынікі выбараў на вуліцы і - вельмі асцярожна - аб верагоднасці мірнага пратэсту. Падкрэсліваючы, што не збіраюцца рваць ланцугі АМАПа і штурмаваць урадавыя будынкі. Але пры гэтым з'едліва дадаючы, што ўлада баіцца праўды, баіцца ўласнага народа.

Са свайго боку, спецслужбы і прапаганда ўзмоцнена ўкаранялі ў свядомасць мас вобраз "кучкі адмарозкаў", якія рыхтуюць "крывавы сцэнарый" захопу ўлады.

Ішоў жорсткі абмен піяраўскімі ўдарамі. Праўда, на баку кіраўніцтва была ўся магутнасць афіцыйнай прапаганды і сілавых структур. Штабы Мілінкевіча і Казуліна прыводзілі ўражальную статыстыку рэпрэсій супраць актывістаў. Афіцыйны бок сцвярджаў, што самі кандыдаты і іх каманды кожны раз пераступаюць мяжу фолу.

Незалежныя эксперты схільныя гаварыць аб жаданні кіруючых вярхоў з лішкам застрахавацца ад "аранжавай пагрозы". У тым ліку - праз падрыхтоўку сілавога кулака і псіхалагічную апрацоўку насельніцтва з мэтай мінімізаваць колькасць удзельнікаў вулічных акцый.

Зрэшты, на думку аналітыкаў, лідэры апазіцыі напэўна ацэньваюць свой сённяшні патэнцыял даволі цвяроза. Хутчэй за ўсё, максімумам радыкалізму на плошчы стануць патрабаванні другога тура, паколькі, паводле версіі апанентаў Лукашэнкі, той пры сумленным падліку не здольны набраць больш за палову галасоў.

Напярэдадні памацнелі надзеі, што вечарам 19 сакавіка абыйдзецца без сур'ёзных сутыкненняў маніфестантаў з сіламі правапарадку.

З аднаго боку, узмацніліся ноткі міралюбнасці ў прамовах Мілінкевіча і Казуліна. З іншага боку, міжнародная дэмакратычная супольнасць строга папярэдзіла афіцыйны Мінск наконт наступстваў у выпадку разгону акцыі дэмакратаў.

У кровапраліцці зусім не зацікаўлены і Крэмль, асабліва з улікам старшынства ў "вялікай васьмёрцы".

Няцяжка спрагназаваць, што Цэнтрвыбаркам абвесціць упэўненую перамогу дзейнага кіраўніка дзяржавы.

Таксама лёгка прагназуюцца заявы апазіцыі аб падтасоўках і наогул несправядлівых выбарах.

Сёння ва ўлады, бадай што, дастаткова сілы, каб утрымаць сітуацыю пад кантролем. Шэраг незалежных палітолагаў сцвярджаюць, што ў Беларусі "каляровая рэвалюцыя" ў прынцыпе малаверагодная і што перамены ў краіне пойдуць нейкім іншым шляхам.

Бясспрэчна, гэтыя выбары палітызавалі грамадства значна мацней, чым папярэднія. У выпадку захавання ўлады Лукашэнка апынецца ў досыць складанай сітуацыі. Рызыкавана ігнараваць ці заганяць углыб нездавальненне прыкметнай часткі соцыуму цяперашнім становішчам спраў, і асабліва - рэзкім абмежаваннем дэмакратычных правоў і свабод. Дый замежжа ўзмацняе прэсінг.

Так што спакойнага жыцця ва ўлады не будзе і пасля 19 сакавіка.

Гэтыя выбары, імаверна, стануць толькі прамежкавым этапам у працэсе выбару беларусамі свайго шляху развіцця. Яны не ліквідуюць расколу, антаганізму ў грамадстве. І нейкія тэктанічныя зрухі ў ім магчымы ў сярэднетэрміновай перспектыве.

Зрэшты, жыццё здольнае абвяргаць вывераныя схемы аналітыкаў. І сцвярджаць, што сюжэт гэтых выбараў прадказальны на ўсе сто, было б неабдумана.