ПЕРШЫЯ "ПТУШКІ"
2006-03-14
Аўтар: Аляксандр КЛАСКОЎСКІ, рэдактар сайта
Сёння пачынаецца датэрміновае галасаванне. Такім чынам, мы ўжо ў фазе збору электаральнага ўраджаю. Ставячы "птушкі" ў бюлетэнях, выбаршчыкі па каліву напаўняюць палітычныя засекі канкурэнтаў - чые больш, чые менш.
Зрэшты, апаненты дзейнага кіраўніка (ён жа, на думку шэрагу экспертаў, ёсць бясспрэчным фаварытам гэтай кампаніі) рэфрэнам дэкларуюць сваё нявер'е ў варыянт сумленнага падліку галасоў. У сваю чаргу, кіраўнік дзяржавы адмятае падазрэнні ў намеры фальсіфікаваць выбары простым аргументам: я, маўляў, і так усіх за пояс заткну!
Між тым менавіта датэрміновае галасаванне, расцягнутае па беларускім законе на цэлых пяць дзён, лічаць "чорнай скрыняй" як унутраныя, так і знешнія крытыкі, што змагаюцца за дэмакратызацыю і празрыстасць электаральнага працэсу. На іх думку, датэрміновае галасаванне, якое асабліва цяжка пракантраляваць, стварае спрыяльныя ўмовы для маніпуляцый як самім электаратам, так і яго галасамі.
Ва ўсялякім выпадку, відавочна, што доля тых, хто галасуе датэрмінова, у Беларусі неверагодна вялікая (каля пятай часткі выбаршчыкаў). Апаненты ўлады ківаюць на тое, што многія катэгорыі грамадзян - студэнты, вайскоўцы ды іншы асабліва залежны люд - нярэдка ў загадным парадку загадзя накіроўваюцца на ўчасткі.
Не выпадкова апазіцыйныя кандыдаты заклікалі суграмадзян галасаваць толькі 19-га.
Але гэтым яны не абмежаваліся. Спачатку Аляксандр Мілінкевіч, а цяпер ужо і Аляксандр Казулін, якому прыкметна дадало рэвалюцыйнасці збіванне 2 сакавіка, заклікаюць людзей сустрэць абвяшчэнне афіцыйных вынікаў галасавання на плошчы.
Маецца на ўвазе, што ў выпадку фальсіфікацый прыхільнікам перамен трэба дружна выказацца ў абарону свайго выбару.
Улада, са свайго боку, трактуе гэтыя заклікі як намер насуперак рэальнаму раскладу сіл распаліць пажар "каляровай рэвалюцыі".
Вось-вось дойдзе да пункта кіпення градус асуджэння апазіцыянераў у дзяржаўных СМІ. Яны ў гэтыя дні гуляюць, па сутнасці, у адны вароты, паколькі кандыдаты выбралі эфірныя квоты. У апазіцыйных каманд застаюцца ў арсенале публічныя сустрэчы кандыдатаў і праца "ад дзвярэй да дзвярэй". Нягледзячы на жорсткія паводзіны сілавых структур, на сустрэчы з Мілінкевічам і Казуліным прыходзіць даволі шмат людзей.
Кандыдаты-апазіцыянеры запэўніваюць, што краіна прачнулася і хоча перамен. Дзейны кіраўнік лічыць патугі сапернікаў смешнымі і дэкларуе непахісную стабільнасць.
Пра сапраўдныя настроі меркаваць цяжка з-за шэрагу прычын. У тым ліку і таму, што заглушаны такія каналы зваротнай сувязі, як незалежная сацыялогія ды недзяржаўная прэса.
Так ці інакш, гэтыя выбары выявяць многае. З іх рэальнымі вынікамі (шыла ў мяшку не схаваеш!) будуць вымушаны лічыцца ўсе. І ўлада, і яе палітычныя апаненты, і замежжа. Прычым як Захад, што сімпатызуе апазіцыі, так і Крэмль, які працягвае пакуль што падтрымліваць Лукашэнку.